"У вырай плывуць журавы і аблокі…": вершы пра восень

© Sputnik / Александр ЛиповецАсеннія кветкі
Асеннія кветкі - Sputnik Беларусь, 1920, 22.09.2022
Падпісацца на
НовостиTelegram
Рознакаляровае лісце, кароткачасовы дожджык, астываючыя промні сонца, развітальны покліч знікаючых у блакіце птушак. Усё гэта адметныя з’явы восеньскай пары, якія знайшлі адлюстраванне ў творах беларускіх паэтаў. Чытайце на Sputnіk топ-10 вядомых вершаў пра восень.
Вось ужо і другая палова верасня, але, здаецца, яшчэ ўчора квітнелі палі і сонейка пяшчотна сагравала зямлю. А як жа хочацца падоўжыць салодкія цёплыя дзянькі!
Сёння ж лісце ўжо пажоўкла і адлятае з кожным парывам халоднага ветру. Пачаліся дажджы, а птушкі збіраюцца ў вырай.
Ды ўсё ж такі ў прыроды няма дрэннага надвор’я. Нягледзячы на часовую бязладзіцу, восень – вельмі прыгожая пара, шмат разоў апетая ў вершах паэтаў роднай зямлі.
Янка Купала, Генадзь Бураўкін, Пімен Панчанка, Уладзімір Караткевіч... і многія іншыя беларускія класікі натхняліся непаўторнымі прыроднымі з’явамі і фарбамі, ды не скупіліся на пачуцці і запамінальныя вершаваныя вобразы.
З гэтай нагоды Sputnіk прапануе цудоўную падборку восеньскіх вершаў.
© Sputnik / Альфред МикусТолькі стогі / Парыжэўшыя стаяць, / Ды шпакі каля дарогі...
Липнишковские сенокосы - Sputnik Беларусь, 1920, 22.09.2022
Толькі стогі / Парыжэўшыя стаяць, / Ды шпакі каля дарогі...

Восень

Пуста ў лузе. Толькі стогі
Парыжэўшыя стаяць,
Ды шпакі каля дарогі
Цэлы дзень адно крычаць.

Грэчка зжата. Гола ў полі.
Жыта звезена даўно.
Толькі плаваюць на волі
Кучы хмар, як валакно.

Дожджык сее беспрастанку;
Вецер свішча так, як звер…
Колькі лужын каля ганку!
А гразі, гразі цяпер!..

Ссохлі травы, ўсё павяла.
Слоць, плюхота, холад, цьма.
Эх, скарэй бы закрывала
Зямлю чорную зіма!

Якуб Колас
© Sputnik / Константин Чалабов / Перайсці ў медыябанкТолькі сыплюцца лісты / На яловыя кусты, / На сухія верасы...
Осень - Sputnik Беларусь, 1920, 20.09.2022
Толькі сыплюцца лісты / На яловыя кусты, / На сухія верасы...

Адцвітанне

Не шасцяць каласы,
Звон не валіцца з касы,
Не кладуцца ў стог пласты,
Толькі сыплюцца лісты
На яловыя кусты,
На сухія верасы.

Не іскрыцца небазор,
Не цвіце трава-чабор,
Не цыгліць птушыны стан,
Толькі поўзае туман,
Вецер б’е ў нямы курган, –
Шапаціць імглісты бор.

Змога вольная снуе,
Вочы ўставіўшы свае,
То галубне, то пужне.
Сэрца б'ецца у паўсне,
Думка сэрцу аб вясне
Здрадны голас падае.

Янка Купала
© Sputnik / Альфред МикусПерапляліся промні з павуціннем… / Ах, восень, / пераходная пара…
Осень в Беларуси - Sputnik Беларусь, 1920, 20.09.2022
Перапляліся промні з павуціннем… / Ах, восень, / пераходная пара…

Ідуць дажджы…

Ідуць дажджы,
Асенняя пара.
Заплаканыя вокны спахмурнелі.
Аўторка не адрозніш ад нядзелі,
Ад быльнягу –шпачынага пяра.

