"Пакінеш след ты па сабе…": "народныя" вершы Алеся Гаруна

© Public DomainАлесь Гарун, снимок из судебного дела
Алесь Гарун, снимок из судебного дела - Sputnik Беларусь, 1920, 11.03.2022
Падпісацца на
Yandex newsTelegram
Да 135-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Прушынскага Sputnik прапануе лепшыя творы беларускага паэта.
"Плыву сабе. Рака мая – жыццё…" – так аднойчы сказаў пра сябе адзін з пачынальнікаў "народнай" паэзіі Беларусі, паэзіі самавызначэння і шанавання беларускай мінуўшчыны. Ды Алесем Гаруном ён стане пазней, ужо ў сталым узросце, як і значна пазней – далёка пасля сыходу ў іншы свет – зойме належнае месца ў беларускай літаратуры.

"Чаму так, скажэце, жывецца на свеце?"

11 сакавіка 1887 года у працоўнай сям’і на тэрыторыі фальварка Новы Двор нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Аляксандрам. Саша Прушынскі вельмі рана навучыўся чытаць – у пяць гадоў. Ужо ў сем бацькі адправілі яго вучыцца ў прыходскае вучылішча, пасля якога хлопец папаў у мінскую рамесную школу. І тут у юнага беларуса адкрыўся першы талент – знаёмыя адзначалі яго як пачынаючага майстра-чырванадрэўшчыка, які даволі хутка атрымаў кваліфікацыю майстра-сталяра. Гэта на нейкі час дазволіла яму ўпэўнена здабываць сабе заробак у мінскіх майстэрнях і на гарадскіх прадпрыемствах.
Праца ў цяжкіх умовах, пошук пытанняў на вострыя сацыяльныя пытанні прывялі Аляксандра ў асяроддзе сацыялістаў-рэвалюцыянераў і прабудзілі ў яго жаданне пісаць вершаваныя звароты да працоўнай моладзі, хаця наогул першыя паэтычныя практыкаванні з’явіліся яшчэ змалку.
Пачатак самастойнай літаратурнай дзейнасці прыпадае на 1905-1906 гады. Гэта перыяд станаўлення другога таленту Аляксандра Прушынскага – паэтычнага, які ў хуткім часе з вершаў-заклікаў, напісаных у перайманне ад іншых паэтаў-беларусаў, перарасце ў самастойную фігуру творцы, неабыякавага да лёсу народа, яго мінулага і будучыні. На жаль, не ўсе вершы гэтага перыяду знойдзены (напрыклад, "Чаму так, скажэце, жывецца на свеце?"), хаця некаторыя з іх усё ж пабачылі свет у тагачаснай газеце "Наша ніва"* ў 1907-1908 гадах.

Матчын дар і Купала

У 1907 годзе за сваю актыўную грамадскую дзейнасць Аляксандр Прушынскі быў арыштаваны. Не прайшло і года, як яго адправілі ў ссылку ў Сібір. Там, у Іркуцкай губерні, ён спачатку займаўся сталярнай і цяслярнай працай, потым у 1914 годзе ўстроіўся на рацэ Лене вадалівам, а з 1915 года намываў залаты пясок у кампаніі "Лензолата", што ў Бадайба. Сібірскае пакаранне станоўча адбілася на маладым паэце, які, нягледзячы на нягоды, не страціў свае ранейшыя погляды на жыццё ды яшчэ больш пасталеў як творца. Гэты нялёгкі перыяд свайго жыцця ён прысвяціў працы над сваім першым паэтычным зборнікам, які з думкамі аб бацькоўскай спадчыне і народнай долі назваў проста-такі "Матчын дар". Так неўзабаве нарадзіўся паэт Алесь Гарун, які драмаў у цені рэвалюцыянера-чырванадрэўшчыка Аляксандра Прушынскага.
Гэтая кніга – сама па сабе вельмі цікавая і рэдкая з’ява для таго часу – аказала непасрэдны ўплыў на творчасць іншага вядомага песняра беларускага слова – Янку Купалу. Так адбылося, што восенню 1914 года рукапіс свайго "Матчынага дару" Алесь Гарун даслаў у Вільнюс, ды толькі праз чатыры гады цераз Максіма Гарэцкага гэты паэтычны дэбют трапіў у рукі да Янкі Купалы. Іван Дамінікавіч, які пад цяжкім уплывам ад падзей Першай сусветнай вайны ў 1916 годзе сышоў, як кажуць яго біёграфы, ад напісання вершаў, быў так моцна ўражаны, што вярнуўся на паэтычны шлях.

