"Калядкі – вясёлыя святкі…", або Пачастункі з арэхаў для "Яшчура"
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКалядныя маскі Казы і Мядзведзя
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская нагадвае старажытныя калядныя гульні, у якіх моладзь весела бавіла час на вёсцы, і дае святочныя парады, як з дапамогай традыцыйных арэхавых страў залагодзіць любога Цмока.
Калі ў прахожага запытацца, з чым для яго атаясамліваецца свята Каляды, то нехта адразу ўзгадае прымаўку:
"Калядкі, вясёлыя святкі,
Наеўся, напіўся – дый на палаткі".
Хтосьці адкажа, што з каўбасамі і блінамі, кашай "куццёй", з сенам пад абрусам, з Каляднай зоркай і пераапранутымі ў абрадавыя касцюмы гарэзлівымі калядоўшчыкамі на чале з каляднай Казой.
© Sputnik / Альфрэд МікусКаляды атаясамліваюцца, перш за ўсё, з Казой
Каляды атаясамліваюцца, перш за ўсё, з Казой
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Некаторыя ж знаўцы ўзгадаюць і адмысловыя гульні моладзі, якія даўно страцілі свой таямнічы абрадавы сэнс, ператварыўшыся ў магчымасць весела бавіць час халоднымі зімовымі вечарамі. Сярод гэтых гульняў цэнтральнае месца належыць "шчадраванню" калядоўшчыкаў, якія песнямі-"шчадроўкамі" пад вокнамі і ў хатах аднавяскоўцаў славілі добрых гаспадароў. За гэта іх адорвалі "калядой".
Калісьці вёска была больш людная, чым цяпер, і за вечар, не выходзячы за межы свайго двара, можна было прыняць некалькі розных гуртоў. Хтосьці вадзіў "казу", хтосьці – "кабылу" і "мядзведзя", у спіску калядных персанажаў-жывёл былі таксама "тур", "вол" і "жораў". А маладыя дзяўчаты вадзілі хораша прыбраную красуню – "Шчодру".
© Sputnik / Альфрэд МікусДзяўчаты ж вадзілі добра прыбраную красуню – "Шчодру"
Дзяўчаты ж вадзілі добра прыбраную красуню – "Шчодру"
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Вядома ж, каб усіх надарыць "калядой", гаспадыні напярэдадні свята шмат гатавалі. Карацей кажучы, продкі ўмелі весела адпачываць. Умеюць святкаваць і ў наш час, і чаму б не паспрабаваць адзначыць свята са старажытным гульнёвым каларытам!
"…Да кута цэп, за "ката" лэп!"
Атрымаўшы ўсялякага смакоцця, моладзь збіралася ў вольнай хаце і гуляла ў такія калядныя гульні, як "Пячы ката", "Жаніцьбу Цярэшкі", "Падушачку", "У арэхі", "Яшчура" і іншыя.
Недасведчанага сучасніка, які не ведае калядныя традыцыі, назва гульні "Ката пячы" можа і напужаць. Але ж на самай справе ўсё адбываецца даволі міралюбна, і ні адзін кот падчас гэтай вясёлай гульні не пацярпеў! "Ката" робяць так: галаву і тулава – з пірага, вушы і ногі – з сала, а хвост – з каўбасы.
© Sputnik / Альфрэд МікусАбрад "Пячы ката"
Абрад "Пячы ката"
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Усё гэта і ёсць "кот", якога падвешваюць сярод пакоя, пад столлю. Затым кожны па чарзе пад’язджае на вілках да "ката" і з падскоку імкнецца зубамі ўчапіцца ў фігурку.
Пры гэтым гульца ўсяляк смешаць, скакаць ён мусіць пад словы:
"Ад парога да кута цэп,
За "ката" лэп!"
І калі ўсё ж такі ўдаецца сарваць "ката" і не засмяяцца, то яму дазваляецца з’есці самае смачнае – каўбасу. Тое ж, што засталося ад "ката", кладуць на стол і дзеляць на ўсіх.
