Замкі з прывядзеннямі і эліксір маладосці: чым яшчэ здзівяць турыстаў

© Sputnik / Виктор ТолочкоМірскі замак
Мірскі замак - Sputnik Беларусь, 1920, 18.02.2022
Падпісацца
У Рэспубліканскім саюзе турыстычнай індустрыі расказалі, як выратаваць галіну ў пандэмію.
У пандэмію даходнасць удзельнікаў турыстычнага рынку рэзка знізілася, галіна ў Беларусі імкліва страчвае прафесійныя кадры. Аб новых інавацыйных падыходах па развіццю ўнутранага турызму і прыцягненню гасцей з Расіі расказалі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь.
Паводле слоў члена праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Дзмітрыя Марозава ў цэлым турызм у Беларусі дастаткова актыўна развіваўся, пакуль не ўнесла карэктывы пандэмія.

Хто падтрымліваў беларускі турызм?

"Праблемы - гэта закрытасць меж. Для Беларусі стратэгічным партнёрам з'яўляецца Расійская Федэрацыя. Сёння з-за пандэміі складана перасекчы мяжу на асабістым аўтамабілі або экскурсійным аўтобусе. Так, цягнікі ходзяць, тая ж "Ласточка". Гэта вырашае пытанне толькі збольшага. Для такога масавага патоку турыстаў пытанне адкрытай мяжы з'яўляецца надзвычай важным. Спадзяемся, што сёлета праблему ўдасца вырашыць", - сказаў Марозаў.
Па словах спікера, масавы паток турыстаў з Расіі шмат у чым падтрымліваў галіну.
"У рамках сямідзённага падарожжа да пандэміі турыст з Расіі траціў каля тысячы беларускіх рублёў. Напрыклад, сярэдні кошт экскурсіі ў Мірскі замак у Нясвіжы - недзе 90 рублёў на чалавека (каля 35 долараў - Sputnik). Гэта значыць патэнцыял дастаткова вялікі", - прывёў лічбы Марозаў.
У перыяд пандэміі і праблем з транспартнымі зносінамі туры ў рэспубліку не вельмі запатрабаваны. Падае прыбытковасць галіны, канстатаваў ён.
"Узнікла кадравая праблема. Спецыялісты перапрафіляваліся. Знайшлі сабе работу ў іншых галінах. Прафесіяналы ў галіне турызму не спяшаюцца вяртацца назад", - сказаў спікер.

Як прыцягнуць заможнага кліента?