Вяртанне і вечнасць

У год Кастрычніцкай рэвалюцыі Алесь Гарун вяртаецца ў Мінск і адразу ўключаецца ў бурную грамадскую працу: яго абіраюць членам ЦК БСГ, ён становіцца сустаршынёй І Усебеларускага кангрэса і, у дадатак да ўсяго, дапамагае дзецям, пацярпелым ад абставін ваеннага жыцця, у прытулках. У гэты ж час Алесь Гарун рэдагуе газету "Беларускі шлях" (з №3 да №100).
Звесткі аб жыцці Алеся Гаруна (А. Сумнага, Сальвэся – іншыя псеўданімы паэта) ў гэты перыяд былі б няпоўныя, калі б забыцца пра стан яго здароўя. Паэт і барацьбіт у апошнія гады цяжка хварэў на сухоты. Нават над апошнім сваім зборнікам – зборнікам п’ес для дзіцячага тэатра "Жывыя казкі" (выдадзены ў 1920 годзе) – ён ужо не мог працаваць за сталом, а дапісваў, наколькі было магчыма, у ложку.
Апантанага перапляценнем творчасці з грамадскай дзейнасцю Алеся Гаруна блізкім сябрам удалося ўгаварыць адкласці на час працу ў бок і з’ехаць на лячэнне. Ды добры таварыскі намер крыху спазніўся. 28 ліпеня 1920 года па дарозе ў курортнае мястэчка Закапанэ ў няблізкім польскім Кракаве паэта не стала - у дадатак да сухотаў надышла скарацечная дызентэрыя. Апошні свой прытулак ён знайшоў на Ракавіцкіх могілках.
У зборніку "Матчын дар" можна знайсці такія радкі:

"I я плыву сваёй ракой,
Жыццём якую хтось назваў…".

Кажуць, калі б не было рэк, зямля ператварылася б у пустыню. Безумоўна, так і ёсць. Але ж гэта справядліва і ў дачыненні да беларускай літаратуры, бо без жывой вільгаці роднага слова не была б урадлівая наша ніва.
Sputnik прапануе вашай увазе пранікнёныя вершы паэта, напісаныя крыху больш за стагоддзе таму, – самы час для знаёмства з ракой жыцця Алеся Гаруна, у гонар якога названа адна з вуліц у сталіцы Беларусі.
CC BY 2.0 / David Wipf / Perseid comet near DenebДзіўлюся я на зораў ясных ззянне, / На сцежкі іх, ўсё тыя ж, як прад векам...
Ранний метеорный поток Персеиды возле Денеба - Sputnik Беларусь, 1920, 09.03.2022
Дзіўлюся я на зораў ясных ззянне, / На сцежкі іх, ўсё тыя ж, як прад векам...

Адбітак

Дзіўлюся я на ззянне ясных зораў, –
I сумна-сумна так, што я ня разам з імі,
Што жыць ня лёс мне ў вышыне нагорнай
I сцежкамі хадзіць па небе залатымі.

Сярод нязнаных мне, ня бачаных прастораў
Раўнінай той, што звецца Бесканечнасць,
Я лётаў думкаю б і воляй непакорнай
I, можа б, там пазнаў цябе, Адвечнасць.

Дзіўлюся я на зораў ясных ззянне,
На сцежкі іх, ўсё тыя ж, як прад векам,
I сумна гэтак мне, і родзіць сум пытанне:
Нашто пачаўся я ад Бога – чалавекам?

© Sputnik / Альфред Микус...Ў панстве братэрства і працы, / Вольнасці, хлеба й святла.
Свята млынароў у Адэльску - Sputnik Беларусь, 1920, 09.03.2022
...Ў панстве братэрства і працы, / Вольнасці, хлеба й святла.

* * *

Брацця, к агульнаму шчасцю
Трэба жыццё кіраваць.
Роўнасць, братэрства і згода
Будуць нам шлях асвятляць.

Згоднай, вялікай сям’ёю
Пойдзем к дзянькам залатым,
З думаю ў сэрцы святою,
З нашым жаданнем адным.

