Беспарадкі пасля падаражання газу: што зараз адбываецца ў Казахстане
12:03 05.01.2022 (абноўлена: 20:33 05.01.2022)
© AP / Vladimir TretyakovПратэсты ў Казахстане
© AP / Vladimir Tretyakov
Падпісацца
Жыхары гарадоў Актобе і Алматы пайшлі на штурм мясцовых адміністрацый, у шэрагу раёнаў уведзены рэжым надзвычайнага становішча.
МІНСК, 5 сту – Sputnik. Масавыя хваляванні ўспыхнулі ў Казахстане пасля падаражання звадкаванага газу ў першыя дні новага года. Што адбываецца прама зараз у краіне – чытайце ў матэрыяле Sputnik.
Спачатку на вуліцы выйшлі жыхары гарадоў Жанаозен і Актаў у Магністаўскай вобласці краіны пасля таго, як у два разы вырас кошт на звадкаваны нафтавы газ. Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў адрэагаваў на патрабаванні гараджан і даручыў стварыць урадавую камісію для вырашэння сітуацыі. 4 студзеня камісія паведаміла, што разгледзела скаргі і гатова знізіць цэны на газ, але не да ранейшага ўзроўню.
Аднак за некалькі дзён пратэсты распаўсюдзіліся і на іншыя гарады – у прыватнасці ў найбуйнейшым горадзе краіны – Алматы – у ноч на 5 студзеня адбыліся сутыкненні пратэстуючых грамадзян з сілавікамі, праваахоўнікі прымянілі святлошумавыя гранаты і газ.
Прэзідэнт Такаеў у сваю чаргу выступіў са зваротам, у якім заклікаў грамадзян праявіць разважлівасць і не паддавацца на правакацыі. Ён падкрэсліў, што заклікі атакаваць адміністрацыйныя памяшканні з’яўляюцца незаконнымі. Улада, запэўніў Такаеў, не зрынецца, а краіне не патрэбен канфлікт.
Штурм адміністрацый і пажар
Аднак не ўвесь народ пачуў свайго прэзідэнта - ноччу ў некалькіх гарадах мітынгуючыя грамадзяне спалілі некалькі паліцэйскіх аўтамабіляў і не спынілі сутычкі з сілавікамі.
А ўжо сёння раніцай жыхары горада Актобе пайшлі на штурм гарадской адміністрацыі. Натоўп людзей прарваў ачапленне сілавікоў і захапіў адміністрацыйны будынак.
© AP / Vladimir TretyakovПратэсты ў Казахстане
Пратэсты ў Казахстане
© AP / Vladimir Tretyakov
Па інфармацыі Sputnik Казахстан, у Алматы таксама штурмуюць будынак акімата. Сілавікі спрабавалі стрымаць натоўп слёзатачывым газам і святлошумавымі гранатамі, аднак у выніку пратэстоўцы ўварваліся ў будынак.
Пазней у мэрыі Алматы адбыўся пажар.
© AP / Yan BlagovДым над будынкам акімата падчас пратэстаў у Алматы, Казахстан, у сераду, 5 студзеня 2022 года.
Дым над будынкам акімата падчас пратэстаў у Алматы, Казахстан, у сераду, 5 студзеня 2022 года.
© AP / Yan Blagov
Як перадае карэспандэнт Sputnik, у пратэстуючых грамадзян у Алматы таксама былі святлошумавыя гранаты, некаторыя былі ўзброены палкамі і шчытамі.
Яшчэ адзін натоўп мітынгоўцаў, паводле інфармацыі агенцтва, спрабуе прарвацца ў старую рэзідэнцыю прэзідэнта.
Sputnik Казахстан адзначае, што ў Алматы адбыўся пажар у філіяле правячай партыі Nur Otan.
© Sputnik
У самім будынку, дзе знаходзіцца філіял, выбіты вокны на першым і другім паверхах. Гарыць і будынак гарадской пракуратуры.
Урад у адстаўку і рэжым надзвычайнага становішча
Яшчэ сёння ўначы Такаеў падпісаў указ аб адстаўцы ўрада на фоне пратэстаў. В.а. прэм'ер-міністра прызначаны першы віцэ-прэм'ер Аліхан Смаілаў. Да зацвярджэння новага складу стары кабмін працягне сваю дзейнасць.
