Красавік сініць і дзьме, бабам цяпло нясе, або Час араць і рагатаць
08:55 01.04.2022 (абноўлена: 15:36 14.04.2022)
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяВясна
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская расказвае пра сялянскія клопаты ў пачатку красавіка і ўзгадвае вясковыя жарты.
Перагорнуты чарговы лісток календара і ў вакно блакітам пралесак весела пазірае красавік. У лесе і паабапал дарог з’яўляюцца першыя краскі-кветкі, якія і падарылі імя гэтаму чароўнаму месяцу. Лепей за іншыя характарызуе красавік народная прымаўка: "Красавік сініць і дзьме, бабам цяпло нясе, а мужык пазірае ды галавою ківае". Гаспадыням як найхутчэй хочацца "рукі ўткнуць у цёплую зямельку", а гаспадар ківае галавой, бо добра ведае, што ў хуткім часе і яго чакаюць вялікія клопаты.
У красавіку для земляроба надыходзіць адказны час. Трэба падрыхтаваць насенне, агледзець плугі ды бароны і, бадай самае складанае - выбраць аптымальны дзень для першага ворыва. У красавіку "зямля прэе", "выспявае", і каб вызначыць яе гатоўнасць да апрацоўкі, невялікі камяк глебы сціскалі ў жмені і з сілай кідалі вобзем. Калі камяк рассыпаўся, а ў балоце пачыналі кракатаць жабы ды яшчэ ў небе зазвінеў жаўрук, то гэта азначала, што прыйшоў час араць.
© Sputnik / Виктор ВеткинВ деревне Переров на Полесье идет сев картофеля
© Sputnik / Виктор Веткин
Асабліва спрыяльным для першага выхаду ў поле лічыўся час пасля першага грому, бо следам за ім усталёўвалася цёплае надвор’е. Грымоты, дождж і сонейка ў красавіку прадвяшчалі цёплы год. З гэтай нагоды казалі: "У красавіку грымот – цёплы будзе год" і "У красавіку дождж праходзіць, сонца грэе – тады ўсякі не збяднее".
1 красавіка адзначаюць прысвятак Дар’і Вясноўкі. У гэты дзень і напярэдадні яго гаспадыні спяшаліся праць бялізну і пячы печыва ў выглядзе сельскагаспадарчых прылад. Гэта печыва, якое завецца "храсты", клаі ў торбачку, калі гаспадар выпраўляўся на засеўкі.
А пакуль трэба было ісці на рэчку паласкаць бялізну. Каб вызначыць, ці добра выпаласканая тканіна, прыкладалі яе да языка. Чыстая бялізна і кашуля, выбеленая красавіцкім сонцам, былі патрэбны, бо ў дзень першага ворыва апраналіся ва ўсё чыстае, памыўшыся ў лазні напярэдадні.
Вопытныя сейбіты не вучыліся ў акадэміях, але абапіраючыся на свае веды і ўменні, прагнозы надвор’я, умела размяркоўвалі тэрміны сяўбы розных культур. Пачынаючы сяўбу з аўса нагадвалі: "Сей авёс, калі камары з’явяцца" і "Сей аўсы ў гразь – будзеш, як князь".
Калі зацвітала каліна, то надыходзіла чарга ячменя. Сеяць яго трэба было хутка, каб управіцца да вылету хрушчоў. Пшаніцу сеялі, калі распускалася чаромха, гэтым жа часам ад прымаразкаў баранілі квітнеючыя сады. Ну а лён сеялі ў апошнюю чаргу.
Першы красавіцкі дзень або Дар’я Вясенняя хоць і клопатны, але ўсё ж святочны. Святкавалі пачатак Благавеснага тыдня. А ўвечары збіраліся разам, каб пачаставацца свежай выпечкай, паслухаць байкі ад тутэйшага бая і пасмяяцца каб адпачыць пасля цяжкога працоўнага дня.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКрасавіцкія кветкі
Красавіцкія кветкі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Дарэчы, 1 красавіка ў многіх краінах адзначаюць Дзень смеху. Напрацягу дня людзі жартуюць над сябрамі і знаёмымі, стараючыся іх падмануць. Ня гледзячы на тое, што адпаведнага свята, прысвечанага смеху ў беларускіх сялян не было, у народзе верылі, што пры дапамозе смеха могуць адбывацца цуды.
