Пачастунак для пастуха

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЯечня-пражонка
Яечня-пражонка - Sputnik Беларусь, 1920, 22.05.2021
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, хто такі пастух, навошта яго трэба частаваць і калі прынята адзначаць свята пастухоў.
Сакавітая травеньская трава, бы зялёным шоўкам заслала зямлю. І вось ужо непадалёк ад сёл яе бадзёра шчыплюць рэдкія цяперашнім часам каровы. Пры іх заўсёды амаль непрыкметная ў сваёй нерухомасці постаць чалавека з сабакам. Гэта пастух, а ў вёсцы, дзе ёсць статак ён безумоўна фігура паважаная і шанаваная, асабліва ў дзень Юр’я, калі першым разам выганяюць жывёлу на пашу, і на Міколу. Таму травень па праву пастухоўскі месяц.
22 траўня ў народным календары адзначаюць дзень Міколы, апекуна земляробства. Лічылася, што да гэтага дня яшчэ няўстойлівае, халоднае надвор’е, таму ў народзе раілі стрыгчы і выганяць на пашу авечак толькі пасля Міколы. Пастухі абходзілі хаты, дзе іх частавалі і адорвалі яйкамі, якія пасля смажыліся проста на полі. Існаваў звычай у ноч на Міколу абкурваць коней і валоў асвечанымі ў царкве зёлкамі. Жывёлу абходзілі з яйкам, якое пасля аддавалі сляпому старцу. Лічылася, што пасля такіх магічных дзеянняў яе немагчыма будзе сурочыць, яна быццам стане нябачнай для «малочных ведзьм» і дзікіх звяроў. Абрад заўсёды завяршаўся рытуальным абедам з яечняй і гарэлкай. Пра Міколу ў народных песнях спявалі, што ён “па межах ходзіць, усё родзя, траву росціць і скот пасціць”.

Пастух або пастыр?

Разам з традыцыйным укладам жыцця паступова вымірае старая вёска. Яшчэ не так даўно для кожнай сям’і было звыклай справай трымаць карову-карміцельку. Вясковыя статкі часам налічвалі  дзесяткі галоў. Часам разам з каровамі пасвіліся цяляты, авечкі і нават свінні. Такая кампанія патрабавала нагляду, які ажыццяўляў пастух або пастыр.
Халаднік са шчаўя - Sputnik Беларусь, 1920, 15.05.2021
Травеньская трава галоднага корміць
Слова “пастух” паходзіць ад устарэлай назвы пашы – “паста”. Калісці на Смаргоншчыне казалі: “Пастыр ганяў кароў на пасту”. Адсюль і устарэлае “пастар”, “пастыр”, “пасцір”, што тое самае, што пастух.  І ўсё ж паміж пастухом і пастырам была розніца. Жыхары паўночна-заходняй Беларусі і яе памежжа  ўзгадвалі: “Пастыр – хто кароў пасвіць. Пастыр стары, а пастух – малады. У нас быў раней пастыр, ён старэйшы, яму памагалі пастухі. Схадзі да пастыра і скажы, што яму падпасвіча знайшлі”.

Пастара ў дзярэўню бяруць...

