Святочны калейдаскоп: куды пайсці на Новы год з дзецьмі
16:56 25.12.2021 (абноўлена: 17:08 25.12.2021)
© Sputnik / Виктор ТолочкоНавагодняя ёлка ў ГЦ Дана Мол
© Sputnik / Виктор Толочко
Падпісацца
Спектаклі, фотазоны, дыскатэкі, майстар-класы і вясёлыя гульні – сабралі для вас мноства варыянтаў стварыць дзіцяці навагодні настрой.
Sputnik ацаніў навагоднія афішы і праграмы на свежым паветры. Звычайна вопытныя бацькі ўсё прадумваюць (браніруюць) загадзя, таму, напрыклад, білеты на дзіцячую чыгунку ўжо раскупілі. Але варыянты застаюцца, асабліва пасля 1 студзеня. Некаторыя спектаклі адмяняюцца ці пераносяцца, таму лепш сачыць за афішай.
Навагоднія казкі
Класічны спосаб адзначыць з дзіцем Новы год – пайсці на спектакль. У святочныя дні, якія супадаюць з канікуламі ў школе, яны ёсць на кожнай буйной сцэне краіны.
"Галоўная ёлка краіны" прадстаўлена ў Палацы Рэспублікі (Кастрычніцкая плошча). Сёлета на вялікай сцэне па 4 студзеня з 11:00, 14:30 і 18:00 паказваюць казачнае шоу для ўсёй сям'і па п'есе Ганны Багачовай "Чароўная сіла". Стваральнікі абяцаюць сучасныя ідэі, палымяныя песні, неверагодныя дэкарацыі і касцюмы.
У малой зале Палаца рэспублікі па 7 студзеня ў 11:00, 15:00 і 18:00 арганізуюць "Падарожжа Блакітнай Стралы". Гасцей свята чакаюць прыгоды і высакародныя справы ў кампаніі з лялькамі, каўбоямі, смелым генералам і іншымі цацкамі. У аснову прадстаўлення лягла казка італьянскага пісьменніка Джані Радары.
© Sputnik / Виктор ТолочкоНавагоднюю ілюмінацыю ўключылі ў Мінску
© Sputnik / Виктор Толочко
У канцэртнай зале "Мінск" (вул. Кастрычніцкая, 5) арганізавалі мега-шоу "Самая лепшая Ёлка" - варыянт на бліжэйшыя выхадныя. Злыя сілы схавалі самую лепшую Навагоднюю песеньку. На пошукі 25 і 26 снежня ў 12:00, 15:00 і 18:00 адправяцца брат Кунг фу Панды, прафесары Адкрывашкін і Узрывашкін, французскі кухар Аліўе, каманда дружных шчанюкоў і робаты-трансформеры.
У гэтыя ж дні і там жа, але на малой сцэне, у 11:00 прэзентуюць сюжэтна-гульнявую праграму для самых маленькіх "З Новым Годзікам", а ў 14:00 і 17:00 пачнуць расказваць казку "Іронія Зімы, або З першым снегам". Аўтары прапануюць узяць з сабой рукавіцы на выпадак, калі раптам пойдзе снег і захочацца пагуляць у снежкі.
Імправізацыйную "Зімовую рапсодыю" пакажуць у Мінскім гарадскім палацы культуры (вул. Маякоўскага, 129, корп. 1). Гледачы патрапяць у свет музыкі, неверагодных прыгод і навагодняга цуду. Чарадзеі і героі любімых казак забяспечаць тры гадзіны бесперапыннай весялосці. Апроч самога спектакля, дзеці змогуць наведаць навагоднія фотазоны і выпрабаваць сябе ў атракцыёнах. Абяцаюць карнавал з дзіцячай дыскатэкай і ўдзелам роставых лялек.
Тым, хто хоча падоўжыць дзіцяці навагодні настрой, можна звярнуць увагу на Дом літаратара (вул. Фрунзэ, 5). 29 снежня і 7 студзеня (пачатак у 11:00) тут можна будзе ўбачыць навагоднюю дэтэктыўную гісторыю: грабежнік, які абкраў Дзеда Мароза, пакінуў доказ, і на пошукі злачынца ў глухі лес адправіцца Снягурачка. У праграме свята значыцца Калядны баль-маскарад ля ёлкі, вясёлыя гульні і танцы. Чароўная печка прапануе навагоднія пачастункі.
2 і 8 студзеня навагодні цуд у Доме літаратара зробяць Тролі. Яны рыхтуюць маляўнічы, "пявучы і танцуючы" навагодні карнавал.
Час чараўніцтва ў гандлёвых цэнтрах
Стварыць святочную атмасферу імкнуцца гандлёвыя цэнтры сталіцы. Сёлета можна даслаць ліст Дзеду Марозу ці наведаць рэзідэнцыю казачнага персанажа.
Galleria Minsk, што на праспекце Пераможцаў, арганізавала на першым паверсе фотазону з дапоўненай рэальнасцю "Пісьмы дабра". Гэта дабрачынны праект: сабраныя сродкі накіруюць на падтрымку дзяцей з аўтызмам.