© AP / Vladimir TretyakovПратэсты ў Казахстане
Пратэсты ў Казахстане
© AP / Vladimir Tretyakov
Такаеў, прымаючы адстаўку ўрада, заявіў, што на кабміне ляжыць асаблівая віна за дапушчэнне пратэстнай сітуацыі ў краіне.
"Гаворачы аб няпростым грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы ў краіне, Касым-Жамарт Такаеў адзначыў, што асаблівая віна за дапушчэнне пратэстнай сітуацыі ў сувязі з павышэннем цэн на звадкаваны газ ляжыць на ўрадзе", - гаворыцца ў паведамленні на сайце прэзідэнта Казахстана.
Такаеў сёння раніцай увёў надзвычайнае становішча ў Алмацінскай вобласці - з 5 па 19 студзеня. Дакументам прадугледжваецца і ўвядзенне каменданцкай гадзіны на перыяд дзеяння рэжыму надзвычайнага становішча.
Рэжым надзвычайнага становішча быў уведзены таксама ў Мангістаускай вобласці краіны. У сераду днём надзвычайнае становішча ўвялі і ў сталіцы Казахстана - Нур-Султане. У горад абмежавалі ўезд, а таксама выезд з яго. Увялі таксама і каменданцкую гадзіну - з 23 гадзін да 7 раніцы.
Увечары серады было вырашына пашырыць рэжым надзвычайнага становішча на ўсю тэрыторыю Казахстана, перадае Sputnik Казахстан.
"Рэжым надзвычайнага здарэння ўведзены на ўсёй тэрыторыі Казахстана", – гаворыцца ў паведамленні агенцтва ў Telegram-канале.
Пацярпелі медыкі і сілавікі
Упраўленне аховы здароўя краіны паведаміла аб тым, што пратэстуючыя асобы перашкаджаюць працы ўрачоў. Паводле інфармацыі Упраўлення аховы здароўя, у выніку супрацьпраўных дзеянняў пацярпелі пяць супрацоўнікаў хуткай дапамогі, у тым ліку два вадзіцелі.
© AP / Vladimir TretyakovАМАП блакіруе вуліцу падчас акцыі пратэсту ў Алматы
АМАП блакіруе вуліцу падчас акцыі пратэсту ў Алматы
© AP / Vladimir Tretyakov
Пры штурме акімата Алматы, як перадае Sputnik Казахстан, пацярпелі сілавікі, якія знаходзіліся ў будынку. Колькасць пацярпеўшых не паведамляецца.
Паводле інфармацыі паліцыі краіны, з-за дзеянняў "экстрэмісцкіх груповак" у Алма-Аце было спалена 120 аўтамабіляў і збіты 500 грамадзянскіх асоб, сярод якіх жанчыны і старыя.
Згодна са статыстыкай праваахоўных органаў, разбіты звыш 100 крам і аб'ектаў гандлю, пашкоджана 200 прадпрыемстваў грамадскага харчавання.
Захоп тэлецэнтра і адключэнне інтэрнэту
Пратэстоўцы захапілі сёння і будынак, у якім знаходзяцца карпункты казахстанскіх тэлеканалаў. Многія памяшканні рэдакцый былі разгромлены.
У захопленым будынку на той момант знаходзіўся і карэспандэнт Sputnik Казахстан. Ён распавёў, што яго каля гадзіны ўтрымлівалі мітынгоўцы, пазней яму ўдалося выбрацца.
Днём улады краіны адключылі інтэрнет па ўсёй рэспубліцы. Не адкрываюцца парталы інфармагенцтваў, у тым ліку і Sputnik Казахстан. Няма доступу і да парталаў дзяржорганаў.
Захоп аэрапорта
Як перадае Sputnik Казахстан са спасылкай на выданне Orda.kz, мітынгоўцы ўжо захапілі будынак аэрапорта ў Алматы.
"Па папярэдніх дадзеных, у аэрапорце зараз знаходзяцца каля 45 захопнікаў. Мы загадзя хутка эвакуіравалі пасажыраў", - распавяла прэс-служба аэрапорта.