На пасаду пастара звычайна “згаджалі” (наймалі) беднага, беззямельнага чалавека, які па стане здароўя  быў не здатны да іншых сельскіх прац. Гэта сезонная работа добра аплочвалася: “За пасту(выпас) палучаюць многа” (Баранавіцкі р-н).  Акрамя грошай пастара па чарзе кармілі і нават адзявалі. Гаспадыні ўсяляк імкнуліся дагадзіць “кароўскаму” ахоўніку, кідаючы раніцай у пастырову торбу лішнюю лусту хлеба.
У народзе казалі: “Без пастуха авечкі не статак”.  Дарэчы, калі ў вёсцы было шмат усялякай жыўнасці, то і паслі яе паасобку. У народзе тлумачылі:  “Пастыр быў каравячы, авечы, свіны”. І іначай: “Пастух авечы, конскі і кароўскі”. Увесь яго рабочы інвентар складаўся з “пастыровай” торбы, пугі-пастыранкі сплеценай са скуры або з лазы і трубы. Вясковая раніца пачыналася з пастуховых найгрышаў, якія было чуваць здалёк: “Пастыр затрубіць у трубу, і бабы на ногі”.
Калі ў вёсцы з нейкіх прычын пастуха не наймалі, то кожная сям’я па чарзе пасла каровы столькі дзён, колькі было іх у гаспадарцы. Чарга пасвіць жывёлу называлася пастай: “Рады, што пасту адбыў. Паста патпадзець, нада ў поле гнаць кароў. На пасту гнаць абула лапці” і інш. 
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЯечня
Яечня - Sputnik Беларусь, 1920, 15.07.2021
Яечня
Пра смачную страву, якая хутка з"ядаецца і зроблена чужымі рукамі ў народзе кажуць: “Чужая яечня -- не вечна”
Для беларускага селяніна пастух, гэта не толькі  работнік, які пасе статак. У яго разуменні гэта чалавек, які прыроўніваўся да чараўнікоў як млынар, або пчаляр. Лічыцца, што пастухі валодалі таемнымі ведамі ў дачыненні да жывёл, раслін, нябесных свяціл, а таксама былі звязаны з духамі лесу і рознымі боствамі ахоўнікамі жывёл. Пастухі павінны былі ведаць замовы на розныя выпадкі і часта лічыліся добрымі ветэрынарамі. З часам цяжкая праца пастара перастала быць прэстыжнай і ўсё часцей у вёсках можна было пачуць: “Цяпер пастуха трудней найсці як пісара. Не хочуць іці за пастуха”.
Сёння “пастух” знікаючая прафесія. У вялікіх фермерскіх гаспадарках і жывёлагадоўчых комплексах у сувязі з механізацыяй працэсу, калі траву прывозяць да кароў патрэба ў пастухах адпала сама сабой. І тым не менш у Беларусі ёсць яшчэ нямала мясцін, дзе ў прыватным сектары трымаюць кароў, а значыць і ёсць каля іх пастыр, ахоўнік, карміцель, якому прыемна ў якасці пашаны прыгатаваць абрадавую “пастароўскую” яечню.
Пра смачную страву, якая хутка з'ядаецца і зроблена чужымі рукамі ў народзе кажуць: “Чужая яечня -- не вечна”. Справядлівасць гэтай прымаўкі мне давялося праверыць у вёсцы Гаеўка Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці,  дзе мяне пачаставалі яечняй з абаранкамі. Вёска знаходзіцца ў 17 кіламетрах ад горада Смаргонь, дзе ў XIX стагоддзі быў прыдуманы рэцэпт абаранкаў, які пасля разляцеўся па ўсім свеце. У гэтых краях і дагэтуль пякуць абаранкі і пражаць з імі яечню ў печы.

Яечня з абаранкамі

З чаго гатаваць:
  • 7 яек,
  • 7 абараначкаў,
  • 0,75--1 л малака,
  • 50 г масла,
  • 1ст. лыжка пшанічнай мукі,
  • соль.
Як гатаваць. Добра ўзбіць яйкі, уліць свежага малака, дадаць шчопаць солі, растрэсці лыжку мукі. Усё добра перамяшаць і выліць у форму. Звычайна для гэтага бяруць глыбокую патэльню.
Цяпер трэба акуратна выкласці столькі абараначкаў, колькі змесціцца па версе яечні ў адзін слой і паставіць у печ запякацца. Як толькі яечня загусцее, трэба дастаць яе з печы і пакласці зверху кавалачкі вяршковага масла, каб на страве ўтварылася румяная скарынка, і зноў уставіць у печ дапякацца.
Перад падачай пасыпаць яечню зялёным кропам.
Заўвагі гаспадыні: Каб яечня атрымалася больш густая, малака трэба ўліць у яйкі трохі менш за літар. Печаныя абаранкі можна замяніць  крамнымі сушкамі, печку -- духоўкай або аэрагрылем.
Смачна есці!
Стужка навiн
0