МІНСК, 20 сту – Sputnik. Да 2025 года ВУП Беларусі павінен скласці 21,5%, заявіў кіраўнік Мінэканомікі краіны Аляксандр Чарвякоў.
"Мы плануем, што рост ВУП за пяцігоддзе складзе 21,5%. Рэальныя наяўныя даходы насельніцтва павялічацца на 20%, інвестыцыі - на 22%", - цытуе міністра БелТА.
Чарвякоў агучыў таксама лічбы, на якія плануе выйсці краіна па экспарце тавараў і паслуг ў 2025 годзе: больш за 50 мільярдаў рублёў (19,5 млрд долараў).
Галоўная мэта беларускіх уладаў - рост дабрабыту насельніцтва, падкрэсліў кіраўнік Мінэканомікі.
"Асноўная ўвага будзе нададзена даходам насельніцтва, цэнам, занятасці, даступнасці жылля, а таксама высокатэхналагічным паслугам у ахове здароўя і адукацыі", - растлумачыў ён.
А што з заробкам?
"Што тычыцца аплаты працы, то задача - забяспечыць яе рост за кошт прадукцыйнасці працы. Пры гэтым акцэнт будзе адрасна на тых арганізацыях дзяржсектара, а можа, і прыватнага, дзе сапраўды сур'ёзны разрыў у заработнай плаце з сярэднім значэннем 2020 года", - заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.
Плануюць павышаць зарплаты не толькі медыкам і настаўнікам, але і прафесарска-выкладчыцкаму складу, работнікам культурных, спартыўных устаноў, а таксама сацработнікам, падкрэсліла Касцевіч.
Па словах міністра, аплата іх працы павінна скласці да 2025 года не менш за 80% ад сярэдняй па Беларусі.
За эканамічныя праступкі - эканамічнае пакаранне
Перагляд падстаў для прыцягнення бізнесу да адказнасці прапануецца ажыццявіць у Беларусі.
"Прапануецца перагледзець падставы для прыцягнення эканамічных агентаў да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні ў эканамічнай сферы. За эканамічныя праступкі - толькі эканамічнае пакаранне", - паведаміў Чарвякоў.
У ліку іншых ініцыятыў - непавелічэнне падаткаў на тэрмін да пяці гадоў у рамках інвестдагавораў, гарантыя інвестарам выкупу часткі прадукцыі на новых вытворчасцях з боку дзяржавы, а таксама пашырэнне памеру інвестыцыйных вылікаў, якія можна аднесці на затраты.
У аўторак, 19 студзеня ў Беларусі прайшла прэс-прэзентацыя асноўных напрамкаў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады, у іх ліку - шчаслівая сям'я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна, дзяржава-партнёр.
Праграма яшчэ не зацверджана ўладамі, плануецца, што гэта будзе зроблена пасля Усебеларускага народнага сходу, распавёў Чарвякоў.
Чытайце таксама:
- Лукашэнка занепакоіўся цэнавай стабільнасцю
- Не ўтрымалі: гадавая інфляцыя ў Беларусі - 7,4%
- Галоўчанка распавёў аб ВУП і росце інфляцыі па выніках года