"Бруха лубком, хвост верацяном…", або Згадкі пра "попрадкі"
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяВерацёны
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская раскрывае старажытныя сакрэты прадзіва, распавядае як Мокаш пераўтварылася ў Параскеву і тлумачыць – пры чым тут Пятніца.
Калаўроты, верацёны, пралкі, іншыя прылады для ткацтва цяпер можна пабачыць хіба толькі ў музеях. Але яшчэ не так даўно яны былі ў кожным доме, як цяпер мабільны тэлефон. А як жа іначай? Апранаць сям’ю быў абавязак гаспадыні, і шыць, прасці і ткаць умелі ўсе. Як толькі надыходзіў кастрычнік, жанчыны бралі ў рукі верацяно і пачыналася прадзіва. Выконваць гэту марудную працу ў адзіноце было самотна. Таму жанчыны шукалі сабе кампанію з суседак-прыяцеляк, сваячак і збіраліся ў адной хаце на "попрадкі".
Адкуль пайшлі "попрадкі"?
Упершыню пачула слова "попрадкі" ад бацькі, калі аднойчы збіралася падлеткам у госці да сяброўкі. Назіраючы за тым, як я "строюся" (прыбіраюся) каля люстэрка, ён, усміхнуўшыся, заўважыў: "На попрадкі сабралася"? Гарадской дзяўчынцы гэта слова было незразумелым і толькі з часам даведалася, што тата, меўшы старэйшых сясцёр, перад самай вайной не раз у іх удзельнічаў. Калі ж прасці і ткаць перасталі, "попрадкамі" з усмешкай сталі называць любое баўленне вольнага часу ў дзявочай або жаночай кампаніі.
За гутаркай, спевамі і прадзівам кароткі восеньскі вечар прабягаў незаўважна. Такія паседжанкі ладзіліся не штодня. У пятніцу, суботу, нядзелю і вялікія святы прадзіва забаранялася. Асабліва гэта правіла тычылася пятніцы, дня ў які ўвогуле не выконвалі ніякую жаночую працу. Ва ўсходніх славян пяты дзень тыдня ў дахрысціянскія часы быў прысвечаны багіні Мокаш – ахоўніцы і заступніцы жанчын. Па паўночнарускіх павер’ях Мокаш уяўлялася жанчынай з вялікай галавой і доўгімі рукамі. Па начах яна быццам бы хадзіла па хатах і дапамагала жанчынам у іх працы.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСувой даматканага палатна
Сувой даматканага палатна
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
У народзе існавала сістэма працоўнага выхавання. Навучаючы падтрымваць парадак на працоўным месцы, маладым ткаллям не раілі кідаць абы дзе верацёны, бо лічылі, што яны ператворацца ў вужоў або змей і ўцякуць у лес, і пакідаць на ноч кудзелю. Верылі, што гэту кудзелю выкарыстае, "абпрадзе" Мокаш. Навукоўцы мяркуюць, што па выконваемай ролі (прадзенню) гэта славянская багіня суадносіцца з грэчаскімі мойрамі – багінямі лёсу, якія прадуць ніці жыццяў людзей. Так што, хто ведае, які лёс магла спрасці Мокаш той праллі, якая раскідае кудзелю!
У хрысціянскія часы у гэты дзень багіню Мокаш змяніла святая Параскева. Вельмі шанавалі ў вёсцы Параскеву-Пятніцу і склалі немала легенд, у якіх вобраз святой цесна пераплёўся з вобразам міфалагічнай істоты Пятніцы. Жанчыны верылі, што Пятніца ў выглядзе старой жанчыны ходзіць па хатах і назірае за гаспадынямі. Яна дапамагае тым, хто строга прытрымліваецца правіл гэтага дня, і карае тых, хто на іх забываецца. Каб выпадкам не ператварыцца ў жабу, жанчыны ў пятніцу стараліся не працаваць і зрабіць для сябе дзень адпачынку. Было прынята хадзіць у лазню, даглядаць за целам, тварам, валасамі.
Першыя "попрадкі" ў Беларусі звычайна прымяркоўвалі да Пакроваў. У само свята, вядома ж не працавалі, ушаноўвалі Божую Маці, а ў іншыя дні спяшаліся са сваімі пралкамі, верацёнамі і мяхом кудзелі ў прызначанае месца.
