Шэф беларускай місіі расказаў аб загадках зімовай Алімпіяды ў Пекіне

© Sputnik / Виктор ТолочкоАляксандр Гагіеў
Аляксандр Гагіеў - Sputnik Беларусь, 1920, 20.01.2022
Падпісацца
Аляксандр Гагіеў наракае, што падрабязнай інфармацыі аб тым, дзе спартсмены будуць жыць, трэніравацца і выступаць, няма і ўжо не будзе. Асвойвацца давядзецца на месцы.
Алімпіяда ў Пекіне пачнецца праз два тыдні, аднак у членаў беларускай каманды няма і ўжо не будзе поўных і падрабязных звестак аб умовах правядзення Гульняў. Уласна, у такіх самых умовах знаходзяцца і астатнія краіны. Акрамя, зразумела, Кітая. Але гэта слабае суцяшэнне.
Як расказаў Sputnik шэф беларускай місіі на будучай Алімпіядзе, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту Аляксандр Гагіеў, звычайна за год да Гульняў для ўсіх шэфаў місій краіна-гаспадыня праводзіць азнаямленчы семінар. На ім кожная дэлегацыя мае магчымасць падрабязна і проста на месцы вывучыць літаральна ўсё: ад праходжання акрэдытацыі да маршрутаў перамяшчэння паміж аб’ектамі.

Гульня ў цёмную

Гагіеў быў шэфам місіі на АГ-2016 у Рыа-дэ-Жанейра, і тады аргкамітэт прадэманстраваў усё загадзя і найпадрабязнейшым чынам.
"На саму Алімпіяду мы ляцелі, узброеныя інфармацыяй, уласнымі шпаргалкамі, уражаннямі і дакладным разуменнем, дзе наша каманда будзе жыць, трэніравацца, выступаць і адпачываць. Цяпер такога, на жаль, няма. Але нічога не зробіш: пандэмія", - падзяліўся Гагіеў.
Арганізатары Гульняў у Пекіне адмовіліся і ад так званага Алімпійскага тыдня, падчас якога праходзяць тэставыя спаборніцтвы. З беларускіх спартсменаў адну з арэн летась у кастрычніку апрабавалі толькі прадстаўнікі шорт-трэка, але на Алімпіяду яны не адабраліся.
Як распавёў Гагіеў, сервісмены, якія працуюць з беларускімі біятланістамі, нядаўна зляталі ў Кітай, каб вывучыць трасу, асаблівасці снежнага покрыва, але паездка выдалася скомканай, паколькі нічога толкам ім не паказалі і не патлумачылі.
"Адкатаць лыжы і паспрабаваць розныя варыянты змазкі не атрымалася. У гэтым таксама складанасць, але нас яна не моцна палохае. Упэўнены: сэрвісмены і спартсмены адаптуюцца і асвояцца хутка, прама на месцы", - сказаў Гагіеў.

Туды і назад

Практыкаванай раней цырымоніі провадаў алімпійскай зборнай не плануецца. Не будзе і малебна. Прычыны дзве: пандэмія і вылет на Алімпіяду з розных кропак.
Як расказаў Аляксандр Гагіеў, маршруты, рэйсы, час вылетаў старанна прадуманы, вызначана схема вяртання ў Беларусь пасля Гульняў.
Напрыклад, біятланісты адправяцца на Алімпіяду двума групамі з Мілана. Прадстаўніца гарналыжнага спорту Марыя Шканава будзе дабірацца з Франкфурта-на-Майне. Канькабежцы, фрыстайлісты, фігурысты і лыжнікі паляцяць з Мінска.

Без прышчэпкі нельга!

