Праздничный салют в Москве в честь Дня Победы - Sputnik Беларусь, 1920
Дзень Перамогі
У 2024 годзе спаўняецца 79 гадоў Вялікай Перамозе. Як адзначаць 9 Мая сёлета? Што ўзгадваюць ветэраны і сведкі Вялікай Айчыннай вайны? Больш падрабязна чытайце ў матэрыялах Sputnik.

Ліквідацыя гаўляйтара Вільгельма Кубэ – рэканструкцыя падзей у відэа

Падпісацца
Эксклюзіў
Роўна 80 гадоў таму, 22 верасня 1943 года ў Мінску ў выніку смелай дыверсійнай аперацыі быў ліквідаваны кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Беларусі Вільгельм Кубэ. Да гадавіны аперацыі Sputnik аднавіў падзеі і маршруты дыверсантаў.
Па адрасе вул. Энгельса д. 27 у Мінску зараз знаходзіцца адзін з карпусоў гарадской клінічнай бальніцы №2. 80 гадоў таму вуліца называлася Тэатральная і тут стаяў іншы будынак – асабняк, у якім з лета 1943 года жыў гаўляйтар Беларусі Вільгельм Кубэ – ён засяліўся сюды ў ліпені 1943 года разам з сям’ёй, аховай і прыслугай. Пакоі гаўляйтара – спальня і кабінет – знаходзіліся на 2-м паверсе. Тут 22 верасня 1943-га Кубэ быў узарваны ва ўласным ложку.
Генеральным камісарам Беларусі Вільгельма Кубэ прызначылі 17 ліпеня 1941 года. За два гады, пакуль ён узначальваў генеральную акругу "Беларутэнія" (Generalbezirk Weissruthenien), былі знішчаны тысячы мірных жыхароў, праводзіліся масавыя расправы над вязнямі Мінскага гета.
Для ліквідацыі Кубэ была распрацавана спецыяльная аперацыя. Загад з Масквы аб знішчэнні гаўляйтара атрымалі адначасова 12 спецгруп. Ліквідаваць нацысцкага генеральнага камісара ўдалося жанчынам.

Выбух у спальні

З заключнага данясення аб замаху на генеральнага камісара Беларусі, гаўляйтара Вільгельма Кубэ:
"У ноч на 22.9.1943 у 0 гадзін 40 хвілін у спальні генеральнага камісара і гаўляйтара Вільгельма Кубэ ўзарвалася міна, у выніку чаго ў яго разарвала левы бок грудзей і адарвала левую руку. Раненні былі, безумоўна, смяротныя".
Цяжарная жонка гаўляйтара Аніта засталася цэлай і абышлася шокам. Трое дзяцей, якія спалі ў іншай спальні, таксама не пацярпелі. Выбух не закрануў і суседні жылы дом па вуліцы Тэатральнай, які межаваў з будынкам генеральнага камісарыята.
Абгарэлы труп гаўляйтара адразу пасля выбуху адправілі ў морг 1-й клінічнай бальніцы (цяпер гэта 3-я гарадская клінічная бальніца імя Клумава ў цэнтры Мінска). 24 верасня 1943 года труну з целам Кубэ выставілі на развітанне ў мінскім Доме афіцэраў. Затым пераправілі самалётам у Берлін, дзе адбылося пахаванне.

Тры жанчыны – адна дыверсія

Тым часам пад падазрэннем апынулася цеснае кола прыслугі. На раніцу пасля выбуху высветлілася, што ў доме няма толькі 29-гадовай Алены Мазанік. Яна адзіная жыла за межамі асабняка, карысталася даверам гаспадароў і мела магчымасць свабодна выходзіць у горад.
Гэта была ўжо не першая спроба ліквідаваць гаўляйтара. У жніўні да Мазанік з прапановай прыняць удзел у ліквідацыі Кубе звярнулася разведчыца Надзея Траян. Мазанік пагадзілася, але папрасіла дапамогі партызан, каб эвакуіраваць з Мінска сваю сям’ю – сястру Валянціну і яе блізкіх.
Адначасова на сувязь з Мазанік выйшла кіраўніца канспіратыўнай групы ў Мінску Марыя Осіпава. Як пісала Алена Мазанік у сваіх мемуарах, з Осіпавай яны сустрэліся ў скверы насупраць асабняка па вуліцы Энгельса, 27, у якім жыў гаўляйтар з сям’ёй.

Міна пад матрацам і ўцёкі

Варыянт атручвання Кубэ адхілілі адразу як ненадзейны. Спыніліся на выбуховым прыстасаванні. 20 верасня Осіпава прыйшла на кватэру да Мазанік – для суседзяў яны гучна спрачаліся аб кошце на туфлі. На самай справе Марыя перадала Алене міну і паказала, як заводзіць механізм.
На наступны дзень Алена загарнула міну ў вышытую хустку, ахове асабняка сказала, што гэта падарунак для жонкі Кубэ Аніты. Затым пракралася ў спальню гаўляйтара і замацавала выбуховае прыстасаванне пад матрацам. А потым пажалілася гаспадыні на моцны зубны боль і сышла. Тым жа днём пакінула Мінск разам з сястрой Валянцінай і Марыяй Осіпавай.
Здолець хутка знікнуць – задача не менш складаная, чым падрыхтоўка выбуху. 12 кастрычніка Мазанік разам з іншымі ўдзельніцамі аперацыі на самалёце даставілі ў тыл. 29 кастрычніка 1943-га Алене Мазанік, Марыі Осіпавай і Надзеі Траян было прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
Не менш за 270 "сясцёр" Хатыні: дапоўнілі спісак спаленых нацыстамі вёсак
Вызваленне Мінска ад акупацыі 3 ліпеня 1944 года – гісторыя ў відэа
"I неба гуло ад грымот…": вершы пра вайну
Стужка навiн
0