Крыўды людской нам ня трэба,
Слёз не бажаем ніч’іх,
Хочам, каб з яснага неба
Сонца свяціла для ўсіх.

Досыць было панавання
Квотнікаў злых, махляроў,
Досыць для нас гаравання,
Новых паклічам майстроў.

Мусім народ абудзіці,
Голасна мусім пазваць:
Гэй, хто работнік? Хадзіце
Новы ўсім лад будаваць!

Будуць для ўсіх там палацы,
Стане на ўсіх там цяпла,
Ў панстве братэрства і працы,
Вольнасці, хлеба й святла.

© Flickr / Marc VeraartI пайшоў між хвоек / Ён дурэць, гуляці: / Адну пацалуе, / З другой пасмяецца...
Сосны в Беловежской пуще - Sputnik Беларусь, 1920, 09.03.2022
I пайшоў між хвоек / Ён дурэць, гуляці: / Адну пацалуе, / З другой пасмяецца...

Вецер

Вее вецер вольны,
Хмары шыбка гоніць;
З вадой, зямлёй, лесам
Зюкае-гамоніць!

Прыляцеў да рэчкі,
Прылёг, прытуліўся,
Крышачку па яснай
Віхрам закруціўся,

Сказаў слоўца ласкі,
Свіснуў і падняўся
I за хмаркай лёгкай
Пырхнуў і пагнаўся.

Зноў прымчаў да лесу:
"О, здароў, мой браце!"
I пайшоў між хвоек
Ён дурэць, гуляці:

Адну пацалуе,
З другой пасмяецца,
Кіне слоўца, пару,
Да трэйцяй бярэцца...

Годзе ўжо у лесе!
Зноў увыш падняўся,
Пакруціўся крыху
Ды удаль падаўся.

Задаў гону, пылу
I уніз ён рынуў,
Прыпаў да зямліцы,
Быццам дзесь загінуў.

"Ах, мая матуля,
Як я нагуляўся!
Бачыў сонца, месяц,
Ў рэчачцы скупаўся.

Хораша на свеце!
Колькі ў ім прастору:
Шыбаеш па рэчцы,
Прыпадзеш да бору...

Я хацеў бы болей
Ў свеце пагуляці, –
Адпусці ж, матуля,
Яшчэ палятаці!"

Пэўне, што пусціла
Вецер маць гуляці,
Бо падняўся ў неба
I пачаў спяваці...

Вось – нянацкам скончыў
Спяваці гуляка,
Гікнуў і панёсся
Ўдаль хутчэй за птака.

© Sputnik / Альфред МикусI струны сэрца разбрымяцца / У тыя песні, што былі...
Фестываль-свята побытавых танцаў Танцуем па-даўнейшаму - Sputnik Беларусь, 1920, 09.03.2022
I струны сэрца разбрымяцца / У тыя песні, што былі...

Дзяўчаці

Цябе спаткаў і сам ня знаю,
Ад сэрца шчырага кажу,
Якую, дзеўча, думку маю
I спеў аб тым які злажу.

Здаецца, нешта ўскаланула
Ў душы маёй ты неўзнарок,
Былога струны закранула, –
Звіняць ледзь чутна аддалёк.

Ці ж будзе час, што нам спаткацца
Яшчэ раз здарыцца калі
I струны сэрца разбрымяцца
У тыя песні, што былі?

Ніхто ня скажа! Толькі знаю
I не ўтаюся ад цябе:
Няхай цябе я не спаткаю, –
Пакінеш след ты па сабе.

I ў час, калі гадзінай шарай,
Сярод бязлюддзя, пустаты,
Нуда абляжэць чорнай хмарай,
Праменнем сонца будзеш ты!

© Sputnik / Анастасия ВолчокНастаўнікам ўзяўшы і лес і траву, / Крыніцы, і кветкі, і цемру, і свет, / І месяц, і зоры, і сонца прывет...
Кветкі сакуры - пухнатыя, з быццам рыфленымі пялёсткамі - Sputnik Беларусь, 1920, 09.03.2022
Настаўнікам ўзяўшы і лес і траву, / Крыніцы, і кветкі, і цемру, і свет, / І месяц, і зоры, і сонца прывет...

Ідуць гады

Ідуць сабе гады, ідуць,
Бы карагод, бясконца,
Што ў небе зорачкі вядуць
Ля месяца, ля сонца.