Адзначаецца, што вайскоўцы, якія ахоўвалі аэрапорт, пакінулі тэрыторыю паветранай гавані. Эвакуацыя пасажыраў рабілася сіламі супрацоўнікаў аэрапорта.
Зварот Такаева
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў выступіў у сераду днём са зваротам да нацыі. Ён заявіў, што ўлада з сённяшняга дня мае намер дзейнічаць максімальна жорстка ў адносінах да парушальнікаў падчас акцый пратэсту.
"З сённяшняга дня мы маем намер дзейнічаць максімальна жорстка ў адносінах да правапарушальнікаў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Такаеў падкрэсліў, што ўжо вядома аб ахвярах з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Ён дадаў, што з сённяшняга дня ўзначальвае Савет бяспекі краіны замест раней назначанага пажыццёвым кіраўніком Саўбеза Казахстана Нурсултана Назарбаева.
Такаеў таксама паабяцаў, што не пакіне сталіцу і застанецца разам з народам. "Што б ні было, я буду знаходзіцца ў сталіцы", - сказаў прэзідэнт.
Рэакцыя Расіі
Казахстан не запытваў у Расіі дапамогу ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў краіне, пра гэта паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітры Пяскоў.
"Перакананы, што нашы казахстанскія сябры могуць самастойна вырашыць свае ўнутраныя праблемы", - сказаў ён, адзначыўшы, што важна, каб ніхто не ўмешваўся ў сітуацыю ў краіне.
У МЗС РФ адзначылі, што Расія спадзяецца на скарэйшую нармалізацыю становішча ў Казахстане.
"Спадзяемся на скарэйшую нармалізацыю становішча ў краіне, з якой Расію звязваюць адносіны стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва, брацкія, чалавечыя кантакты", - гаворыцца ў заяве знешнепалітычнага ведамства.
Сітуацыя ў Казахстане з'яўляецца ўнутранай справай рэспублікі, паведаміў віцэ-спікер Савета Федэрацыі Канстанцін Касачоў, каментуючы тое, што адбываецца ў краіне.
"Цяперашняя сітуацыя - выключна ўнутраная справа Казахстана. Можна толькі пажадаць дружалюбнаму нам народу пазбегнуць крайнасцей і выйсці з гэтай сітуацыі з захаваным пачуццём адзінства нацыі, якое заўсёды было яго адметнай рысай", - цытуе словы Касачова РІА Навіны.
Інфармацыі аб пацярпеўшых беларусах няма
Пасольства Беларусі ў Казахстане адсочвае сітуацыю ў краіне і знаходзіцца ў кантакце з уладамі, паведамілі Sputnik у дыппрадстаўніцтве.
"Інфармацыі аб пацярпеўшых або затрыманых грамадзянах Беларусі на тэрыторыі Казахстана ў час пратэстных акцый не паступала", - расказалі ў пасольстве.
"Белавія" і Казахстан
Нягледзячы на абстаноўку ў Казахстане, яшчэ раніцай беларуская авіякампанія "Белавія" паведаміла, што пакуль не спыніла палёты ў рэспубліку, аб гэтым паведамілі Sputnik у прэс-службе перавозчыка.
"Усе штатна, працягваем лятаць з Мінска ў Нур-Султан і Алматы", - расказалі ў авіякампаніі.
Мяркуючы па табло Нацыянальнага аэрапорта "Мінск", найбліжэйшы рэйс у Казахстан быў запланаваны на вечар серады, вылет у 20:05. Аднак у 18.30 з'явілася інфармацыя, што рэйс усё ж адменены.
Вечарам "Белавія" апублікавала паведамленне аб тым, што пасажыры могуць бясплатна перабраніраваць білеты ў Казахстан, аформленыя да 10.01 уключна і назад да 31.01 уключна.
Чытайце таксама:
Урад Казахстана пайшоў у адстаўку на фоне масавых пратэстаў
Пратэстуючыя грамадзяне ў Казахстане дабіліся зніжэння цаны на газ
У Казахстане працягваюцца пратэсты з-за цэн на газ