"Зачынаць верацяно"
Калісьці ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў экспазіцыі ўбачыла шырокую лаву з прасвідраванымі па краі на пэўнай адлегласці дзіркамі. Аказалася, што гэта адтуліны, у якія ўстаўляліся пераносныя пралкі. Жанчыны, дзяўчаты сядалі на лаву, прымацоўвалі свае пралкі і, не перашкаджаючы адна адной, пачыналі звыклую працу.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяТканая прыгажосць
Тканая прыгажосць
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як выглядае сапраўднае верацяно? – Гэта прылада да ручнога прадзення воўны, лёну, пянькі ў выглядзе драўлянай тачонай палачкі да прадзіва. Яе выстругвалі нажом або выточвалі з бярозы, ясеню, грушы і іншых парод дрэў з цвёрдай драўніны. Дзеля зручнасці і як аздабленне наразалі або выпальвалі колцы – паглыбленні. Пачынаць прасці на асобным верацяне называлася "зачынаць верацяно".
Верацяныя прыкметы
Верацяно у народнай культуры ўяўлялася не толькі прыладай працы, але і прадметам звязаным з цэлым шэрагам павер’яў. Яны заснаваны на ўяўленнях аб характэрных асаблівасцях гэтага прадмета. Тонкае, выцягнутае, заўсёды верціцца і таму часам па-беларуску яго называлі "верцяном". У народзе казалі:
"Знай, баба сваё крывое верацяно...",
ці "На шылца, на мылца, на крыва вераценца",
або "Лоб кручком, нос сучком, бруха лубком, хвост верацяном".
Бывала параўновалі з верацяном і людзей, заўважаючы іх асабістыя ўласцівасці. Так, у народзе пра худзенькага невысокага але спрытнага хлопчыка ці чалавека абавязкова скажуць "худы як вераценца". А вось пра непаседу заўважаць, што "ён круціцца, як верацяно".
Падчас працы зважалі на прыкметы, звязаныя з гэтым прадметам:
калі жанчына прала ў сваёй хаце, ды часам у яе падала верацяно, то мужчына не павінен быў яго падымаць. Лічылася, што ў яго часта будуць варочацца вазы з сенам;
не можна прасці лён, не кончыўшы пражы воўны, або наадварот, бо з таго не будзе карысці;
увогуле ўсялякай рабоце свой час, таму старыя людзі казалі: "Вясною, як пачнуць араць і сеяць, не можна прасці пасля захаду сонца, бо на пашні будзе шмат усялякага зелля". Ну, каму ж хочацца цэлае лета палоць грады?! Таму лепей класціся спаць своечасова;
калі ж падчас сну пабачыцца верацяно, то гэта прадракала плёткі. Спрактыкаваная тлумачальніца сноў сказала б: "Сплёткі бываюць, нехта круціць каля цябе". Прысніць, што круціцца верацяно – навіны або плёткі, абмова;
а вось калі пабачыць у сне, што мнеш кудзелю, дык гэта прадракала карыснае добрае знаёмства з чалавекам мяккага характару.
* * *
Адышлі ў нябыт многія добрыя народныя традыцыі, і цяпер ужо ніхто не збіраецца разам, каб прасці, ткаць ці скубаць пер’е для пярыны ў пасаг і пры гэтым спяваць, смяяцца і марыць аб шчаслівай долі. Аб тых часах нагадваюць старыя калаўрот і пралка, якія "спяць" на гарышчы.
Абрус запрашае
Што ж, досыць разваг ды ўспамінаў! Праца бабуліных рук жыве ў бялюткім абрусе на абедзеным стале, і я спяшаюся пачаставаць вас новай беларускай стравай.
Свініна ў цесце
З чаго гатаваць:
500 г свініны (кумпяк),
100 г здору,
100 г мукі,
0,5 шклянкі малака,
1 яйка,
соль,
перац,
часнок.
Як гатаваць. Свініну тонка нарэзаць упоперак валокнаў, моцна адбіць, пасаліць, паперчыць і абсыпаць тоўчаным часнаком. З мукі, яйка і малака прыгатаваць вадкае цеста, пасаліць. Апускаць падрыхтаваныя кавалкі мяса ў цеста і смажыць з абодвух бакоў у вялікай колькасці тлушчу.
Смачна есці!
Таксама на Sputnik:
Праваслаўны свет адзначае Пакроў Прасвятой Багародзіцы
Хто дорыць шчасце і пяшчоту: тыдзень маці праводзіцца ў Беларусі
Самыя родныя: атмасферныя фота да Дня маці