У сталіцу Кітая перадавая група вылеціць 24 студзеня. Задача: разведаць абстаноўку, размясціцца, падрыхтавацца да прылёту астатніх членаў дэлегацыі.
Намеснікам шэфа місіі прызначаны Васіль Юрчык – начальнік аддзела міжнародных адносін НАК. У яго за плячыма ўжо 8 Алімпіяд (4 зімовыя і 4 летнія). Як падкрэсліў Гагіеў, на Юрчыка ўскладаецца вялікая надзея, як на вопытнага, надзейнага, праверанага і адказнага чалавека. Тым больш, што Юрчыка добра ведаюць і ў МАК, і ў шмат якіх нацыянальных алімпійскіх камітэтах.
Па словах шэфа місіі, яны ўжо запоўнілі спецыяльны мабільны дадатак, які адсочвае стан здароўя.
"Я ўжо дзесяць дзён яго запаўняю. Яшчэ трэба будзе здаць два ПЦР-тэсты, адзін з якіх у дзень вылету, і тут жа дадзеныя ўнесці ў дадатак", – распавёў Гагіеў.
Ён запэўніў: кожны з тых, хто адправіцца на Гульні, абучаны, ведае, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі, да каго звяртацца па дапамогу. Асаблівую ролю ў гэтым адыгрываюць работнікі РНПЦ спорту на чале з Ірынай Маляванай.
Усе члены дэлегацыі вакцынаваны. Без гэтага ў Пекін не пусцяць. На летнюю Алімпіяду ў Токіа можна было прыбыць без прышчэпкі ад каронавіруснай інфекцыі, здаўшы ПЦР-тэст у аэрапорце па прылёце.
Цяпер такое выключана. Няма прышчэпкі – на трохтыднёвы каранцін, а то і зусім дадому.
"На Алімпіядзе ПЦР-тэсты ўсе будуць здаваць штодзень. Не сліну ў прабірцы, як гэта было ў Токіа, а менавіта тэсты. Прычым рабіць гэта будуць не медыкі нацыянальных каманд, а персанал алімпійскіх медцэнтраў, цэнтралізавана. Іншыя варыянты не прадугледжаны", - растлумачыў Аляксандр Гагіеў.
Для алімпійцаў будзе створаны своеасаблівы "пузыр". Нешта падобнае было ў Токіа, але ў Пекіне абяцаны больш жорсткія меры. Алімпійская вёска і арэны стануць стэрыльнымі зонамі. Самастойна перамяшчацца па горадзе ніхто з членаў дэлегацый не мае права.
Кітайскія ўлады сур’ёзна занепакоены тым, каб засцерагчы ўдзельнікаў Гульняў і мясцовых жыхароў ад любых перадумоў заразіцца якім-небудзь вірусам. Тым не менш, абяцана стварыць для замежных гасцей Кітая святочную атмасферу. Тым больш, што ў гэты час у КНР будуць адзначаць Новы год.

Без гледачоў

Як і Такійская Алімпіяда, Пекінская пройдзе без замежных гледачоў, што пазбаўляе мерапрыемства асаблівай атмасферы.
"Падчас пандэміі спартсмены ўжо пачалі прывыкаць да пустых трыбун, адсутнасці ўхваляльнага гулу, крыкаў, апладысментаў, але ўсё роўна адсутнасць балельшчыкаў гняце. Калі я быў на Алімпійскіх гульнях у Сочы, там часам было складана праціснуцца, але пры гэтым усе людзі былі радасныя, ветлівыя, вясёлыя, гэта стварала адчуванне вялікага спартыўнага свята. Гэтым Алімпіяды і каштоўныя", - сказаў Гагіеў.
Разам з тым, паводле яго слоў, спартыўны складальнік ніхто не адмяняў: атлеты ляцяць у Пекін, каб змагацца і перамагаць.

