Арлен Кашкурэвіч нарадзіўся 15 верасня 1929 года ў Мінску. Дзяцінства і юнацтва будучага мастака прыпала на няпростыя гады сталінскага рэжыму і вайны, якая неўзабаве пачалася. Яго сям'я мела шляхецкія карані, якія старанна хавала, тым больш што маці і айчым працавалі ў дзяржаўных органах. З дзяцінства хлопчык захапляўся еўрапейскай літаратурай і гісторыяй, любіў раманы Дзюма і Жуля Верна, і гэта ў далейшым наклала глыбокі адбітак на ўсю яго творчасць.
Пакуль ва ўяўленні іншых мастакоў сярэдзіны ХХ стагоддзя вобраз тыповага беларуса схіляўся да працоўна-сялянскага выяўлення, у сваёй графіцы Кашкурэвіч звяртаўся да старажытнай гісторыі з яе рыцарамі і слаўнымі баямі. Вабілі мастака і біблейскія тэмы – шмат афортаў ён зрабіў паводле "Евангелля" і "Апакаліпсісу".
Вельмі блізкім для Кашкурэвіча быў рамантызм, але самымі моцнымі творамі мастака сусветная супольнасць прызнае ілюстрацыі да твораў Васіля Быкава, Алеся Адамовіча – вельмі цяжкіх і праўдзівых у сваёй змрочнасці.
Новым словам у графіке былі ілюстрацыі да рамана Гётэ "Фаўст": упершыню мастак пераклаў выявы персанажаў на мову сучаснасці і патлумачыў гэта тым, што добрыя літаратурныя творы існуюць па-за часам.
Працаваў Кашкурэвіч і ў жанры экслібрысу, а шматлікія яго паштоўкі зараз захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі.
На працягу дзесяцігоддзя Арлен Кашкурэвіч выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце і на працягу ўсяго жыцця ўдзельнічаў у выставах.
Пайшоў з жыцця выбітны беларускі графік, калі яму было 83 гады, і пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Чытайце таксама:
- Бурштынавае святло карцін Гаўрыіла Вашчанкі: біяграфія мастака
- Міхаіл Басалыга: мастак, які ажывіў старонкі кніг
- "Суровы рэалізм" Мая Данцыга і яго вайна
- Вешчыя сны і космас: пяць цікавых фактаў пра Язэпа Драздовіча
- Барыс Аракчэеў: спявак беларускай прыроды