Чэшскі пісьменнік Карэл Чапэк аднойчы сказаў: "Гумар гэта заўсёды крышачку абарона ад лёсу". Нялёгкі лёс і горкая доля беларускага сялянства выпрацавала ў яго сваеасаблівае пачуццё гумару, а уменне пасмяяцца над сабой дапамагала справіцца з цяжкасцямі жыцця. Каб зразумець што лічылі смешным у пачатку ХХст дастаткова пагартаць беларускія газеты таго часу. Вось крыху з тых вясковых жартаў, а пра смех ў народзе казалі: "Няхай той смяецца, каму няймецца", усміхнёмся і мы.
Смех – не грэх
На дарозе.
- Сядай, дзядзька, паедзем,
- Няма часу: трэба ісці.
***
На судзе.
Ты што ўкраў?- пытае суддзя злодзея.
- Вяроўку, - кажа,- з рагамі.
- З якімі рагамі?
- З кароўімі.
- А дзе ж тая карова?
- Цягнулася і яна, падла, за гэтымі рагамі.
***
Сон.
Мужык кажа да жонкі: Ведаеш, Тэкля, вельмі нешта добрае я сягоняшняй ночы прысьніў.
Жонка: Я такі здагадалася. Праз сон ты крыкнуў: "Дай, Моўша яшчэ кварту".
***
- Ці праўда, што Бог забраў ужо ў цябе трэцюю жонку?
- Праўда, браце. Але я ўзяў сабе чацвёртую: Бярэ Бог – бяру і я.
***
Слухай, цыгане, ты прадаў мне сляпую кабылу.
Цыган. Табе ж лепей, бо будзе яна есці салому, а думаць, што сена.
***
Адзін селянін прадаваў на кірмашы свайго каня. А конь той быў худы-худы, ад ветру падаў. Селянін усё хваліў яго і выгукваў:
- Купляйце каня, не здзіўляйцеся, што ён такі худы, ён як разбяжыцца, дык бяжыць пятнаццаць вёрст і не спыняецца.
- Я б яго купіў, - кажа адзін чалавек, - але ж мне да дому ўсяго дзесяць вёрст, то ён перабяжыць маю хату.
© Sputnik / Альфред МикусАбрад "Чырачка" у вёсцы Тонеж
© Sputnik / Альфред Микус
***
Каля магазіна.
- Што так прыглядаешся на выставу, Амілька?
- Аглядаю панчохі і не ведаю, які сабе выбраць колер.
- Вось дурная, вазьмі чорныя, бо як зробіцца дзірка, дык не будзе відаць ног.
Дарэчы продкі лічылі, што добрая жонка павінна быць вясёлай, бо смех паказальнік псіхічнага і фізічнага здароўя чалавека. І яшчэ пра жонку жартавалі так: "Выбірай кабылу гарбатую, а жонку лупатую. Гарбатай кабылы ніхто не ўкрадзе, а жонкі лупатай ніхто не звядзе".Жарты жартамі, але якая б ні была з выгляду жонка, важна каб яна была добрай гаспадыняй. Пячом абрадавае печыва "храсты".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПечыва
Печыва
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Храсты
З чаго гатаваць:
1 шклянка жытняй мукі з вотруб'ем,
2 ст лыжкі алею,
2 ст лыжкі мёду,
соль,
вада.
Як гатаваць. Замясіць крутое цеста дадаючы па крысе вады. Вымешваць напрацягу 15 хвілін. Раскачаць валік і нарэзаць на роўныя кавалачкі, з якіх і фармаваць фігуркі.
Заўвага. Цеста для печыва гатуюць звечара, робяць фігуркі і пакідаюць на марозе або ў лядоўцы на ноч, а зранку выпякаюць. Ядуць гарачымі.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
Рыба хвастом лёд разбіла, або Аляксей Цёплы на парозе
Яўдоха, які трымае ў руцэ лета, або Гаспадарскія клопаты і стравы ў пост
Дзеруновыя рэцэпты з бабулінай печы, або Набліжаемся да вясны