ВУП Беларусі за 2021 год павялічыцца ўсяго на 0,1%, такі прагноз далі эканамісты ЕАБР. Пры гэтым аднаўленчы рост эканомік краін ЕАЭС чакаецца на ўзроўні 3,3% нават ва ўмовах рызыкоўнага сцэнарыя, падкрэсліваюць эксперты. Чаму ў Беларусі такі слабы рост?
Старэйшы аналітык Цэнтра краінавага аналізу ЕАБР Анатоль Харытончык падкрэслівае: эканамічная актыўнасць у Беларусі ў бягучым годзе застанецца на ўзроўні ніжэй дакрызіснага на фоне нізкай інвестыцыйнай актыўнасці і слабага спажывецкага попыту. Чакаецца запаволенне росту даходаў насельніцтва і ўзмацненне жорсткасці ўмоў крэдытавання.
"Эканамічную актыўнасць працягнуць абмяжоўваць высокая нявызначанасць, скарачэнне крэдытавання прыватнага сектара, складаная эпідэміялагічная сітуацыя ўнутры краіны і за мяжой", - адзначыў Харытончык падчас анлайн-прэзентацыі даклада Еўразійскага банка развіцця.
Паводле яго слоў, падтрымку эканоміцы Беларусі сёлета акажа аднаўленне дзелавой актыўнасці ў краінах - гандлёвых партнёрах, а таксама паступовае паслабленне санітарных абмежаванняў па меры нармалізацыі эпідэміялагічнага становішча.
У 2022-2023 гадах ЕАБР прагназуе большы рост ВУП Беларусі - у сярэднім на 1,1% у год.
Інфляцыя - спачатку рост, затым запаволенне
Эксперт нагадаў, што інфляцыя ў Беларусі ў пачатку 2021-га працягнула паскарацца і дасягнула па выніках лютага 8,7%.
"Захоўваюцца высокія тэмпы росту кошту харчавання з-за росту сусветных цэн і нізкага ўраджаю агародніны ў Беларусі", - растлумачыў ён.
Анатоль Харытончык падкрэсліў, што інфляцыя ў харчовым сегменце, верагодна, застанецца павышанай да пачатку збору новага ўраджаю. На паскарэнне росту спажывецкіх цэн, паводле яго слоў, моцна паўплывала падаражэнне медыкаментаў у студзені і лютым гэтага года. Закрытыя межы і высокія санітарныя патрабаванні ўскладняюць ланцужкі паставак.
У сакавіку ЕАБР прагназуе захаванне інфляцыі вышэй за 8%, аднак да канца 2021-га яна замарудзіцца да 6,6%. Гэтыя паказчыкі - усё яшчэ вышэй мэты Нацбанка (не больш за 5%). Пяціпрацэнтная інфляцыя прагназуецца да канца 2022-га - пачатку 2023-га гадоў.
Сітуацыя з дзярждоўгам кіруемая
На думку галоўнага эканаміста Еўразійскага банка развіцця Яўгена Вінакурава, пытанне з дзярждоўгам суперактуальна для ўсіх краін-удзельніц банка. І калі, напрыклад, Казахстан і Расія не моцна нарасцілі дзярждоўг і сітуацыя не абцяжарвае дзяржбюджэты, то ў Беларусі, Кыргызстане, Арменіі і Таджыкістане дзярждоўг за апошні год вырас істотна.
"Мы старанна сочым за станам дзярждоўгу ў краінах-удзельніцах ЕАБР, у нас ёсць спецыяльны мадэльны апарат. Пакуль глебы для алармізма няма, сітуацыя з дзярждоўгам кіруемая і не выклікае занепакоенасці", - ацэньвае становішча Вінакураў.
Паводле яго слоў, фінансавыя патрэбы па абслугоўванні дзярждоўгу ў гэтых краінах выраслі, у сувязі з гэтым трэба закласці больш сродкаў у дзяржаўныя бюджэты.
Дзяржаўны доўг Беларусі на 1 сакавіка склаў 59,5 мільярда рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2021 года на 1,7 мільярда рублёў, або на 2,9%, паведаміла ў сераду прэс-служба Мінфіна Беларусі.
Што будзе з беларускім рублём
За мінулы год нацыянальная валюта знізілася да долара на 0,5%, да расійскага рубля - на 1,9%. Умацавалася толькі да еўра - на 2,5%. Зніжэнне кошту беларускага рубля эксперты звязваюць з захаваннем попыту на замежныя валюты на ўнутраным рынку. Па ацэнцы ЕАБР, курс рубля да долара прагназуецца на ўзроўні 2,63 у сярэднім за 2021 год. Гэта цалкам тлумачыцца дэвальвацыйнымі чаканнямі і паскарэннем інфляцыйных працэсаў.
Дарэчы, доля нацыянальных валют у разліках ва ўзаемным гандлі паміж краінамі ЕАЭС складае 74%.
Жорсткія крэдытныя ўмовы
Магчыма, да другой паловы года, паводле прагнозу спецыяліста, пры захаванні стабільнасці на ўнутраным валютным рынку нармалізуюцца манетарныя ўмовы. Гэта прадугледжвае змяншэнне ставак па тэрміновых дэпазітах у беларускіх рублях бліжэй да 10% і пашырэнне доступу прыватнага сектара да рынкавага крэдытавання.
Што чакае іншыя краіны ЕАЭС?
У цэлым эканамісты ЕАБР падкрэсліваюць: сусветная эканоміка знаходзіцца на траекторыі аднаўлення.
І тлумачаць: нават ва ўмовах негатыўнага раскладу, пры любым развіцці падзей рост эканомік рэгіёна будзе аднаўленчы як у кароткатэрміновай, так і ў доўгатэрміновай перспектыве.
Поўную версію анлайн-прэзентацыі глядзіце на Sputnik.
Чытайце таксама:
- Дзярждоўг Беларусі ад пачатку года вырас амаль на 3 адсоткі
- ЕАБР выдасць Мінскэнерга крэдыт у памеры 101,2 млн еўра
- Пытанне прыцягнення новага крэдыту прапрацоўваецца - Мінфін