Вербная магія або вярба на ўсялякую патрэбу

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБеларускія вербы
Беларускія вербы - Sputnik Беларусь, 1920, 25.04.2021
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра Вербную нядзелю і дзеліцца сакрэтамі народных завядзёнак.
Нарэшце распусцілася вярба і ў паветры залунала свята. Паабапал дарог, на фоне яшчэ шэрых лясоў жоўтыя ад пяшчотных кветак вербы, свецяцца нібыта свечы ў храмах, нагадваючы ўсім аб надыходзе свята.
Вербніца – прадвесніца Вялікадня – узнёслае ўрачыстае свята. У хрысціянстве яно прымеркавана да Уваходу Ісуса Хрыста ў Іерусалім, дзе народ сустракаў яго пальмавым лісцем. У беларусаў сімвал свята – вярба, якую падчас набажэнства асвячаюць у храмах. Чаму свецяць вярбу, а не пальмавае лісце ў народзе тлумачылі так:
"Ну, а ў нас пальмаў ужэ ж няма, то і рашылі вярбу. Вот паэтаму і вярба".
У некаторых мясцінах Гарадзенскай губерніі яшчэ ў 19 стагоддзі на Вербніцу прывозілі ў цэрквы вярбу цэлымі дрэвамі з карэннямі і пасля асвячэння ламалі з яе галіны.

Што пра свята людзі кажуць

Аб тым, як Хрыстос уваходзіў у Іерусалім, народ складаў легенды. На Гомельшчыне гэтую падзею пажылыя людзі апісвалі так:
"Бог ехаў на кані. Людзі расцілалі палотны, багатыя расцілалі каўры, дарогу ўсцілалі. А бедныя ўсцілалі ветачкі. Так Бог не паехаў па каўрах і палотнах, а паехаў па ветачках".
З цягам часу "вярбой" у народзе сталі называць галінкі вярбы, аздобленыя каляровымі сухімі кветкамі, травамі, каласкамі, мохам і інш. Яны імітавалі сабой "пальмы". Вядома ж, у розных рэгіёнах Беларусі ёсць свае, адметныя традыцыі аздаблення велікодных верб з выкарыстаннем прыродных матэрыялаў. Сярод іх асабліва вылучаюцца вядомыя на ўвесь свет так званыя "Віленскія пальмы". У мастацкім аздабленні гэтых вербаў удала спалучыліся народныя традыцыі і беларусаў, і літоўцаў. "Пальмы", падобныя на "віленскія", распаўсюджаны таксама і ў заходняй частцы Беларусі, якая мяжуе з Літвой, на Браслаўшчыне, Гарадзеншчыне, у Лідзе, Гродна, на Астравеччыне.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяВербы са Скідзеля
Вербы са Скідзеля - Sputnik Беларусь, 1920, 15.07.2021
Вербы са Скідзеля
Вербы са Скідзеля
Для вырабу такіх "пальм" нарыхтоўваюцца палачкі рознага памеру ад 50 да 70 см. Каб складаўся ўзор, да іх прывязваюцца ў адпаведным парадку сухія кветкі рознакаляровага геліхрызума і іншых сухацветаў, каласы збожжа, сухія травы, якія ў сваю чаргу фарбуюцца ў яркі зялёны колер. Над іх стварэннем напрацягу года працуюць цэлыя сямейныя дынастыі, ствараючы сапраўдныя творы традыцыйнага мастацтва.
У Вербную нядзелю "пальмы" можна сустрэць і нават набыць на кірмашах каля цэркваў і касцёлаў буйных гарадоў. І не толькі набыць, але і пагутарыць, даведацца шмат цікавага аб народных завядзёнках, бо яшчэ жывая вера аб магічных уласцівасцях вербных галінак.

Вербныя завядзёнкі

Як толькі ў народзе не выкарыстоўвалі асвечаную вярбу! Ёю лячылі не толькі людзей, жывёл але і прадметы побыту, з ёй варажылі на замужжа, хадзілі на могілкі, асвячалі агарод і інш. Асабліва моцнай яна лічылася ў Вербніцу. Вось некаторыя прыклады народных завядзёнак і побытавай магіі.
Чаму свецяць вярбу? На гэта пытанне адказваюць па-рознаму. Напрыклад, жыхары вёсак Полацкага раёна мяркуюць, што "вярбу свецяць, каб жыта ішло такое высокае і чыстае, як вярба. А ядловец засцерагае ад усякага зглазу, ад уреда" (Ганна Баратынская, 1912 г.н., в. Мураўшчына).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяТрадыцыйныя вербы і паштоўкі
Традыцыйныя вербы і паштоўкі - Sputnik Беларусь, 1920, 15.07.2021
Традыцыйныя вербы і паштоўкі
Традыцыйныя вербы і паштоўкі, зробленыя дзецьмі Нядзельнай школы
Куды дзець старую вярбу? Гараджане пакідаюць іх у скрынях каля царквы, калі прыходзяць на набажэнства. А на вёсцы свае завядзёнкі. Мінулагоднія вербы палілі, а вось прыгожых букецікаў, якімі была аздоблена вярба, было шкада, таму часта іх надоўга пакідалі за абразамі, далучаючы да новых вербаў. Так і цяпер амаль у кожнай сялянскай хаце абраз упрыгожваюць галінкі асвечанай вярбы.
Вербны букецік замацоўвалі за абразамі, каб не толькі ўпрыгожваў покуць, але і засцерагаў хату ад маланкі. Летам, як толькі ў небе загрыміць – выстаўлялі ў вакно сухія галінкі вярбы і грымоты абыходзілі сялібу бокам.
Перш чым трапіць за абразы на покуці, асвечаныя галінкі вярбы раздавалі ўсім, хто меў у іх патрэбу. Каб не наклікаць на сябе бяды, лічылася, што калі вярба трапіла ў хату на покуць, адорваць ёю, або пазычаць камусьці было ўжо нельга.
"Не я б’ю – вярба б’е! Хіра ў лес, а здароўе ў косці!" У народных уяўленнях лічылася, што гэта дрэва ўплывае на жыццяздольнасць і здароў’е чалавека і жывёл, засцерагае ад нечысці. Іначай, чым патлумачыць жыццядзейнасць старажытнага абрада, згодна з якім "білі" (пасцёбвалі) не толькі дзяцей, каб яны хутчэй раслі, але і дарослых, каб не хварэлі. Цяжка вытлумачыць радасць, якая нараджаецца ў сэрцы, калі чуеш адвечнае:
Атрымаецца духмяная рыбная юшка - Sputnik Беларусь, 1920, 24.04.2021
Посны абед з трох страў, або Старажытная кухня "не на губу, а на зуб"
"Не я б’ю – вярба б’е.
За тыдзень – Вялікдзень.
Будзь багаты, як зямля,
Будзь здаровы, як вада,
Як лёд – на ўвесь год!"
Чароўныя словы народнай замовы!
Што яшчэ лячылі вярбой? Ліхаманка, паразіты і хворыя зубы падуладны пупышкам асвечанай вярбы. Для гэтага дастаткова было з’есці па дзевяць пупышак з асвечанай вярбы. Часам вярбу запальвалі і акурвалі ёю ад ліхаманкі хату, клалі вярбу ў ваду і тады, калі купалі ў ёй хворае дзіця. Пупышкі давалі дзецям ад гельмінтаў, попелам ад спаленай вярбы пасыпалі месца вакол калыскі навароджанага дзіцяці, каб прадухіліць усялякія негатыўныя ўздзеянні нябачных варожых сіл.
