Ад містыкі да гаспадаркі: адкуль у звычайнага нажа незвычайныя прыкметы?
09:52 27.06.2021 (абноўлена: 15:37 14.04.2022)
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяНажы самаробныя
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская адкрывае таямніцы "нажовых" прыкмет і дае прыбытковыя парады руплівым гаспадарам.
Бываючы ў дарозе, люблю слухаць людскую гаворку, поўную трапнага беларускага слоўца, часам здольнага навесці глыбокі роздум. Чаго толькі не пачуеш, едучы за горад у электрычцы ці ў аўтобусе. Вось і сёння з чужой гутаркі даляцела знаёмае змалку выслоў’е: "Як нажом адрэзала, не магу глядзець у той бок"! Падумалася пра нож – ці гэта толькі ўтылітарная рэч, прадмет побыту, ці то нешта большае, вядомае толькі ў народзе?
"Нажовыя" прыкметы
Многія даўнія традыцыі, звязаныя з гэтым прадметам, вядомы і цяпер. У народнай культуры нож лічыцца абярэгам, сімвалам супрацьстаяння нячыстай сіле. Таму, каб выпадкова не прыняць на сябе ліхое, у падарунак нож стараліся не браць, але калі прынялі, то заўсёды мусілі даць за яго сімвалічную плату, адкупіўшыся ёй ад бяды. Нож клалі ў труну чарадзею, каб засцерагчыся, прадухіліць яго вяртанне. Падчас магічных дзеянняў, варажбы і адчування небяспекі нажом акрэслівалі вакол сябе кола.
Існавала павер’е, што жанчыне, якая нядаўна нарадзіла дзіця, трэба пад падушку пакласці невялікі нож. Напрацягу шасці тыдняў яна мусіла насіць яго з сабой, калі выходзіла з хаты. Ножык укладалі ў скураную похву і чаплялі на ланцужку да пояса. Таксама, каб абараніць дзіця, нож укладалі ў калыску.
У народнай медыцыне разам з замовай часта выкарыстоўвалі жалезны нож. Ён быў прызваны прыбраць, "уцягнуць" у сябе чарадзейства і хваробу, якія як бы "рэзалі вострым нажом". А яшчэ ў народаў Усходняй Еўропы быў распаўсюджаны звычай класці нож на парог або ўтыкаць яго ў ваконныя шыбы, каб засцерагчыся ад хваробы.
Нож не цацка, і таму з ім забаранялася гуляцца, бо лічылі, што гэта можа прывесці да сваркі. Ні есці, ні злізваць з нажа ежу не дазвалялася – каб не быць злосным. Асабліва гэта тычылася дзяўчыны, бо лічылася, што яна будзе вострая на язык. Пра вострыя, калючыя, непрыемныя словы няўхвальна казалі:
"Рэжа языком, як нажом" або "язык, як ножык".
Каб моцны вецер не пашкодзіў стагі з сенам і не сарваў страху з хаты, у віхор трэба было падкінуць нож, што павінна было спыніць буру.
Народныя паданні апавядаюць, што скарбы, схаваныя ў зямлі, час ад часу выходзяць на паверхню "сушыцца" і могуць трапіць шчасліўцу на вочы. У народзе раілі: "Каб завалодаць скарбам, трэба кінуць на яго нож".
"Лёгка, як нож у булку"
У беларускай мове нямала народных параўнанняў, звязаных з нажом. Так, пра злоснага чалавека з вострым характарам казалі, што ён "рэзучы як нож". А яшчэ:
- пра чалавека, які моцна нешта перажывае – "сэрца як нажом кроіць";
- пра чалавека, які нечым вельмі моцна ўразіў субяседніка – "як нож у сэрца ўбіў";
- пра што-небудзь непрыемнае, нясцерпнае, такое, што выклікае душэўны боль – "як нажом па сэрцы";
- пра нейкае вельмі вострае патрабаванне – "як нажом па шыі";
- пра рашучы адказ, спыненне чагосьці ці кагосьці – "як нажом адрэзала". Як кажуць на Мядзельшчыне: "Ехалі Пакравамі, стаў мароз і як ножам адрэзалася, стала зіма без зазімкаў";
- пра чалавека або прадмет, здатны на розныя функцыі – "як шавецкі нож – і боты шыць, і бульбу крышыць";
- пра простае, лёгкае выкананне работы – "лёгка, як нож у булку";
- пра жорсткія хцівыя захады каго-небудзь – "як бы на чыё горла нож гастрылі";
- жартаўліва пра дрыжыкі і трымценне ад страху – "дрыжыць, як вяроўка перад ножыкам".
