Ярмошына расказала аб новай назве ЦВК і аб тым, хто правядзе рэферэндум
© Sputnik / Виктор ТолочкоКіраўнік ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына
© Sputnik / Виктор Толочко
Падпісацца
Канстытуцыйны рэферэндум абыдзецца прыкладна ў 8, 1 млн долараў, гэта на 2 млн менш, чым прэзідэнцкія ці парламенцкія выбары.
МІНСК, 29 ліс – Sputnik. Неафіцыйная назва беларускага ЦВК, якой карысталіся больш за 25 гадоў, стане афіцыйнай, яе замацуюць у абноўленай Канстытуцыі, паведаміла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына.
Пра тое, што Цэнтральная выбарчая камісія атрымае новую назву, напярэдадні паведаміў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка, расказваючы аб нормах, якія замацаваны ў абноўленым праекце Канстытуцыі.
"Ён (ЦВК - Sputnik) і будзе нарэшце называцца Цэнтрвыбаркамам. Гэта значыць наша неафіцыйная назва стане афіцыйнай. Бо да гэтага наша назва ў Канстытуцыі была такая - Цэнтральная камісія рэспублікі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў", - паведаміла Sputnik старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Паводле яе слоў, прапанова змяніць назву Цэнтральнай выбарчай камісіі і замацаваць гэта ў Асноўным законе была зроблена ў мэтах зручнасці.
"Скарачэнне (доўгай назвы - Sputnik) па законе дапускалася да двух слоў - Цэнтральная камісія. Таму было страшна нязручна, і ўсе карысталіся агульнапрынятай міжнароднай назвай "Цэнтральная выбарчая камісія", або Цэнтрвыбаркам", - растлумачыла Ярмошына.
"Такім чынам, тая назва, якая прымянялася на практыцы, увойдзе ў Канстытуцыю", - сказала кіраўнік ЦВК.
Пра грошы на рэферэндум
Адказваючы на пытанне аб тым, як праходзіць падрыхтоўка да канстытуцыйнага рэферэндуму, Ярмошына паведаміла, што зараз ідзе перыяд "звычайнай працы", але Мінфін ужо прадугледзеў у праекце бюджэту пэўную суму на правядзенне кампаніі.
"Гэтыя сродкі прадугледжаны ў памер 20 335 000 рублёў", – сказала Ярмошына.
Паводле яе слоў, гэта прыкладна 8,1 мільёна долараў, калі разлічваць, што курс долара складае 2,5 рублі. Кіраўнік ЦВК адзначыла, што гэтая сума не з'яўляецца таямніцай, яна меншая, чым звычайна выдзяляецца на прэзідэнцкія або парламенцкія выбары (прыкладна 10 мільёнаў долараў).
"Мы (ЦВК - Sputnik) напісалі неабходныя праекты пастаноў, нават каляндарныя планы ўжо напісаны, адзінае, што не прастаўляем пакуль даты. Таксама напісаны тлумачэнні для ўчастковых камісій", - сказала кіраўнік ЦВК. Пры гэтым яна адзначыла, што рэферэндум - дастаткова простая электаральная кампанія ў параўнанні з выбарамі ў парламент або прэзідэнта.
Пра тэрмін паўнамоцтваў
Кіраўнік ЦВК таксама паведаміла, што прыме любое рашэнне па прадаўжэнню тэрміну яе паўнамоцтваў, але на рэферэндуме папрацаваць гатова.
"Тэрмін паўнамоцтваў ЦВК заканчваецца 22 снежня гэтага года. Мы (ЦВК - Sputnik) зможам праводзіць і арганізоўваць рэферэндум, калі нам гэты тэрмін афіцыйна падоўжаць на нейкі час. Альбо, магчыма, будзе прынятае рашэнне аб змене складу Цэнтрвыбаркама. Мне пакуль не вядома ", - сказала Ярмошына.
Яна патлумачыла, што тэрмін паўнамоцтваў ЦВК, і кіраўніка ЦВК у тым ліку, працягвае прэзідэнт, таму што гэта мае на ўвазе змяненне ў закон.
"У нас (ЦВК - Sputnik) тэрмін паўнамоцтваў прадугледжаны Выбарчым кодэксам, падоўжыць можна толькі раўнацэнным актам", - сказала яна.
Адказваючы на пытанне аб тым, ці гатова яна правесці яшчэ адну электаральную кампанію, Ярмошына сказала: "У прынцыпе, так, гатова. Я гатова да любога рашэння".
Калі пройдзе рэферэндум
Як раней паведамляў Sputnik са спасылкай на кіраўніка ЦВК, дакладную дату правядзення рэферэндуму прэзідэнт павінен назваць за 30 дзён да асноўнага дня галасавання. Паводле яе слоў, калі размова ідзе аб тым, што канстытуцыйны рэферэндум запланаваны на канец лютага, то прэзідэнт павінен выдаць указ аб яго правядзенні ў канцы студзеня.
Ярмошына нязменна кіруе ЦВК Беларусі ўжо больш за 25 гадоў, са снежня 1997 года. 20 снежня 2016 года скончыўся чарговы пяцігадовы тэрмін яе паўнамоцтваў на пасадзе кіраўніка ЦВК, і прэзідэнт працягнуў яго яшчэ на пяць гадоў. Улетку 2020 года, да прэзідэнцкіх выбараў, яна ў чарговы раз заявіла, што правядзе яшчэ адну электаральную кампанію і гатовая сысці з пасады.
"Мне не трэба падаваць у адстаўку, праз год заканчваецца тэрмін маіх паўнамоцтваў у Цэнтральнай камісіі, вось і ўсе планы. Скончыцца тэрмін паўнамоцтваў, і яна (адстаўка - Sputnik) наступіць сама сабой", - сказала яна летам 2020 года.
Кіраўнік ЦВК адзначыла, што ў 2025-м у Беларусі зноў трэба будзе праводзіць прэзідэнцкія выбары, а ёй будзе ўжо 73 гады. Правядзенне кампаніі ў такім узросце і з такімі нагрузкамі яна назвала "відавочным пераборам".
Чытайце таксама:
Лукашэнка: праца над змяненнямі Канстытуцыі выйшла на фінішную прамую
Аўтар першай Канстытуцыі Беларусі сказаў, што зменіцца з прыняццем новай
Ярмошына назвала, колькі выдаткуюць на правядзенне рэферэндуму па Канстытуцыі