МІНСК, 5 сак – Sputnik. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка прадставіў новага старшыню праўлення Банка развіцця Беларусі Аляксандра Ягорава, перадае карэспандэнт Sputnik.
"Наглядальны савет банка прыняў рашэнне аб прызначэнні Аляксандра Ягорава на пасаду старшыні праўлення", - сказаў Галоўчанка, прадстаўляючы новага кіраўніка калектыву. Ён адзначыў, што прызначэнне ўзгоднена ва ўстаноўленым парадку з кіраўніком дзяржавы.
Актывы банка растуць
Па словах прэм'ера, наглядальны савет банка прыняў рашэнне аб прызначэнні Аляксандра Ягорава на пасаду старшыні праўлення з 9 сакавіка 2021 года.
Пры гэтым прэм'ер-міністр высока ацаніў працу Андрэя Жышкевіча на пасадзе кіраўніка Банка развіцця, пад чыім прафесійным кіраўніцтвам ўстанова дэманстравала высокія вынікі працы.
"Актывы банка выраслі ў паўтара разы, перавысілі да пачатку бягучага года 12 мільярдаў рублёў", - распавёў беларускі прэм'ер.
Новыя задачы і выклікі
Галоўчанка нагадаў, што перад урадам стаяць планы па фарсіраванаму развіццю эканомікі. Разгортваецца новы інвестыцыйны цыкл і таму перад банкам ставяцца амбіцыйныя задачы. Зараз ад новага кіраўніка ва ўрадзе чакаюць умацавання ролі банка ў далейшым эканамічным развіцці краіны.
"Банк развіцця павінен трансфармавацца ў сучасны фінансавы інструмент, які адпавядае новым задачам і выклікам", - звярнуў увагу кіраўнік урада.
Паводле яго слоў, асаблівая роля адводзіцца нарошчванню аб'ёмаў фінансавання важных для рэспублікі інвестыцыйных праектаў і праграм. З чым звязаны і пошук знешніх запазычанняў на камфортных умовах.
Прэм'ер назваў Банк развіцця асноўным інвестыцыйным інструментам урада, або investment arm (інвестыцыйная рука - Sputnik), як кажуць на Захадзе.
Новаму старшыні праўлення усяго 35 гадоў, і гэта самы малады кіраўнік банка ў Беларусі. Аляксандр Ягораў атрымліваў адукацыю ў БДУ і Каледжы Уільямса. Апошнім месцам яго працы значыцца пасада намесніка старшыні праўлення ААТ "АСБ Беларусбанк".
Папярэдні кіраўнік банка Андрэй Жышкевіч узначаліў фінансавы інстытут у снежні 2018 года, пасля таго, як шмат гадоў кіраваў ЗАТ "Мінскі транзітны банк".