МІНСК, 21 сту – Sputnik. Савет Міністраў зацвердзіў сваёй пастановай Дзяржаўную праграму "Масавая інфармацыя і кнігавыданне" на 2021-2025 гады, гаворыцца ў дакуменце на Нацыянальным прававым партале.
На думку беларускіх уладаў, друкаваныя СМІ з'яўляюцца значным сегментам інфармацыйнага поля краіны. Праўда, пры гэтым робіцца агаворка, што "недзяржаўныя СМІ па агульнай колькасці значна перавышаюць дзяржаўныя".
Аўтарытэт і ўзровень даверу
У дакуменце канстатуецца, што "у сферы друкаваных СМІ дамінуе агульнасусветная тэндэнцыя падзення тыражоў". Рашэнне для гэтай праблемы чыноўнікі бачаць у актыўнай працы ў інтэрнэце.
"Прычым не толькі пры дапамозе развіцця ўласных вэб-рэсурсаў (парталаў, сайтаў), але і на пляцоўках сацыяльных медыя (сацсетак) і месенджэраў, дзе сёння сканцэнтраваны рэкламныя сродкі і засяроджана вялікая аўдыторыя, уключаючы моладзь", - напісана ў пастанове.
Пры гэтым аўтары тэксту дакумента прыйшлі да высновы, што "дзяржаўныя СМІ за апошнія гады сталі прыкметнай часткай беларускага сегмента сеткі інтэрнэт".
Тым не менш, "дзяржаўным СМІ неабходна дамагчыся прыросту аўдыторыі, у тым ліку за кошт асваення лічбавых медыаплатформ, умацаваць пазіцыі айчыннай журналістыкі, павысіць свой аўтарытэт і ўзровень даверу насельніцтва да іх".
Галоўны суб'ект
Беларускія ўлады заўважылі, што ў спажыванні медыйнага кантэнту адбываюцца змены, і айчынная інфармацыйная прастора не стала выключэннем. Дзяржава заклапацілася забеспячэннем інфармацыйнай бяспекі, таму што аўдыторыя традыцыйных СМІ перацякае на лічбавыя платформы.
"Менавіта дзяржаўныя СМІ павінны выступіць у якасці галоўнага суб'екта інфармацыйнага процідзеяння дэструктыўнаму ўплыву ў новых інфармацыйных асяроддзях. Адным з рашэнняў дадзенай праблемы становіцца з'яўленне новых дзяржаўных сеткавых выданняў, а таксама стварэнне дадатковых каналаў распаўсюджвання інфармацыі традыцыйнымі СМІ", - бачаць вырашэнне праблемы ўлады.
Пры гэтым у пастанове гаворыцца, што на рэалізацыю "дзяржаўнай праграмы, спатрэбяцца сродкі ў памеры 1 217 998 296 рублёў".
Чыноўнікі прапануюць ацэньваць эфектыўнасць рэалізацыі ўласнай праграмы ў чатыры этапы. На першым этапе ацэньваецца эфектыўнасць рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы па формуле Эм=См/СФ.
Формула тлумачыцца наступным чынам:
- Эм - эфектыўнасць рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы ў справаздачным перыядзе,
- См - ацэнка выканання мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы,
- Сф - ступень адпаведнасці фактычнага аб'ёму фінансавання Дзяржаўнай праграмы планаваму аб'ёму фінансавання.
Для кожнага наступнага этапу выканання праграмы распрацавана свая спецыяльная формула ацэнкі. Усё гэта, на думку распрацоўшчыкаў праграмы, дасць магчымасць павысіць ступень даверу да дзяржаўных СМІ з 40% да 43%. А таксама павысіць долю айчыннага тэлевізійнага кантэнту з 30% да 34%.
Самаакупнасць дзяржаўных СМІ за час рэалізацыі праграмы павінна павысіцца з 70% да 77%, а рэнтабельнасць з 5% да 6%.
Чытайце таксама:
- Беларускі і каронавірус: Оксфард не змог выбраць слова 2020 года
- Энцыклапедыя Караткевіча і кніга пра Мінск - што выдавалі ў 2020 годзе
- Дзень нараджэння Караткевіча: 6 кніг, якія павінен прачытаць кожны