МІНСК, 22 сак – Sputnik. Рыгор Рапота стане сенатарам у Савеце Федэрацыі ад выканаўчай улады Курскай вобласці.
На новую пасаду экс-дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы прызначыў губернатар гэтага расійскага рэгіёна Раман Старавойт.
"Падпісаў пастанову аб надзяленні паўнамоцтвамі прадстаўніка ад выканаўчага органа дзяржаўнай улады Курскай вобласці ў Савеце Федэрацыі Рапоту Рыгора Аляксеевіча", - сказаў губернатар Курскай вобласці на нарадзе ў адміністрацыі рэгіёна.
Ён назваў Рапоту "палітычным цяжкавагавіком", "паважаным ва ўсіх органах улады чалавекам".
Старавойт таксама нагадаў, што пасада сенатара ад вобласці была вакантнай ад пачатку снежня мінулага года.
Папярэднік Рапоты ў Савеце Федэрацыі Аляксандр Міхайлаў раней быў губернатарам Курскай вобласці, а ў верхнюю палату парламента перайшоў у 2018 годзе, ён памёр на 70-м годзе жыцця ў снежні 2020 года.
Дзесяць гадоў працаваў Дзяржсакратаром СД
Рыгор Рапота сышоў у адстаўку на мінулым тыдні, хоць пра планы пакінуць пасаду дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы ён паведамляў прэсе яшчэ ў лютым.
Рыгор Рапота - генерал-лейтэнант, яму 77 гадоў. Нарадзіўся ў Маскве, працаваў у савецкія гады ў КДБ, а пасля займаў розныя пасады ў Службе знешняй разведкі.
З 1999 па 2011 гады працаваў у расійскім урадзе. З 2001 па 2007 гады быў генеральным сакратаром Еўразійскай эканамічнай супольнасці. У 2008 годзе стаў паўпрадам прэзідэнта Расіі ў Паўднёвай Федэральнай акрузе.
У 2011 годзе Рапота быў прызначаны дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. На гэтай пасадзе ён прабыў дзесяць гадоў.
Пасаду дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы цяпер займае Дзмітрый Мезенцаў, раней ён быў паслом Расіі ў Беларусі.
Чытайце таксама:
- Лукашэнка ўзнагародзіў Рапоту ордэнам
- Рыгор Рапота: "звышдзяржава" з Саюзнай дзяржавы - гэта фантазіі
- Лукашэнка прызначыў Мезенцава на пасаду дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы