Травеньская трава галоднага корміць

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяХаладнік са шчаўя
Халаднік са шчаўя - Sputnik Беларусь, 1920, 15.05.2021
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, чым багаты апошні вясновы месяц і якой зелянінай ужо можна паласавацца
Апошні месяц вясны пачаўся з халадоў.  Час ад часу можна пачуць бурклівыя нараканні на няветлівае надвор’е. Нібыта вінаватыя прыродныя катаклізмы, але яны тут ні пры чым. Халоднае надвор’е ў маі для Беларусі звычайная справа.  Нездарма ж дзяды казалі: "Травень – сена каню дай, а сам на печ уцякай" або "Май зямлю грэе, а сіверам вее". Халодны і дажджлівы травень  не толькі нікога не пужаў, але нават быў пажаданым: "Май халодны – не будзеш галодны", "Май халодны – год хлебародны!" Асабліва чакалі травеньскіх дажджоў. Няхай сабе яны льюць і чым болей, тым лепей, бо лічылі, што ў такім выпадку хлеб будзе і ў гультая.
Частыя дажджы прыспешылі рост травы і я паспяшалася на агарод па першую зеляніну. Вядома ж "майская трава галоднага корміць" і мой агрод ужо не пусты. Акрамя крапівы,  сніткі і дзьмухаўцоў, якія штогод упарта адваёўваюць сабе месца пад сонцам  на градах ужо красуецца зімовая цыбуля, часнок, мацярдушка, пятрушка і вядома ж шчаўе. Уся гэта сакавітая зеляніна пойдзе ў справу для прыгатавання вясновых страў пад асобнай назвай – "шчаўе".

Цудоўнае шчаўе – лекі і ежа

Шчаўё, кісляніца, шчавей, шчаўнік, шчавель, шчаўлюк або шчаўе - цудоўная полівітамінная расліна, вядомая чалавецтву з глыбокай старажытнасці. Семдзесят відаў гэтай шматгадовай дзікарослай расліны ў свеце можна сустрэць паўсюдна.  Шчаўе ядуць, ім лекуюцца, карэннем фарбуюць тканіны ў чырвоны і жоўты колер, вырабляюць скуры.  Як агародную культуру яго сталі вырошчваць толькі ў сярэднявеччы. Ужо ў тыя часы былі заўважаны лекавыя якасці расліны якую выкарыстоўвалі як кровеспыняючы, супрацьцынготны, гаючы і супрацьзапаленчы сродак. Лісце шчаўя ўтрымвае карацін, вітаміны групы В, С, К, РР. Па ўтрыманню вітаміна В1 расліна не мае сабе роўных сярод лісцявой гародніны. Шмат у шчаўі такіх мінеральных соляў, як калій, кальцый, жалеза, ёд.
Шчаўе ядуць, ім лекуюцца, карэннем фарбуюць тканіны, вырабляюць скуры
Дзякуючы высокаму ўтрыманню кіслот, вітаміны ў шчаўі добра захоўваюцца не толькі ў кансерваваным выглядзе, але і пры варцы. Дарэчы, пры прыгатаванні першай стравы са шчаўя канцэнтрацыя соляў калія ў пятнаццаць разоў перавышае канцэнтрацыю соляў натрыя.

Шчаўе звычайнае ў хатняй аптэчцы

Настой з сухога лісця і сцяблін шчаўя звычайнага
Захворванне: скураны сверб.
Як лячыць:
Сталовую лыжку здробненага насечанага лісця і сцяблін шчаўя звычайнага заліваюць шклянкай кіпятком, настайваюць 1 гадзіну. Працэджваюць і пьюць па чвэрці шклянкі 3 разы на дзень перад ядой.
Сок шчаўя звычайнага
Захворванне: застой жоўці.
Як лячыць:
Свежае лісце шчаўя расціраюць да ўтрымання соку, адціскаюць і напалову разбаўляюць з гатаванай вадой. Пьюць па  дзве сталовыя лыжкі 3 разы на дзень за 20 хвілін  перад ядой.
Увага!Перад тым, як лячыцца сродкамі народнай медыцыны варта параіцца са сваім доктарам!
Гатуючы стравы са шчаўя трэба памятаць, што расліна ўтрымвае шмат шчавелевай кіслаты. Пры парушанай каліева -кальцыявай раўнавагі ў арганізме адбываецца зніжэнне паказчыкаў згусальнасці крыві, назіраецца ўзрушанне цэнтральнай нервовай сістэмы, актыўна выдзяляецца шчавелева-кіслы калій, што шкодзіць ныркам, парушаючы іх функцыі, узмацняе ўтварэнне камянёў у печані і нырках. Таму выкарыстанне шчаўя ў харчаванні для людзей, якія схільныя да захворванняў нырак катэгарычна забараняецца.
Навукоўцы ўлічылі гэтыя хібы расліны і цяпер ужо выведзены гатункі шчаўя з больш нізкім утрыманнем шчавелевай кіслаты. І уўсё ж ужываць у ежу варта толькі маладое лісце.
Калі на вашым агародзе яшчэ няма градкі са шчаўем, то назбіраць яго на выгане зусім не цяжка, але не заўсёды зручна. Таму варта набыць насенне добрага гатунку і пасеяць каля хаты, каб мець яго шмат гадоў пад рукой. Гэта шматгадовая расліна не патрабавальная да глебы і расце як на сонцы так і ў цені. Са шчаўя гатуюць супы, салаты, пюрэ і начынкі для пірагоў.

Госць не дзміся — еш, што ў місе

Атрымаецца духмяная рыбная юшка - Sputnik Беларусь, 1920, 24.04.2021
Посны абед з трох страў, або Старажытная кухня "не на губу, а на зуб"
Для мяне стравы са шчаўя гэта чарговы ўспамін аб вясковай бабулінай кухні. Каля двухсот гадоў таму мае продкі пасяліліся ў вёсцы Паздзіркі, што пад Мінскам. На вясковых могілках  адпачываюць тры пакаленні жанчын майго роду і любоў да народнай кулінарыі ў мяне ад іх. У наваколлі гэтага даўняга паселішча шчаўя багата і вядома ж стравы з яго тут папулярныя.  Шчаўе гатуюць тут круглы год, нарыхтоўваючы яго на зіму ў салёным і сушаным выглядзе прынамсі так, як гэта робяць паўсюдна па Беларусі. Я яшчэ застала тыя часы, калі не было гаспадыні якая б не насіла фартуха. Гэты прадмет адзення як і хустка быў абавязковы для замужняй жанчыны. Акрамя таго, што нашэнне фартуха былі часткай этыкету гэта было зручна. Адпраўляючыся на агарод або ў поле па шчаўе, яго збіралі проста ў «прыпол»фартуха, канцы якога затыкала за пояс. Прынесенае да хаты шчаўе перабіралі, выкідаючы горшае і мылі. Далей з яго варылі найсмачнейшы халаднік або суп на «костачцы», які так і называўся - «шчаўе». У такі халаднік замест агуркоў часта крышылі калючае водарнае лісце «агурочнай травы», якая сустракалася на агародах як пустазелле і меданос. Стравы са шчаўя ўжывалі датуль, пакуль яго не замяняла бураковае бацвінне.        

Халаднік са шчаўя па Паздзіркоўску

З чаго гатаваць:
  • 900 г шчаўя
  • 2 свежыя агуркі або жменька агурочнага пустацвету
  • 2 яйкі
  • 120 г зялёнай цыбулі
  • 4 ст лыжкі смятаны
  • соль па смаку, кроп.
Як гатаваць:
Шчаўе памыць, парэзаць, зварыць у 2 літрах падсоленай вады, ахаладзіць. Дадаць дробна нарэзаныя агуркі, а калі такіх няма, то цэлыя кветачкі агурочнага пустацвету, дробна пакрышанае пер'е зялёнай цыбулі. Асобна пакрышыць  яйкі і кроп і пакласці іх  кожнаму ў талерку разам са смятанай.  Есці з хлебам або зваранай у мундзірах бульбай.

Суп са шчаўя

З чаго гатаваць:
  • 400 г вэнджаных рэбраў
  • 250 г шчаўя
  • 150 г крапівы
  • 150 г сніткі
  • 2-3 бульбіны
  • 1 морква
  • 1 корань пятрушкі
  • 1 яйка
  • 4 ст лыжкі смятаны
  • соль па смаку
  • 2 цыбуліны.
Як гатаваць:
Рэбры або любое мяса на костачцы заліць халоднай вадой і зварыць з цыбуляй, морквай і пятрушкай. Калі вада закіпіць, зняць пену і варыць на слабым агні каля гадзіны. Затым працадзіць булён і дадаць нарэзаную кубікамі бульбу, гатаваць яшчэ 15-20 хвілін.
Шчаўе, крапіву і снітку перабраць, памыць, пакрышыць і апусціць у булён, дадаць соль, уліць тонкім струменчыкам раскалочанае загадзя сырое яйцо і варыць яшчэ хвілін 6-10. У талерку пакласці смятану.

Яешня са шчаўем

З чаго гатаваць:
  • шчаўе 40г
  • цыбуля 1-2шт
  • яйкі 2шт
  • масла 20г
  • зелянінакропу або пятрушкі 10г
  • соль і спецыі па смаку.
Як гатаваць:
Нашаткаваць вымытае шчаўе, дадаць пасераваную цыбулю, узбітыя яйкі, пасаліць і перамяшаць, запячы. Гатовую яешню пасыпаць зелянінай, падаць з хлебам.
Смачна есці!
Стужка навiн
0