За тыдзень свет, здаецца, пастарэў.
За вёскай –непралазнае балота.
Апошняя цяжкая пазалота
Злятае з абсвістаных ветрам дрэў…

А потым
сонца высветліць блакіт,
I дрэвы ўміг ізноў памаладзелі,
I над ракою ў золаце нядзелі –
Наструненыя постаці ракіт…

Заблытаны лісткі календара.
У чыстым небе,
маладым і сінім,
Перапляліся промні з павуціннем…
Ах, восень,
пераходная пара…

Генадзь Бураўкін
© Sputnik / Альфред МикусТолькі полымя ўжо разлілося ў імшарах, / Па лясах і палях...
Осень в Беларуси - Sputnik Беларусь, 1920, 20.09.2022
Толькі полымя ўжо разлілося ў імшарах, / Па лясах і палях...

Восень

Над палямі хістаўся пашчэрблены месяц.
Вецер дзьмуў, і шумеў па-над Нёманам бор.
Восень вецце сухое зграбла і на ўзлессі
Падпаліла пагрэцца начлежны касцёр.

Падпаліла касцёр, прылягла у тумане,
Ды кароткім быў гэты пад зорамі сон:
Крык трывожны птушыны збудзіў яе рана,
Па зямлі ад кастра разліваўся агонь.

Загарэліся гнёзды, і іскры пажару
Пачала яна з птушкамі, з ветрам гасіць.
Толькі полымя ўжо разлілося ў імшарах,
Па лясах і палях, па курганах брусніц.

I па сённяшні дзень восень жару не можа
Пагасіць на зямлі, ходзе з краю у край,
Заліваючы ліўнямі ў полі бярозы
I цалуючы кожны рабінавы гай.

Максім Танк
© Sputnik / Виктор ТолочкоАсеннімі дажджамі заліло / Апошнія чаканні і спатканні...
Летняя гроза - Sputnik Беларусь, 1920, 20.09.2022
Асеннімі дажджамі заліло / Апошнія чаканні і спатканні...

Асеннімі дажджамі заліло…

Асеннімі дажджамі заліло
Апошнія чаканні і спатканні,
Пажоўклых клёнаў ціхае святло,
Скупога сонца роснае дыханне.

I пачала зямля крыху цвярдзець,
То сцюжа – пераможца ў паядынку
Раскідвае зары світальнай медзь
У лужынах барвовыя ільдзінкі.

А потым навалілася на дол
Вялікая і белая бясконцасць.
I заблудзіўся кожны мінскі дом
У пошуках растрачанага сонца.

А твар зямлі заснежанай не мёртвы:
Ён зменлівы, як пошум баравы.
Там, у барах, аж да вясны ў сумётах
Схавалі свае трубы журавы.

Яны іх знойдуць і яшчэ зайграюць,
Склікаючы дзяцей, ліству, блакіт.
I на ўсім краі аж да небакраю
Маланкамі набухнуць аблакі.

Пімен Панчанка
© Sputnik / Людмила Янковская...I не сказаў, / Што ён апошнія / Мне аддаваў баравікі.
Грибы в корзине - Sputnik Беларусь, 1920, 20.09.2022
...I не сказаў, / Што ён апошнія / Мне аддаваў баравікі.

Баравіковае

Апошнія нажыткі лесу –
Грыбы,
Асеннія грыбы.
I з драмняку ў драмняк я лезу,
Ад павуціння твар рабы.

Нагамі верасы рассоўваю,
Ступаю мякка ля імхоў…
Налезла ў кошык верасовых
Па кулаку баравікоў…

А неба нізкае захмарана,
I ад імжы мой плашч намок.
Прапахлы багуном, імшарамі,
Іду, нагрыблены, дамоў.

А лес змаўчаў,
Што я запознена
Прыйшоў наведаць драмнякі,
I не сказаў,
Што ён апошнія
Мне аддаваў баравікі.

Юрась Свірка
© Sputnik / Роман ШантарО, хараство асенніх дзён празрыстых, / Бязгутарнасць прыроды і спакой...
Зубры на опушке в Беловежской пуще - Sputnik Беларусь, 1920, 20.09.2022
О, хараство асенніх дзён празрыстых, / Бязгутарнасць прыроды і спакой...

Восень

О, хараство асенніх дзён празрыстых,
Бязгутарнасць прыроды і спакой.
Ўрачыста полем з пушчаў залацістых
Прыйшла туга і пала над вадой.

А там застыла яснасць даляў чыстых
Над цёмнай рунню й чорнай цаліной,
І холад лёгкі ў косах прамяністых
Разліла сонца хваляй нежывой.

Наўкол сляды павольнага канання
І веліч нетутэйшага маўчання.
Прымаю корна сон зямлі азурны.