Ідуць сабе гады, ідуць –
І чалавек за імі.
Куды цябе яны вядуць
І сцежкамі якімі?

"Няведама мне, скуль усё і што я;
Няведама мне сама сцежка мая,
Няведама мне, і куды я іду.
Пытання ня маю, ці што там знайду,
Ня ведаю жыццё, ці шчасце, ці не, –
Пачалося гэта, браток, не на мне".

Ідуць гады, ідуць гады,
І з імі ўсё на свеце.
Сягоння ты, а йшлі дзяды,
А заўтра пойдуць дзеці.

Ідуць гады, і ты ідзеш
Ўздагон за імі, з імі.
Нашто, скажы мне, ты жывеш
І з думкамі якімі?

"З аднэю я думкай у свеце жыву,
Настаўнікам ўзяўшы і лес і траву,
Крыніцы, і кветкі, і цемру, і свет,
І месяц, і зоры, і сонца прывет.
Прысуджаны шлях свой рабі дарагім,
Красуйся на радасць сябе і другім".

© Sputnik / Сергей ЛескетьПесню спяваючы; / Вяночкі штовечара ў рэчку спушчаючы, кажа: "Плывіце вы / Разам з вадзіцаю!..
Купалье в Турове - Sputnik Беларусь, 1920, 09.03.2022
Песню спяваючы; / Вяночкі штовечара ў рэчку спушчаючы, кажа: "Плывіце вы / Разам з вадзіцаю!..

Мая люба

У любы маеі дый косы ільняныя й вочкі нябескія,
Губкі вішнёвыя;
I шчочкі ружовыя, шыйка і ручкі, як бель лебядзіная, –
Грудкі пуховыя;
I голас у любай, як ў лесе звінючай, бліскучай крынічанькі
Спевы адвечныя;
А ўсмешка каханай – ў зялёным аксаміце лугу мурожнага
Перлы сланечныя;
Ідзець каралеўнаю, добрай, ласкаваю, роўнай паходкаю,
Ціха ступаючы;
Заўсёды ўсміхаецца думцы захованай, ў сэрцы мілосную
Песню спяваючы;
Вяночкі штовечара ў рэчку спушчаючы, кажа: "Плывіце вы
Разам з вадзіцаю!
Скажэце каханаму: станем прад Богам мы параю шлюбнаю,
Хоць бы з грамніцамі".

А гэтак далёкая! Так яно, зорачка захаду ранняя,
Будзе і станецца.
Над нашым каханнейкам людзі ня сільныя, леты ня ўластныя –
Хай жа мінаюцца.

© Pixabay / wal_172619Ой, чаму ж, салавейка, ты болі / Чараўнічых спявоў не счыняеш?..
Соловей - Sputnik Беларусь, 1920, 09.03.2022
Ой, чаму ж, салавейка, ты болі / Чараўнічых спявоў не счыняеш?..

Салавейка

Салавейку ўзялі ды з гаю,
Пасадзілі у клетку за краты?
У маю
Тэй страты
Найцяжэйшай дазнаў салаўюшка.

Распусціўся лісток на дубочку,
Апранулась зямелька у краскі;
А ў ночку,
А з ласкі
Не спявае ніхто над рачушкай.

Ой, чаму ж, салавейка, ты болі
Чараўнічых спявоў не счыняеш?
Што волі
Ня маеш
I спяваці ня будзеш ніколі?

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяНе змяняючы шэрай апраткі, / Працаваў ты, як вол, гаратліва...
Селянін з канём - Sputnik Беларусь, 1920, 09.03.2022
Не змяняючы шэрай апраткі, / Працаваў ты, як вол, гаратліва...

* * *

Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,
Роднай мовы сваёй не цурайся;
Як ня зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.

Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце,
Гэта скарб нам адзін захаваўся,
У сялянскай аграбленай хаце
Толькі ён незабраны астаўся.

Ў старыну Беларус, не падданы,
Гаспадарыў, быў сам над сабою
I далёка у свеце быў знаны
За літоўскай і ляшскай зямлёю.

Але час прамінуў, і нядоля
На народ, як бы камень, звалілась,
Беларуская слава і воля
Адышла, адцвіла, закацілась.

Не змяняючы шэрай апраткі,
Працаваў ты, як вол, гаратліва,
А у хаце тваёй недастаткі,
А на ніве тваёй неўрадліва.