На думку старшыні Асацыяцыі Белбрэнд Альберта Таіпава, у рэспубліцы створана дастаткова ўмоў, каб зрабіць турыстычную галіну сапраўднай візітнай карткай Беларусі.
"У нас было дастаткова шмат і індывідуальных экскурсій для грамадзян Расіі. Ім былі цікавыя менавіта аўтэнтычныя месцы, як кажуць, не кранутыя наогул ніякай інфраструктурай. У Беларусі шмат такіх аб'ектаў, што прыцягвае расіян, якія гатовы плаціць сур'ёзныя грошы. Прыйшла ідэя зрабіць праект менавіта у дапамогу нашай дзяржаве. Захаваць ва ўмовах пандэміі тое, што было напрацавана", - сказаў Таіпаў.
Аб інавацыйным праекце больш падрабязна расказала менеджэр па міжнародных адносінах асацыяцыі Дыяна Зайкоўская.
"Асацыяцыя запусціла праект - першы відэадаведнік аб Беларусі - Belarus Travel Brands. Кожны ролік - а ўсяго іх 20 - доўжыцца ўсяго хвіліну. Гэта кліпавы фармат (менавіта такім чынам зараз думае моладзь), які перш за ўсё ў эмацыйным ключы паказвае турыстычны патэнцыял Беларусі", - растлумачыла Зайкоўская.
Па меркаванні ўдзельнікаў канферэнцыі, "класічныя туры" губляюць актуальнасць. Сёння ў трэндзе індывідуальныя туры.
"Падарожжы з поўным апусканнем у асяроддзе. Падчас тура, напрыклад, можна заехаць у аграсядзібу проста на абед. А можна прасякнуцца побытам, духам нейкай эпохі. Даведацца, як гаспадыня робіць сыр, убачыць казу, ад якой атрымана малако для гэтага сыру. Самому спячы хлеб, запісаць рэцэпт закваскі", - сказала Зайкоўская.
У прынцыпе, гэтая ідэя не новая. Але, па словах спікераў, яе напоўнілі новым зместам. Напрыклад, па ўсёй рэспубліцы праходзяць традыцыйныя "кірмашы". Яны для беларусаў ужо звыклыя, а таму патрэбна яшчэ нейкае дзейства, якое б прывабіла масавага турыста.
"Напрыклад, у Зэльвенскім раёне мы яшчэ дадалі рыцарскі турнір. Прычым, было прадстаўлена адразу чатыры гістарычныя эпохі", - сказаў Таіпаў.
У выніку пра беларускую Зэльву даведаліся далёка за межамі рэспублікі, адзначаюць эксперты.
"Мы бачым вялікую цікавасць з боку РФ да развіцця турызму ў Беларусі. Напрыклад, на фестывалі ў Зэльве прысутнічалі прадстаўнікі пасольства Расіі ў Беларусі і Ніжагародскай вобласці. Сёлета да асацыяцыі звярнуліся два гарады Ніжагародскай вобласці, каб падзяліцца вопытам", - сказала Зайкоўская.
Таксама, на думку ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі, прывабіць кліента можна, выкарыстоўваючы мясцовыя легенды. Напрыклад, пра замак з прывядзеннямі або эліксіры маладосці з балотнай травы, дзе праходзіць экалагічная сцежка.
Эксперты звярнулі ўвагу на такое паняцце ў туріндустрыі як падзейны турызм. Госці едуць не проста паглядзець замак або прайсці па экалагічнай сцежцы, але і паўдзельнічаць у нейкім дзействе. Галоўная перавага такіх турніраў і фестываляў у тым, што іх можна наведваць нават у перыяд пандэміі.
"Такія мерапрыемствы, як правіла, праводзяцца на адкрытым паветры і камунікаваць людзям дастаткова бяспечна. Складанне календара такіх мерапрыемстваў — задача на 2022 год, каб у 2023-м гэты механізм запрацаваў, турысты маглі загадзя спланаваць, калі і куды паехаць", — сказаў Марозаў.
У сваю чаргу Таіпаў дадаў, што рыцарскі турнір Асацыяцыя арганізавала разам з адміністрацыяй раёна.
"З пункту гледжання паняцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства, гэта вельмі эфектыўна працуе пры арганізацыі падзейных мерапрыемстваў і, як зараз модна гаварыць, для раскруткі таго раёна, дзе знаходзяцца аб'екты турыстычнай індустрыі", – растлумачыў Таіпаў.

Аб перспектывах

Паводле слоў Марозава, у Беларусі дастаткова вялікі патэнцыял прыцягнення турыстаў з трэціх краін. У тым ліку з далёкага замежжа. І тут трэба шукаць пункты судакранання з партнёрамі з Расіі.
"Гатовы ехаць, напрыклад, турысты з Індыі, Кітая. Яны цікавяцца менавіта камбінаванымі турамі. Напрыклад, Масква, Санкт-Пецярбург, Мінск: з аднаго пункта вылет, з другога прылёт. Гэта не толькі сталіцы, але і славутасці вакол", - сказаў Марозаў.
Таксама спікер адзначыў, што ёсць вялікі патэнцыял у трасы М1/Е30, так званай "Алімпійкі", якая праходзіць ад Брэста да Масквы. Пасля адкрыцця меж тут магчымы трансгранічныя аўтобусныя турыстычныя маршруты. Людзі змогуць убачыць дзве сталіцы, а таксама славутасці ля трасы на тэрыторыі Расіі і Беларусі.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Падзейны турызм становіцца новым трэндам у Беларусі - відэа
Атэстацыя гідаў і не толькі: дэпутаты прынялі законапраект аб турызме
Стары замак у Гродна атрымае 2 мільёны рублёў на рэстаўрацыю ў 2022 годзе
Стужка навiн
0