Ідзём з вярбой на могілкі. На Радаўніцу прынята віншаваць з Вялікаднем памерлых продкаў. На магілы блізкіх людзей неслі галінкі вярбы, асвечанай у царкве ў Вербную нядзелю. Галінкі клалі на могілкі, каб павіншаваць такім чынам са святам памерлых продкаў. Цяпер на гэту традыцыю практычна забыліся і замест вербаў нясуць на могілкі букеты штучных кветак, якія з часам ператвараюцца ў смецце.
Велікодная паштоўка - Sputnik Беларусь, 1920, 14.04.2017
Прыгоды велікоднай паштоўкі, або як віншавалі са святам на Вялікдзень
Каб скацінка здаровая была, а кароўка давала шмат малачка. Для гэтага, пасля набажэнства ў Вербную нядзелю з вербамі абыходзілі хлявы. Кароўку, авечак і іншых хатніх жывёл сцябалі галінкамі, каб добра вяліся, здаровыя былі, ліхога вока не баяліся. Частку вярбы пакідалі ў хлеве, а часткай пасля выганялі скаціну на пашу ў Юр’я.
Асвячэнне вярбой агарода. Гэта абрад мог бы быць карысны для дачнікаў. Вярбе прыпісвалі здольнасці апладняць зямлю, паляпшаць яе ўраджайнасць. Для гэтага пасля выгану жывёлы вярбу ўтыкалі ў зямлю (у чатырох вуглах нівы) або разламвалі галінкі і раскладвалі іх па палях. Або выкарыстоўвалі попел ад спаленай мінулагодняй вярбы. Яго высыпалі на грады, каб забяспечыць добры ўраджай, абараніць ад шкоднікаў і ахаваць агарод ад стыхійных бедстваў. Казалі:
"Каб ураджай добры ўвосені сабраць, каб усё так хутка расло, як вярба на мяжы суседа, каб чэрві ды жукі не нападалі".
Для большай пэўнасці чыталі замову:
 "Чэр* нападаіць, кор пад’ідаіць. Чэр кіпучая, чэр магучая, ідзі з нашага поля на мхі, на балоты, на гнілыя калоды, а калі ня пойдзеш, то святэй Міхайла-арханій сашлець пціц з нябес з жалезным носам. Будуць драць, кляваць, вашу жысць рашаць. Ва векі амінь".
*Чэр – чарвяк, вусень.
Вярба, як зваць суджанага? Калісьці дзяўчаты, як прыйдуць з царквы, садзіліся каля хаты на лаўку і пачыналі чакаць. Як толькі міма праходзілі якія-небудзь хлопцы з дапамогаю вербачкі варажылі: сцебануўшы незнаёмага хлопца, пыталі ў яго імя, спадзяючыся даведацца пра імя свайго суджанага. Уяўляю, як гэта выглядала б каля падхезда якога-небудзь дома ў горадзе. Ва ўсялякім разе весела. Дзяўчаты, чаму б не паспрабаваць?
"Лячэнне" дзяжы. У хаце пасля вяртання з царквы накіроўваліся да дзяжы з мэтай яе "палячыць", калі гаспадыня заўважала, што хлебнае цеста апошнім часам у ёй не ўдаецца. Падыходзічы да дзяжы, гаспадыня сцёбала яе і прамаўляла:
"Што ж ты, мая дзежачка, апошнім часам збунтавалася? Каб у табе заўжды хлеб удаваўся! Глядзі ж, каб выправілася!"
Цікава, ці дапаможа такі абрад тым гаспадыням, у якіх каструлі не хочуць варыць смачную ежу? Можа з імі таксама пагутарыць шчыра? Смех смехам, а толькі мне думаецца, што ў гэтым выпадку трэба галінкамі "лячыць" кухарку-няўмеку.
Вось такія яны, чароўныя галінкі асвечанай вярбы!
Прыемна назіраць, як у вялікім горадзе на Вербніцу ад царквы расцякаюцца чэрады святочна апранутых людзей з асвечанымі вербамі ў руках. Схадзіла ў царкву і я. Прайшлася з зацікаўленым вокам па вербным кірмашы, прыцанілася, набыла колькі вербаў і засталася задаволеная. Вярнуўшыся дадому разам з чароўнымі галінкамі, сваякам і суседзям занесла святочны, добры настрой.
Шануйце звычаі продкаў – і яны будуць спрыяць вам штодня!
Стужка навiн
0