Вайна і мір рэжысёра Нікіфарава

© из личного архива Вячеслава НикифороваРэжысёр Вячаслаў Нікіфараў
Рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў - Sputnik Беларусь, 1920, 05.08.2022
Падпісацца
Музей гісторыі кінамастацтва з 5 па 27 жніўня праводзіць персанальную (да 80-годдзя з дня нараджэння) рэтраспектыву фільмаў знакамітага беларускага кінарэжысёра Вячаслава Нікіфарава. Пра гэта і не толькі расказвае калумніст Sputnik Яўген Агурцоў-Кржыжаноўскі.
Чалавек стварае свой свет, а мы, гледачы, чытачы і слухачы, або прымаем яго, пачынаючы жыць у фільме, спектаклі, карціне ці музыцы, становячыся ўдзельнікамі дзейства, або проста ацэньваем твор, як тавар: "Ну, нядрэннае кіно рабяты зрабілі!".
Каб прагледзець усе фільмы рэжысёра Нікіфарава, спатрэбіцца больш за сто гадзін. Не ўпэўнены, што кожная карціна стане вашай зямлёй запаветнай, але ўсе сто гадзін – гэта кіно, наша кіно пра старых і дзяцей, пра вайну і каханне, пра бацькоў і дзяцей, пра баязлівасць і геройства, пра жыццё і смерць…
А яшчэ, у кожнай карціне праяўляецца яе аўтар – рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў, тое самае дзіця вайны, якое галадала і не плакала, але гатова было скокнуць з моста, калі яго абзывалі фашыстам. Звычайны "хлопец з нашага двара", у якога заўсёды займаюць траячку да палучкі, і які, не задумляючыся, аддаў свой грашовы эквівалент дзяржаўнай прэміі СССР за серыял "Отцы и дети" хлопчыкам і дзяўчынкам, якія жывуць у нястачы, сам маючы дваіх не вельмі забяспечаных маленькіх дзяцей.

Праз паўстагоддзя

Рэтраспектыва фільмаў Нікіфарава пачынаецца карцінай "Зимородок". Гэта быў дэбют і поспех. Карціну адзначылі прызам Цэнтральнага камітэта УЛКСМ "Алая гвоздика", а рэжысёр знайшоў свайго акцёра на ўсё жыццё. Уладзімір Самойлаў сыграў галоўныя ролі ў чатырох карцінах Нікіфарава запар. Мабыць, толькі Эльдар Разанаў можа пахваліцца падобнай прыхільнасцю да свайго акцёра. І яшчэ, ледзь не дзень у дзень, але 50 гадоў таму, адбылася прэм'ера фільма "Зимородок". Выпадкова?
Пасля былі пяць гадоў працы па прафесіі. Нікіфараў, як кажуць, адточваў майстэрства. Насамрэч і "Хлеб пахнет порохом", і "Обочина", і, асабліва, "Сын председателя", па выказванні рэжысёра, да разраду поспехаў ён не адносіў. Апошняя стужка, дарэчы, у якой сыгралі бацька і сын Самойлавы, за год пракату сабрала 20 мільёнаў гледачоў, і тым не менш задавальнення не прынесла.
Наступны фільм "Фруза" паводле аповесці Васіля Быкава ідзе ў графу са знакам плюс. Менавіта ў гэтай экранізацыі ўпершыню выявіўся рэжысёрскі патэнцыял Нікіфарава. У сюжэце расказу пра будні непрыкметнай вахцёркі нейкай дзяржустановы няма тыповай для Быкава вострай крызіснай сітуацыі. Пісьменнік і рэжысёр зразумелі адзін аднаго і нарадзілася лірычнае апавяданне пра лёс цэлага пакалення нявест, якія не дачакаліся сваіх жаніхоў з вайны і асуджаць іх за пазашлюбных дзяцей нельга. Сам рэжысёр ганарыцца гэтай сваёй працай, хаця вялікай колькасці гледачоў карціна не атрымала. Але, трэба ведаць, што штучны тавар успрымаюць толькі сапраўдныя знатакі шэдэўраў.

Кіно на ўсе часы

А потым былі "Отцы и дети" – як той казаў, кіно на ўсе часы, гэта значыць класіка. Вялікае кіно. На мой погляд, яно стаіць у шэрагу яркіх экранізацый свету і з гэтага пастамента яго ніхто не зможа зрушыць. Дзяржаўная прэмія – годная ўзнагарода. Дарэчы, яе ўладальнік па ступені значнасці роўны тым, хто мае тытул народнага артыста СССР.
Безумоўным поспехам стаў фільм "Год сорок первый", зняты на кінастудыі "Беларусьфільм" у рамках серыяла "Государственная граница". Мяне ўразіла тая прастата, якая падобна геніяльнасці. Усё ў кадры штодзённа, проста, без паказнога гераізму, стогнаў і пакут. А табе балюча, а ты захапляешся, а ты плачаш... Камітэт дзяржаўнай бяспекі СССР ацаніў карціну як лепшую, а рэжысёр атрымаў баявы медаль "За отличие в охране государственной границы СССР".
Што да фільма "Благородный разбойник Владимир Дубровский", то я б сказаў, што нейкім дзіўным чынам ён апынуўся ў цені асляпляльнага ззяння поспеху "Отцов и детей". А карціна тонкая, лірычная, глыбокая, нават прароцкая. Праз некалькі гадоў будзе Чачня і кроўная помста стане звычайнай справай. Так, вялікі Пушкін, але рэжысёр змог распазнаць прыроду "поклічу крыві" і паказаў, як спыніць кровапраліцце. Тут не абышлося без таго, што сёння прынята зваць экстрасэнсорыкай або дарам глыбіннага бачання.
Такая і карціна "Душа моя Мария". Дарэчы, гэты фільм атрымаў прыз у Польшчы, але шырокага пракату ў Беларусі не меў, роўна як і станоўчага водгуку мясцовай прэсы. Менавіта ім 27 жніўня, у Дзень беларускага кіно, завершыцца персанальная рэтраспектыва фільмаў лаўрэата дзяржаўнай прэміі СССР, заслужанага дзеяча культуры БССР, кавалера ордэна "Знак почета" і медаля "За отличие в охране государственной границы СССР" Вячаслава Нікіфарава.

Добрымі справамі праславіцца нельга?

Вельмі нават можна, толькі мала хто аб гэтым доўга памятаць будзе. Настаяцель касцёла святых Сімяона і Алены памятае і пры сустрэчы заўсёды гаворыць, што гэта кіношнікі храм вернікам аддалі. А кіраваў гэтымі кіношнікамі менавіта Слава Нікіфараў, у той час старшыня саюза кінематаграфістаў БССР. А яшчэ сто тысяч рублёў у СК СССР выбілі, ды цэлы дзіцячы дом з заражанага радыяцыяй раёна вывезлі. Спачатку на лячэнне ў медыцынскі цэнтр "Аксакаўшчына", а потым на адпачынак у прыстойны санаторый. Дзеці былі вясёлыя...
Ну вось, згасае святло ў маленькай зале Музея кіно. Ідуць цітры: кінастудыя "Беларусьфільм", "Зимородок", рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат дзяржаўнай прэміі СССР, рэжысёр, прадзюсер Вячаслаў Нікіфараў - Sputnik Беларусь, 1920, 02.08.2022
Другі шанс: у Беларусі хочуць зняць новы фільм паводле рамана Караткевіча
Стужка навiн
0