Аб медальных планах

У беларускіх спартсменаў медалі на Алімпіядзе ў Пекіне будуць абавязкова, а вось колькі – загадваць не трэба, лічыць шэф місіі.
"Кожны спартсмен павінен выкласціся на сто працэнтаў, тады і вынік будзе, але гаварыць аб нейкіх планах на медалі, значыць, ціснуць на людзей псіхалагічна. Гэтага не трэба зараз рабіць", - перакананы Гагіеў.
Ён лічыць, што шансы ёсць у кожнага беларускага спартсмена, хаця самыя вялікія надзеі па традыцыі ўскладаюцца на прадстаўнікоў біятлона і фрыстайла.
"Безумоўна, цешаць выступленні нашых біятланістаў на этапах Кубка свету. Прычым добрыя вынікі паказваюць як жанчыны, так і мужчыны, што асабліва прыемна. У жаночай камандзе ёсць два лідары – Дзінара Алімбекава і Ганна Сола, якія могуць змагацца за медалі ў любой гонцы. У нас цяпер моцная жаночая эстафета. Прыкметна падцягнулася мужчынская каманда. Выдатна выступае Антон Смольскі. Вельмі перспектыўна выглядае змешаная эстафета", - адзначыў Гагіеў.
Шэф місіі падкрэсліў, што ўсе разлічваюць і на прадстаўнікоў беларускай школы фрыстайла, дзе ёсць лідар – Ганна Гуськова, а таксама таленавітая моладзь, здольная здзівіць. Тым больш, што лыжная акрабатыка настолькі непрадказальная дысцыпліна, што там могуць здарыцца любыя сюрпрызы.
"Спадзяюся, што нашы спартсмены не парушаць сталую традыцыю, і хаця б адзін медаль з Алімпіяды ў Мінск прывязуць", - сказаў Аляксандр Гагіеў.
Ён абмовіўся, што не скідае з рахунку і прадстаўнікоў іншых відаў спорту, якія адпраўляюцца на Гульні не шпацыраваць. На яго думку, цяперашні састаў беларускіх алімпійцаў аптымальны і збалансаваны.
"Баюся загадваць, але ўпэўнены, што на гэтай Алімпіядзе беларускім гледачам будзе за каго хварэць", - сказаў Аляксандр Гагіеў.

Убачыць Домрачаву

Спадзяецца Гагіеў, што падчас біятлонных гонак атрымаецца пабачыцца з Дар’яй Домрачавай, якая зараз выступае ў ролі трэнера кітайскай жаночай зборнай па біятлоне: "Калі не зможам наблізіцца з-за строгіх антыкавідных мер, дык хаця б рукамі памахаем адзін аднаму".

Трохі статыстыкі

XXIV зімовая Алімпіяда пройдзе ў Пекіне з 4 па 20 лютага 2022 года. На Гульнях будуць разыграны 109 камплектаў медалёў у 15 відах спорту.
Спаборніцтвы правядуць як на новых аб'ектах, так і на тых, якія былі пабудаваны да Алімпіяды-2008. Пекін стане першым горадам, які прыме як летнія, так і зімовыя Гульні.
На папярэдняй зімовай Алімпіядзе ў Пхенчхане беларусы заваявалі два залатыя медалі і адзін сярэбраны. Узнагароды вышэйшай пробы ў актыве фрыстайлісткі Ганны Гуськовай, а таксама біятланістак Дар’і Домрачавай, Надзея Скардзіна, Ірыны Крыўко і Дзінары Алімбекавай у эстафеце. Дар’я Домрачава фінішавала другой у мас-старце.
З зімовых Алімпіяд для Беларусі пакуль што самай паспяховай стала Сочынская. У "скарбонку" краіны ляглі 5 залатых і 1 бронзавы медаль. Біятланістка Дар’я Домрачава тройчы паднімалася на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару, перамогшы ў індывідуальнай гонцы, гонцы праследавання і мас-старце. Двойчы золата заваявалі фрыстайлісты: Антон Кушнір і Ала Цупер. Бронзавая ўзнагарода на рахунку біятланісткі Надзеі Скардзіна ў індывідуальнай гонцы.
Лагатып Алімпіяды-2022 у Пекіне - Sputnik Беларусь, 1920, 17.01.2022
Названы склад беларускай зборнай на зімовую Алімпіяду ў Пекіне
Чытайце таксама:
Стала вядома, колькі беларусаў адправіцца на Алімпіяду ў Пекін
Медалі зімовай Алімпіяды-2022 прэзентавалі ў Пекіне
Агонь зімовых Алімпійскіх гульняў даставілі ў Пекін
Спартсменаў, прышчэпленых расійскімі вакцынамі, дапусцяць на Алімпіяду-2022
Спартыўныя вынікі года: інтрыгі, скандалы, нагоды для радасці
Стужка навiн
0