Добры нож берагуць і без дай-прычыны нікому не пазычаюць. Шчаслівы "грыбны" нож грыбар бярэ ў лес, каб пашанцавала ў "ціхім паляванні".
Хто вырабляў нажы?
У маёй хаце фабрычных нажоў, як кажуць, раз-два і няма. Астатнія – самаробныя, зробленыя ў розныя гады мужчынамі роду. Зрабіць добры нож была цэлая навука. Звычайна простыя жалезныя і стальныя нажы на ўсялякую патрэбу калісьці рабілі кавалі.
Вясковыя гаспадыні, карыстаючыся тым, што ў вёску прыехаў вандроўны каваль, замаўлялі нажы сярэдняга памеру. Найбольш зручнымі лічыліся нажы даўжынёй у 20 см, а шырынёй у 4 см, завостраныя да верху. Тронкі рабілі з цвёрдых парод дрэва, і калі ручка такога нажа была зроблена асабліва старанна з выкарыстаннем свярдзёлка, то нож гэты быў у асаблівай пашане і выкарыстоўваўся ў паважных выпадках. Ім адкройвалі хлеб, сала, перапрацоўвалі мяса кабана, ссякалі і шаткавалі капусту і інш. Такі нож ніколі не ўжывалі пры здзіранні скуры не толькі са здохлай жывёлы, але нават і задушанай ваўком. Для гэтай мэты служыў які небудзь занядбаны ножык, а калі такога не было, то пазычалі ў суседзяў. Для другарадных работ – такіх, як абіранне бульбы і іншай гародніны, выскрабанне стала і лаў, хлебнай дзяжы пры іх мыцці, абрэзка каранёў у грыбоў падчас іх збірання – служыў карацейшы і вузейшы нож.
Былі ў абыходку і складаныя нажы, якія каштавалі даражэй за звычайныя. Адмысловы складаны нож і цяпер маецца ў кішэні або ў "бардачку" машыны бадай што кожнага мужчыны. Ды і набыць яго не так складана. А вось гадоў сто таму ехалі ў мястэчка, дзе працавалі спецыялісты-слесары. Жалезка такога нажа рабілася з добрай сталі даўжынёй прыкладна ў 10 см і шырынёй ад 15 да 18 мм. Нож меў жалезныя тронкі і сталёвую спружыну. Якасць такога нажа адпавядала ўсім запатрабаванням уладальніка.
У канцы ХІХ стагоддзя саматужны выраб нажоў кавалямі і слесарамі быў выцеснены фабрычнай прадукцыяй, але зусім не знік нават у наш час. Самаробныя нажы працягвалі вырабляць самастойна, яны былі прадметам гонару, часам ім надавалі імёны і перадаваліся ад пакалення ў пакаленне.
Востры металічны нож – прыкмета добрага гаспадара ў хаце. Гаспадыня спрытна шаткуе ім капусту, рэжа мяса, чысціць бульбу і на кожную справу на кухні ў яе маецца свой ножык. Добры кухарскі нож заўсёды каштуе дорага, ён, як кажуць, працяг рукі кухара і патрабуе догляду. Каб нож служыў доўга, гаспадары раяць:
- нажы лёгка навастрыць, калі перад гэтым лязо патрымаць 30 хвілін у слабым растворы паваранай солі;
- счарнелы ад кіслых фруктаў нож стане чыстым і бліскучым, калі яго нацерці сырой разрэзанай бульбінай, харчовай содай, мелам, адмысловым парашком для чысткі;
- нажы з драўлянымі тронкамі не пакідаюць на доўгі час у гарачай вадзе, якая аслабляе іх мацаванне;
- нельга пакідаць нажы на гарачай пліце або печы, бо пры награванні лязо тупіцца і губляе сваю пругкасць, эластычнасць;
- пасля чысткі нож мыюць цёплай вадой з мылам і насуха выціраюць;
- нож, якім чысцілі селядзец, трэба працерці сырой бульбінай або морквай, і пах знікне;
- пах цыбулі лёгка выдаліць, калі працерці лязо алеем або воцатам.
Жадаю вам добрага дня і каб вашыя справы ішлі так лёгка, як нож у булку ўваткнуць!
Да сустрэчы!