МІНСК, 1 кас - Sputnik. У Беларусі пачынаецца першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання 2020/2021, паведамілі Sputnik у Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў.
Зарэгістравацца на яго можна ўжо з 1 кастрычніка, прайсці - з 23 кастрычніка да сярэдзіны снежня. У гэтым годзе, як удакладнілі ў РІКВ, праверыць свае веды можна ў пунктах тэсціравання (іх 15 па Беларусі) і ў рэжыме анлайн на сайце ўстановы. Запісацца на тэсціраванне можна праз асабісты кабінет на сайце інстытута. Там жа змешчана інфармацыя па датах пробнага іспыту і пунктах правядзення.
Упершыню ідэю правесці РТ ў дыстанцыйным фармаце агучылі ў маі 2020-га. З-за пандэміі каронавіруса трэці этап тэсціравання ў мінулым навучальным годзе спачатку пераносілі на пазнейшыя тэрміны, а затым і зусім вырашылі правесці ў анлайн-рэжыме.
У новым навучальным годзе РТ таксама пройдзе ў тры этапы: першы - з кастрычніка па снежань; другі - са студзеня па люты; трэці - з сакавіка па красавік.