Адным з кансультантаў серыяла выступае музыкант, заслужаны артыст БССР, сузаснавальнік вакальна-інструментальнага ансамбля "Песняры", а затым ВІА "Беларускія песняры" Уладзіслаў Місевіч. Аб серыяле і, зразумела, аб ансамблі з ім пагаварыў карэспандэнт Sputnik Уладзімір Несцяровіч.
Спачатку былі проста размовы
Усё пачалося з доўгіх размоваў, якія, здавалася, нічым не скончыліся.
"Гадоў шэсць таму наш саліст Валера Дайнеко пазнаёміў мяне з кінапрадзюсерам Віктарам Лабковічам. Пасядзелі, пагаварылі. Потым яшчэ і яшчэ раз. Проста гадзіны напралёт Віктар распытваў і распытваў мяне, запісваў на дыктафон. Я думаў, артыкул з'явіцца або нарыс, а тут - цішыня. Потым Віця сказаў, што думка ў яго глыбока засела: фільм зняць. Галоўным героем, вядома ж, будзе Уладзімір Мулявін. Пазнаёміў са сцэнарыстамі, яшчэ раз перагаварылі. Пасля гэтага прадзюсер знік з поля зроку прыкладна на год", - успамінае Місевіч.
Прызнаецца, што да ідэі зняць ігравое кіно пра "Песняроў" спачатку паставіўся вельмі і вельмі скептычна.
"У нас ужо быў вопыт удзелу ў фільмах "Ясь і Яніна", "Гэтая вясёлая планета", "Дыск", але хто цяпер успомніць гэтыя карціны? Ды і мы ніякія не артысты: проста на хвалі папулярнасці паспрабавалі сябе і ў гэтым жанры. гэта было на тры з мінусам або на два з плюсам", - смяецца музыкант.
Музыкант у ролі пісьменніка
Пакуль узнікла паўза з кіно, Місевіч загарэўся ідэяй кнігу напісаць: "Таксама не сам прыдумаў: сябры ўгаварылі. Як водзіцца, за размовамі ў лазні. Я ім адну гісторыю распавёў, другую, трэцюю - вось яны і падбілі".
Галоўнымі натхняльнікамі Місевіч называе расійскага бізнесмена і музыканта Юрыя Кунца, а таксама бас-гітарыста групы Аляксандра Кацікава, сааўтарам - журналіста Сяргея Трэфілава. Місевіч кажа, што ў адзіночку з праектам не справіўся б.
У 2018 годзе ў Екацярынбургу выдалі яго 500-старонкавую кнігу "Песняры": Я роман с продолженьем пишу..."
"Гэта далёка не адзінае выданне пра "Песняроў". На мой погляд, вельмі цікавымі і глыбока асабістымі атрымаліся ўспаміны старэйшай дачкі Валодзі Мулявіна - Марыны. Менавіта яе, а таксама мяне стваральнікі мастацкага фільма запрасілі ў якасці экспертаў, а я Сярожу Трэфілава яшчэ прапанаваў", - распавядае Уладзіслаў Людвігавіч.
Сцэнарый перапісвалі шматразова. Па словах музыканта, канчатковы варыянт ён яшчэ не бачыў.
"Вельмі цікава, у якое мора гэты карабель у рэшце рэшт выплыве, але тое, што ўжо зроблена, вельмі натхняе", - кажа суразмоўца.
Паводле яго слоў, у рамках работы над серыялам ўжо знялі эпізоды пра дзяцінства і юнацтва Мулявіна.
"Я бачу, што маладыя людзі, якія ўзяліся за гэты няпросты праект, ўніклі глыбока. Яны адчуваюць час, людзей, адносіны. Ёсць сцэны, якія праймаюць літаральна да мурашак і слёз. Гэта ж пра пасляваеннае дзяцінства на Урале Валодзі, яго старэйшага брата Валеры, іх сяброў. Тады не да смеху было. Хлапчукі, якія сыгралі Мулявіна ў дзяцінстве і юнацтве, - проста вялікія малайцы", - дзеліцца Місевіч.
Аб рэжысуры серыяла
Ставіць серыял 45-гадовы Кірыл Папакуль. Яго напэўна памятаюць прыхільнікі каманды БДУ, двойчы перамагаў у Вышэйшай лізе КВЗ. Затым Папакуль з'ехаў у Маскву, скончыў Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў. Навучанне праходзіў у майстэрні Алы Сурыкавай і Валерыя Фокіна.
Як рэжысёр, сцэнарыст і акцёр працаваў у серыялах і поўнаметражных фільмах: "Очень русский детектив", "Даешь молодежь!", "Человек с бульвара КапуциноК", "Новогодний переполох", "Туристы", "Двое у елки, не считая собаки", "Фирменная история", "Мы из джаза 2", "Папины дочки. Суперневесты", "Однажды в милиции". Працуе пастаноўшчыкам вядомага тэлепраекта "Квартирник у Маргулиса".