І летуціцца сцішанай душы
Такі ж спакой, халодны і бязбурны,
І адцвітанне яснае ў цішы.

Уладзімір Жылка
© Sputnik / Сергей Пятаков / Перайсці ў медыябанкУ векавечнай бацькаўшчыне клёны / Нячутна пачынаюць аблятаць...
Опавшие кленовые листья - Sputnik Беларусь, 1920, 20.09.2022
У векавечнай бацькаўшчыне клёны / Нячутна пачынаюць аблятаць...

У векавечнай бацькаўшчыне клёны…

У векавечнай бацькаўшчыне клёны
Нячутна пачынаюць аблятаць
На рыжую траву, на мох зялёны,
На весніцы, на ціхі стаў, на гаць.

Зямля глядзіць азёрамі-вачыма
На ясны свет, што стыне у красе.
Як чыста, бы святло абшары вымыла,
Як ціха – быццам зніклі людзі ўсе.

Адвечная мая! Ў сцюдзёных росах,
Як летась, як мільёны год таму…
Ляцяць на ветры косы рыжай восені,
I кліча лісцяў жоўты сум зіму.

На вуснах стыне горкі смак рабіны,
Цалую іх, халодныя як лёд.
О вы, што будзеце ісці з дзяўчынай
Пад тымі ж клёнамі праз сотню год,

Ці зразумееце, што мы кахалі,
Што зніклі так, як знікнеце і вы,
Што векавечны толькі край, і далеч,
І жоўты ліст на зелені травы,

Што ў векавечнай бацькаўшчыне клёны
Тысячагоддзі будуць аблятаць
На рыжую траву, на мох зялёны,
На весніцы, на ціхі стаў, на гаць,

Што нездарма яны з асінак рудых,
Калі ідзеш увосень па зямлі,
Раняе золата пад ногі людзям,
Каб мы яе любілі й бераглі.

Уладзімір Караткевіч
© Sputnik / Илья Тимин / Перайсці ў медыябанкДа сцюжы зімовай далёка яшчэ – / Прадрогшага неба спакойная просінь...
Косяк белощеких казарок - Sputnik Беларусь, 1920, 20.09.2022
Да сцюжы зімовай далёка яшчэ – / Прадрогшага неба спакойная просінь...

Да сцюжы зімовай далёка яшчэ…

Да сцюжы зімовай далёка яшчэ –
Прадрогшага неба спакойная просінь.
Бывае, што з раніцы дожджык маросіць,
А ў поўдзень па-летняму зноў прыпячэ.

Ручай балбатлівы бяжыць праз кусты,
Калышучы жоўтае лісце на хвалях.
І ўсё ж, калі сцішышся, чуецца ў далях,
Як з поўначы снежнай ідуць халады.

Дыхні на ўсе грудзі – прачнецца зямля
I полем пакоціцца пошчак далёкі.
…Стаіш над ракой, і здаецца, здаля
У вырай плывуць журавы і аблокі.

Сцяпан Гаўрусёў
© Sputnik / Альфред МикусХаджу па нівах, па лугах азёрных, / Начую летуценна ў будане...
Осень в Беларуси - Sputnik Беларусь, 1920, 20.09.2022
Хаджу па нівах, па лугах азёрных, / Начую летуценна ў будане...

Хаджу па нівах, па лугах азёрных…

Хаджу па нівах, па лугах азёрных,
Начую летуценна ў будане
I думаю, чаму мне так прасторна?
I песня прылятае да мяне.

Прыносіць мне дары свае дуброва
То верас, то крыніцу, то грыбок.
Ўліваецца, нібы ручай, у мову
Палескі нетаропкі гаварок.

Злятае па дасвецці галубіным
То рыжы ліст, то жоўта-залаты.
Упалі задуменна на платы
Даспелыя ружовыя рабіны.

Хаджу па нівах, па лугах азёрных,
Начую летуценна ў будане.
Я думаю, чаму мне так прасторна?
I песня прылятае да мяне.

Яўгенія Янішчыц
Чытайце таксама:
"Як звoняць свiтaльнa кpынiцы…": восеньскія вершы Aнaтoля Гpaчaнiкaва
"Я пepaд xлeбaм шaпкy здымaю…": вершы пра жытні скарб
"Прыступіце, дзеці, да навукі…": вершы пра школу
Стужка навiн
0