МІНСК, 24 вер - Sputnik. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін раней ужо віншаваў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку з перамогай на выбарах, таму асобнага віншавання з інаўгурацыяй не было, пра гэта заявіў прэс-сакратар кіраўніка РФ Дзмітрый Пяскоў.
"Віншаванне ўжо было", - цытуе яго РІА "Новости".
Пяскоў нагадаў, што Пуцін віншаваў свайго беларускага калегу з перамогай на выбарах спачатку па тэлефоне, а потым ужо асабіста падчас нядаўняга рабочага візіту Лукашэнкі ў Сочы.
Акрамя таго, 10 жніўня Уладзімир Пуцін накіраваў Аляксандру Лукашэнку віншавальную тэлеграму ў сувязі з яго перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. У той жа дзень прэм'ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін у тэлефоннай размове з кіраўніком урада Беларусі Раманам Галоўчанкам перадаў віншаванні прэзідэнту рэспублікі.
Нагадаем, 23 верасня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўступіў на пасаду прэзідэнта, цырымонія інаўгурацыі прайшла ў Палацы Незалежнасці. Высокія госці былі запрошаны ў рэзідэнцыю беларускага прэзідэнта ў апошні момант. На цырымоніі прысутнічалі дэпутаты парламента, чыноўнікі, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных СМІ і грамадскасці.