Нядаўна стала вядома, што ў кастрычніку на пасяджэнні Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета было прынята рашэнне аб прысваенні шлему, знойдзенаму ў Бабруйску, статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Адразу пасля таго, як у красавіку ў ходзе работ па паглыбленні дна ракі ў затоцы правага берага Бярэзіны, быў знойдзены сярэднявечны шлем, да вывучэння знаходкі падключыўся дэпутат і па шчаслівым збегу абставінаў археолаг Ігар Марзалюк.
Дзякуючы яго намаганням шлем быў перададзены кваліфікаваным спецыялістам на рэстаўрацыю ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гісторыкі прыйшлі да высновы, што дадзены артэфакт з'яўляецца нічым іншым, як помнікам зброевага мастацтва Х-ХІ стагоддзяў.
Ігар Марзалюк выказаў здагадку, што гэты статусны прадмет належаў Ізяславу, сыну полацкай князёўны Рагнеды і кіеўскага князя Уладзіміра.
Шлем, пячатка і экспедыцыя
"Менавіта такія шлемы называлі залатымі. Такія шлемы належалі, як правіла, менавіта тым, хто кіраваў дружынай, як правіла, першым у бой ішоў князь.
Усё гэта дазваляе казаць, што гэта ўнікальная рэч, якая, безумоўна, належала чалавеку з высокім сацыяльным статусам", - тлумачыў Ігар Марзалюк.
Па версіі беларускіх гісторыкаў, шлем, знойдзены ў Бабруйску, быў зроблены ў Скандынавіі, а затым ужо прывезены ў Беларусь па старажытным гандлёвым шляху "з варагаў у грэкі".
Родапачынальнік дынастыі полацкіх князёў Ізяслаў памёр прыблізна на пачатку XI стагоддзя, але інфармацыі пра месца яго пахавання няма. Адзінай вядомай археалагічнай знаходкай, якая пэўна звязана з яго імем, з'яўляецца пячатка з надпісам князь Ізяслаў і горад Полацак. У 1954 годзе яна была знойдзена на раскопках у Ноўгарадзе. Цікава, што на пячатцы таксама намаляваны трызубец - радавы знак Рурыкавічаў.
Князь Ізяслаў вядомы не толькі як палітык, які здолеў аднавіць разбураны яго бацькам Полацк, але і як дзед Усяслава Чарадзея. Пры кіраванні апошняга ў горадзе быў узведзены Сафійскі сабор як сімвал магутнасці княства.
Погляд з Кіева на бабруйскі шлем
У сваю чаргу кандыдат гістарычных навук, выкладчык кафедры гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Кіеўскага нацыянальнага універсітэта Арцём Папакін распавёў, што знаходка сапраўды унікальная для Беларусі, але ні пра якую сенсацыі не можа ісці і гаворкі.
"Вось так ствараюцца міфы. Цудоўнай захаванасці шлем тыпу "Чорная Магіла" (курган пад Чарнігавам, які, на думку даследчыкаў, з'яўляецца помнікам эпохі вікінгаў - Sputnik), знойдзены ў Бярэзіне каля Бабруйска - адзіная знаходка такога тыпу на тэрыторыі Беларусі - "спрытным рухам рукі" ператварылася ў шлем Ізяслава Уладзіміравіча і адначасова ў сімвал беларускай дзяржаўнасці. Разам з тым агучылі няправільную колькасць шлемаў гэтага тыпу (ужо вядома больш за 40 цэлых і фрагментаў), недарэчна параўналі з "шапкай Манамаха" і прыпісалі аўтарства выраба скандынавам", - лічыць украінскі гісторык.
Паводле яго слоў, "ні пра якую прывязку да гістарычных асобаў гаворкі быць не можа. Гэтыя шлемы разам з арабскім срэбрам і іншымі рэчамі ўсходняга паходжання распаўсюджваліся ў Х стагоддзі ў многіх рэгіёнах ваенна-гандлёвай актыўнасці ўсходніх вікінгаў: у Ноўгарадзе, Сярэднім Падняпроўі, Прусіі і Вялікай Польшчы".
Спецыяліст па гісторыі зброі упэўнены, што бабруйскі шлем варта разглядаць у кантэксце такіх знаходак, як Брылеўскі скарб (знойдзены ў Барысаўскім раёне і адносіцца да IX стагоддзя і эпохі вікінгаў - Sputnik), месца яго знаходкі паказвае не на цэнтр княжацкай улады, а на гандлёвы і ваенны шлях па Дняпры да Балтыкі.
Рэха ўнікальнай знаходкі
У маі бягучага года непадалёк ад таго месца, дзе быў знойдзены адзіны ў Беларусі шлем тыпу "Чорная магіла", атрымалася знайсці меч эпохі высокага Сярэднявечча.
"Гэты меч датуецца XI-XIII стагоддзямі і адносіцца да поствікінгскай эпохі. На дзяржальні захаваліся сляды серабрэння. Стан для археалагічнага артэфакта ў яго добры", - распавёў гісторык Мікалай Сілкоў.
У цэлым меч захаваўся амаль цалкам і толькі часткова згублена лязо. Гэта дазваляе яго датаваць і аднесці да пэўнага тыпу.
Пры гэтым ён удакладніў, што цяпер меч пры захаванасці каля 80% адсоткаў важыць прыблізна 1,2 кілаграма і мае даўжыню ў 70 сантыметраў. На жаль, нельга вызначыць дакладна, дзе быў выраблены меч.
"Меч трэба чысціць і рэстаўраваць, тады можна будзе вызначыць ўсё больш дакладна. Пакуль можна казаць толькі пра тое, што ён належаў або князю ці дружынніку. Простыя воіны ў гэты час былі ўзброены дзідай і сякерай", - падкрэсліў гісторык.
Знойдзеныя ў Бабруйску шлем і меч, могуць быць паміж сабой звязаныя, таму што маглі існаваць у адзін час. Абедзве знаходкі вельмі статутныя, але сур'ёзных доказаў гэтаму пакуль няма.