На трэцім паверсе па буднях па 29 снежня з 12:00 да 16:00 працуе ўпаковачная майстэрня, дзе можна бясплатна ўпакаваць падарункі, набытыя ў гандлёвым цэнтры.
А на чацвёртым паверсе кожны чацвер з 18:00 да 20:00 праходзяць майстар-класы па навагоднім дэкоры.
© Sputnik / Виктор ТолочкоНавагодні Мінск
© Sputnik / Виктор Толочко
У ГРЦ "МОМО" (Партызанскі пр-т, 150А) арганізавалі конкурс на самае цікавае пісьмо Дзеду Марозу: трэба выканаць некалькі нескладаных умоў, звязаных з сацсеткамі. Прызы атрымаюць трое найлепшых.
У Dana Mall да 14 студзеня аб'явілі час чараўніцтва з забаўкамі для дзяцей і навінкамі кіно, на другім паверсе працуе бясплатная фотазона з Дзедам Марозам.
У падземным ГЦ "Сталіца" на плошчы Незалежнасці ўпэўнены, што кожны дзень можна знайсці месца для цуду. 27 і 30 снежня арганізуюць гадзінную забаўляльна-гульнявую праграму для дзяцей "Чароўны гадзіннік", а 29-га – "Барбоскін Новы год". Пачатак у 17:00, пасля абяцаюць дзіцячую дыскатэку. Уваход вольны.
Святочнае шоу для дзяцей зладзяць і ў ГЦ "Скала" (вул. П. Глебкі, 5). 25, 30 і 31 снежня з 15:00 да 17:00 са святамі павіншуюць Дзед Мароз і Снягурачка, правядуць вясёлыя гульні, конкурсы і дыскатэку з казачнымі героямі.
Бясплатная рэзідэнцыя Дзеда Мароза па 7 студзеня адкрыта ў ГРЦ "Тытан" (прасп. Дзяржынскага, 104, корп. 2). Бацькі змогуць бясплатна скарыстацца паслугамі зімовага чараўніка: папрасіць уручыць загадзя падрыхтаваны падарунак або заняць дзіця на час шопінгу.
"Навагодні перапалох" таксама са свабодным уваходам арганізуюць у снежні ў цэнтры распродажу OUTLETO. Гэта серыя дзіцячых забаў па матывах казак і мультфільмаў. Усе ўрачыстасці пачынаюцца апоўдні: 25 снежня будзе "Навагодні скарб пірата Флінта і Спанч Боба", 30-га - "Аліса ў краіне цудаў: сустракаем Новы год у вясёлай кампаніі".
Гулянні на свежым паветры
Гэты спосаб вольнага часу можа стаць самым яркім і падарыць безліч ўражанняў дзецям, паколькі дзейства максімальна набліжана да рэалій свята.
Самым "раскручаным" у гэтым сэнсе з'яўляецца ўрачыстасць ў Белавежскай пушчы, дзе знаходзіцца афіцыйная рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза. Яна займае 15 гектараў, там ёсць алея казак і скульптуры казачных герояў. Ёсць у царстве зімовага чараўніка Вятрак, які перамолвае дрэнныя ўчынкі, і Чароўны калодзеж. Таксама ў праграму ўваходзіць наведванне адкрытых вальераў з дзікімі жывёламі, сярод якіх адзін з сімвалаў пушчы – зубр.
© Sputnik / Сергей ЛескетьДзед Мароз і Снягурачка ў рэзідэнцыі ў Белавежскай пушчы
© Sputnik / Сергей Лескеть
Нумары ў гасцініцах Нацыянальнага парку і хаткі з сярэдзіны снежня да Старога Новага года браніруюць ці ледзь не за паўгода, і актыўны ўдзел у гэтым прымаюць расіяне.
Між тым айчынныя турфірмы прапануюць аднадзённыя туры і двухдзённыя паездкі з удзелам у забаўляльнай праграме з навагоднімі героямі, начлегам у Брэсце і наступным наведваннем крэпасці.
Менш папулярны і ў сувязі з гэтым больш даступны напрамак – Бярэзінскі біясферны запаведнік. З Мінска сюды можна дабрацца па віцебскай трасе за дзве з лішняй гадзіны.
Для індывідуальных наведвальнікаў у складзе зборных груп свята ладзяць 25 снежня, 2 і 7 студзеня. Пачынаецца яно ў 12:00. Патрэбны папярэдні запіс.
Для дзяцей падрыхтавалі аднадзённую забаўляльную праграму з вясёлымі гульнямі і конкурсамі, майстар-класам па стварэнні навагодняга сувеніра, экскурсіяй у заапарк і дэгустацыяй бліноў.
Таксама на Sputnik:
Самыя яркія і незвычайныя ёлкі свету – фота навагодніх прыгажунь
Ёлкі, букеты з шышкамі і тыгры паўсюль: навагодняя мода ў Беларусі – відэа
Метро Мінска пераходзіць на навагодні рэжым працы
"Дзеда лепім мы са снегу!": пераднавагодні настрой у зімовых вершах
Якую ёлку купіць: жывую, штучную ці ў кадцы?