Распавядае Уладзіслаў Місевіч: "Я размаўляў з маладымі хлопцамі і дзяўчатамі, якія здымаюць серыял. Яны мне вельмі спадабаліся. Не пустыя, не павярхоўныя, вельмі грунтоўныя. Да матэрыялу падыходзяць трапятліва, з душой. Гатовы і надалей прымаць іх творчыя ідэі".
Музыкант кажа, што адзін дзень, з раніцы да позняга вечара, правёў на здымачнай пляцоўцы ў Барысаве. Уразіла выразная арганізацыя ўсяго працэсу.
"Мне падалося, што яны перад гэтым год рэпетавалі. На самой пляцоўцы людзей было шмат, але ніякай мітусні: кожны ведаў, што і як рабіць у любую хвіліну. Старэйшы прадзюсер фільма Надзея Гусельнікава жыве і працуе ў Лос-Анджэлесе, ведае ўсё дасканала. мы бачылі, як здымалася кіно ў савецкія часы. Па праўдзе, тады было больш блытаніны і разгільдзяйства. Цяпер іншыя хуткасці, тэхналогіі, працэс куды больш арганізаваны і зладжаны", - кажа Місевіч.
З-за пандэміі здымкі злёгку прытармазіліся, але вось-вось адновяцца.
Хто сыграе ролю Уладзіміра Мулявіна
Па звестках Уладзіслава Людвігавіча, у карціне будзе гісторыя толькі першага складу "Песняроў". Самага Місевіча згуляе Вадзім Галыгін.
"Я не баюся, што ва ўяўленні некаторых Галыгін - камедыянт. Мы з ім неаднаразова размаўлялі на зусім розныя тэмы, бываў у яго дома, разам неяк на каток схадзілі. На самай справе гэта - вельмі сур'ёзны, глыбокі і ўсебакова развіты чалавек. упэўнены, ён справіцца і гэтай з роляй", - кажа музыкант.
Бачыў ён таксама акцёраў, якія сыграюць Валерыя Яшкіна, Аляксандра Дзямешка, Леаніда Тышко: "Як мне здаецца, трапленне стоадсоткавае".
Будуць у фільме таксама вобразы першага сакратара ЦК кампартыі БССР Пятра Машэрава, кампазітара Ігара Лучанка.
Хто сыграе галоўнага "песняра", Місевіч не расказаў: "Ведаю, што разглядалася некалькі кандыдатур, але каго зацвердзілі, пакуль не ў курсе. Не крыўдуйце, але ведаў бы, не сказаў: такі ўгавор".
Беларуска-расійскі серыял
Бюджэт серыяла - каля двух мільёнаў долараў. Прыкладна 40% паступяць з бюджэту Беларусі. Астатняе - сродкі расійскай кампаніі Yellow, Black and White. Дарэчы, прадзюсер гэтай кампаніі Аляксей Трацюк таксама гуляў у камандзе КВЗ БДУ. Працаваў над серыяламі і фільмамі "Кухня", "Папины дочки", "6 кадров", "Текст", "Холоп", "Завод", "Лучше, чем люди", "Шерлок в России" і многімі іншымі.
Тэндэр Міністэрства культуры Беларусі на вытворчасць серыяла "За полчаса до весны" выйграла Першая кінавідэакампаніі, прадзюсер - той самы Віктар Лабковіч, які першапачаткова загарэўся ідэяй стварыць фільм пра Мулявіна і "Песняроў". Прыкладна 80% матэрыялу плануюць здымаць у Беларусі.
Уладзімір Мулявін як феномен
Уладзіслаў Місевіч сцвярджае, што ад мінуўшчыны скептыцызму ў дачыненні да ігравога музычнага кіно ў яго цяпер і следу не засталося.
"Ёсць надзея, якая мяжуе з упэўненасцю, што фільм атрымаецца добры. Вельмі цікава, якімі вачыма маладыя людзі ўбачаць гісторыю ансамбля і яго кіраўніка", - кажа Уладзіслаў Людвігавіч.
На яго думку, Уладзімір Мулявін - гэта не проста стваральнік "Песняроў", чалавек, які прыехаў у Беларусь са Свярдлоўска, закахаўся ў гэтую зямлю, у людзей, мову, культуру, народныя песні і традыцыі. Ён быў выдатным вакалістам, гітарыстам, кампазітарам, аранжыроўшчыкам, які ўвесь час эксперыментаваў. Ён адкрыў свету паэзію Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, ды і Беларусь усяму свету адкрыў. Мулявін - гэта з'ява, талент, які цяжка разгадаць.
Місевіч лічыць, што задача перад стваральнікамі серыяла стаіць няпростая, але тым цікавей назіраць за творчым працэсам і даведвацца, што атрымаецца ў фінале:
"Мулявін - фігура ў айчыннай, ды і сусветнай культуры грандыёзная, таленту непаўторнага, унікальнага. Але ён быў яшчэ і проста чалавекам, які ўлюбляўся, раставаўся, перажываў асабістыя драмы. Ці магчыма ўсё гэта перадаць мовай кінематографа? Паглядзім разам...".
Па графіку здымкі фільма павінны завяршыцца летам.