Канстытуцыю плануюць дапоўніць палажэннямі аб захаванні нацсамабытнасці
12:48 24.06.2021 (абноўлена: 18:27 19.01.2022)
© Sputnik / Виктор ТолочкоКанстытуцыя Рэспублікі Беларусь
© Sputnik / Виктор Толочко
Падпісацца
Сёмае пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі праходзіць у чацвер у Мінску. Разглядаюцца змены ў прэамбулу і першы раздзел галоўнага закона, у якім замацаваны асновы канстытуцыйнага ладу рэспублікі.
МІНСК, 24 чэр - Sputnik. Прэамбулу галоўнага закона краіны прапануецца дапоўніць палажэннямі аб захаванні нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту, пра гэта паведаміў у чацвер журналістам старшыня Канстытуцыйнай камісіі Пётр Міклашэвіч.
На пасяджэнні камісіі разглядаюцца змены ў прэамбулу і першы раздзел дакумента - "Асновы канстытуцыйнага ладу рэспублікі". У ім ідзе гаворка пра правы, свабоды і гарантыі грамадзян, асновы дэмакратыі, ролі палітычных партый і аб'яднанняў, віды ўласнасці, рэлігіі, дзяржаўныя сімвалы і мовы.
Міклашэвіч адзначыў, што ў прэамбуле выкладзены асноўныя каштоўнасці, ідэі, культурна-духоўную спадчыну беларускага народа, які з'яўляецца крыніцай дзяржаўнай улады.
"Таму сёння паўстала неабходнасць некаторыя палажэнні прэамбулы удакладніць і дапоўніць, зыходзячы з аб'ектыўных фактараў грамадскага і дзяржаўнага развіцця ў нашай краіне", - лічыць Міклашэвіч.
У прыватнасці, прапануецца палажэнне аб праве беларускага народа на самавызначэнне дапоўніць такімі каштоўнаснымі ўстаноўкамі, як захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту.
Таксама плануецца замацаваць у гэтым палажэнні неабходнасць захавання культурна-духоўных традыцый беларускага народа.
"Яны з'яўляюцца найважнейшай складовай часткай ідэалогіі канстытуцыйнага прававога развіцця", - цытуе старшыню Канстытуцыйнай камісіі БелТА.
У прэамбуле Канстытуцыі з'явіцца таксама палажэнне аб тым, што ў Беларусі фарміруецца сацыяльна справядлівае грамадства на пачатках салідарнасці і агульнага дабрабыту.
Эфектыўная мадэль
Міклашэвіч упэўнены, што сфарміраваная на канстытуцыйных палажэннях мадэль беларускай дзяржавы з'яўляецца эфектыўнай і ўстойлівай. Таму трэба захаваць існуючыя палажэнні аб асновах канстытуцыйнага ладу і далей на гэтай аснове развіваць рэспубліку.
Разам з тым, на яго думку, некаторыя нормы варта ўдакладніць і дапоўніць.
"Трэба паказаць, што Беларусь імкнецца да нейтралітэту, але пры гэтым найважнейшым напрамкам з'яўляецца калектыўная абарона", - сказаў ён.
На думку Міклашэвіча, неабходна прапісаць, што з тэрыторыі Беларусі не будзе зыходзіць ваенная пагроза і ажыццяўляцца ваенная агрэсія ў дачыненні да іншай дзяржавы.
Іншыя карэкціроўкі
Як паведаміў у чацвер карэспандэнту Sputnik член Канстытуцыйнай камісіі Юрый Васкрасенскі, на пасяджэнні было прапанавана імплементаваць ў тэкст Асноўнага закона нормы, накіраваныя на абарону гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.
"Акрамя таго, плануецца замест імкнення да бяз'ядзернай зоны замацаваць права на развіццё атамнай энергетыкі ў мірных мэтах, пазначыць калектыўную абарону ў якасці прыярытэту ў абароннай палітыцы, а таксама пазначыць вяршэнства законаў над іншымі нарматыўнымі актамі на канстытуцыйным узроўні. У цяперашні час вяршэнства маюць указы і дэкрэты прэзідэнта", - распавёў Васкрасенскі.
Ён праінфармаваў, што абмеркаванне выніковага тэксту Канстытуцыі пройдзе 7 ліпеня, а заключнае пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі адбудзецца 21 ліпеня.
Асноўны блок паправак у Канстытуцыю
Праект новага Асноўнага закона будзе вынесены на рэспубліканскі рэферэндум у лютым 2022 года. Над ім зараз працуе Канстытуцыйная камісія, у склад якой уваходзіць 36 чалавек.
Чакаецца, што ў цэлым Канстытуцыя зведае істотныя змены. Плануецца пашырыць ролю парламента і абмежаваць заканадаўчую функцыю прэзідэнта.
Акрамя таго, частка адказнасці кіраўніка дзяржавы можа перайсці да ўрада. Напрыклад, прапануецца пашырыць паўнамоцтвы прэм'ер-міністра, узмацніўшы яго ролю ў фарміраванні Саўміна.
Усебеларускі народны сход можа атрымаць канстытуцыйны статус. Ён стане вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя, а выбіраць яго дэлегатаў будуць па такім жа механізме, як дэпутатаў парламента.
Канстытуцыйная камісія павінна падрыхтаваць усе папраўкі да першага жніўня гэтага года. Затым праект будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне і апублікаваны ў сродках масавай інфармацыі.
У выбарчых бюлетэнях на рэспубліканскім рэферэндуме ўвесь блок карэкціровак будзе пазначаны ў адным пытанні.
Чытайце таксама:
- Галоўчанка прадставіць канстытуцыйны законапраект у парламенце ў пятніцу
- Канстытуцыйны суд могуць надзяліць правам правяраць законнасць выбараў
- Праект закона аб змене Канстытуцыі гатовы да разгляду ў Авальнай зале