А чаму? Ты ня здольны, ці хворы,
Ці благі гаспадар, ці п’яніца?
Мусіць, не! Бо і іншым у пору
У цябе гаспадарыць наўчыцца.

Светлы розум твой, брат, але дзетак
Ад цябе, як і ўсё, адбіралі
I на бацькаўскі родны палетак
Працаваць-памагаць не пушчалі.

Хто хацеў, той і смеў рабаваці,
Без прыпросу зязджаліся госці –
Абдзіраць, аб’ядаць, апіваці
І крышыць гаспадарскія косці.

Можа б, ты і памёр і загінуў,
Каб ня вешчая мова Баяна.
Хто ж быў добры, яе хоць пакінуў?
Як жа так, што яшчэ не забрана?

Бо што бачылі госцікі-герцы –
І зямлю, і лясы, і кілімы, –
Ўсё забралі. А мову у сэрцы,
Ў сваім сэрцы хавалі-няслі мы.

Дык шануй, Беларус, сваю мову –
Гэта скарб нам на вечныя годы;
За пашану радзімаму слову
Ушануюць нас брацця-народы!

© Photo : Pixabay/share32Струны хай грымяць і рвуцца, / З болю, з гневу. Хай смяюцца...
Цымбалы - Sputnik Беларусь, 1920, 09.03.2022
Струны хай грымяць і рвуцца, / З болю, з гневу. Хай смяюцца...

Песня-звон

Гэй ты, маці, родна мова,
Гэй ты, звон вялікі, слова,

Звон магучы,
Звон бліскучы,
З срэбра літы,
З злота збіты,
Загрымі ты,
Загрымі!

Гэй, званар, званар, мой пане,
Бій у звон, як змогі стане,

Без спачынку,
Безупынку,
Потам зліты,
Ім умыты, –
Бій, звані ты,
Бій, звані!

Гэй, гусляр, пясняр, мой браце,
Грай, спявай у полі, ў хаце,

Дзе гарота,
Дзе галота,
Дзе нясыты,
Дзе няўмыты.
Ім спыні ты,
Жаль спыні!

Струны хай грымяць і рвуцца,
З болю, з гневу. Хай смяюцца

Разам зь імі,
Не чужымі,
Голас чысты,
Залацісты,
З імі злій ты,
З імі злій!..

© Sputnik / Кирилл Каллиников / Перайсці ў фотабанкI я плыву сваёй ракой, / Жыццём якую хтось назваў...
Река Волга, архивное фото - Sputnik Беларусь, 1920, 09.03.2022
I я плыву сваёй ракой, / Жыццём якую хтось назваў...

* * *

Як ліст вярбінкі маладой,
Што вецер злосны адарваў
I кінуў ў рэчку і з вадой
У даль няведаму пагнаў, –

Плыву сабе. Рака мая – жыццё,
Па ёй плывуць і кветкі і смяццё.

Я раз спытаўся у вады:
– Скажы, адкуль ты прыцякла?
Яна сказала: – З-пад грады
Каменных гораў уцякла.

– Куды ж бяжыш? – Цяпер бягу над спад
У мора сіняе. – А вернесся назад?

– Над мной закон – колазварот.
Плыву я з мора ў акіян
I стуль збіраюсь ў паварот,
Калі узьнімецца туман

I ўзляжа ноч. Лячу хутчэй тагды,
Цячы ракой з-пад горнае грады.

Як ліст вярбінкі маладой,
Што вецер злосны адарваў,
I я плыву сваёй ракой,
Жыццём якую хтось назваў.

Нясець яна і кветкі і смяццё...
А ты ж скажы, ці вернесся, жыццё?

*У студзені 2022 года КДБ Беларусі прызнаў экстрэмісцкім фарміраваннем выдаўцоў сучаснай газеты "Наша ніва". МУС Беларусі ўключыла газету ў пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці
Чытайце таксама:
"Глядзецца праўдзе ў вочы...": самыя пякучыя байкі Кандрата Крапівы
Алесь Бачыла: мне лепей ад роднага краю нічога на свеце няма
"Чалавек не знікае так": вершы Рыгора Барадуліна
Каханне па-беларуску: топ-10 вершаў пра глыбокія пачуцці
"У душы адрасце пара крыл…": светлыя згадкі аб жыцці Максіма Багдановіча
Стужка навiн
0