© Sputnik / Альфред МикусСвяточны стол на Каляды
Святочны стол на Каляды
© Sputnik / Альфред Микус
Жменька калядных арэхаў
Сімваламі Каляд здаўна лічацца "зорка" і маска "казы". Аднак разам з тым ёсць яшчэ адзін важны калядны атрыбут – арэхі. Раней гульні з імі, як і частаванне, былі абавязковыя.
Лясныя арэхі з далёкіх часоў былі адным з улюбёных ласункаў беларусаў: імі не толькі ласаваліся, гатуючы розныя смачныя стравы, але і гандлявалі, і плацілі падаткі, і таксама надзялялі імі блізкіх падчас Каляд. На Палессі яшчэ ў мінулым стагоддзі існаваў звычай, калі ў сярэдзіне жніўня сяляне, сабраўшыся сем’ямі, разам з аднавяскоўцамі ішлі ў лес збіраць спелыя арэхі, каб назапасіць іх да Каляд, ды казалі:
"Трэба ж назбіраць якую жменьку арэхаў к Калядам".
Арэхі якраз спатрэбяцца на Каляды
© Sputnik / Томас Тхайцук
/ Чаму так? Згодна з міфалагічнымі ўяўленнямі нашых продкаў, арэх (ляшчына) – гэта свяшчэннае дрэва, якое, перш за ўсё, сімвалізавала каханне і пладавітасць. Нездарма ж маладуха клала арэхі пад свой ложак, спадзеючыся, што першым народзіцца менавіта хлопчык. Калі ж сярод сабраных арэхаў дзяўчыне пападаўся спарыш (здвоены арэх), па ім варажылі аб замужжы (паводле энцыклапедычнага слоўніка "Беларуская міфалогія").
Да таго ж, найбольш любімая і простая гульня ў Святыя вечары менавіта "У арэхі". Гуляюць так. Трэба ўзяць жменю арэхаў і прапанаваць другому гульцу адгадаць іх колькасць, пытаючыся:
"Цот ці лішка?"
Той, хто адгадаў, атрымлівае арэхі, калі не – то абавязаны вярнуць столькі ж партнёру па гульні.
© Sputnik / Альфрэд МікусНа каляднай вячэры
На каляднай вячэры
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Залагодзіць "Яшчура"
Яшчэ адна цікавая гульня-карагод прысвечана міфічнай істоце – "Яшчуру", ці інакш Цмоку (Змею). Сёлета, у год Цмока па кітайскім календары, гульня выглядае асабліва актуальнай, але ж і без таго гуляць у яе ў вялікай кампаніі вельмі цікава і весела! Мяркуйце самі.
Наш Змей, згодна з паданнямі, жыве ў арэшніку. Пярун-грамавік, пераследуючы Змея-Яшчара, ніколі не страляе ў арэшнік, бо там той Яшчар у бяспецы і асабліва ў Каляды. У старажытнай гульні ролю "Яшчура" звычайна выконвае малады хлопец, які сядзіць у цэнтры кола (бы ў арэхавым кусце) і робіць выгляд, што "точыць" (грызе) арэшкі, выбіраючы сабе нявесту.
© Sputnik / Альфрэд МікусРолю "Яшчура" звычайна выконвае малады хлопец, які сядзіць у цэнтры кола і выбірае сабе нявесту
Ролю "Яшчура" звычайна выконвае малады хлопец, які сядзіць у цэнтры кола і выбірае сабе нявесту
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Вакол гульца дзяўчаты водзяць карагод з наступнымі словамі:
"Сядзіць, сядзіць Яшчур, ладу-ладую.
У гарэхавым кусце, ладу-ладую.
Сярод карагоду, ладу-ладую.
Ён гарэшак точыць, ладу-ладую.
Каторую браці? Ладу-ладую.
Хоць сабе Алену (Дар’ю, Мар’яну і г.д.)…"
Калі "Яшчур" называе імя дзяўчыны, тая павінна аддаць яму сваю хустку, або якую-небудзь іншую рэч так, каб ён яе не бачыў. Калі ўсе дзяўчаты пералічаныя, яны павінны "выкупіць" у хлопца свае рэчы, выканаўшы тое, што ён загадае.
Арэхавыя ласункі
Залагодзіць "Каляднага Яшчура" можна і пачастункамі, прыгатаванымі з арэхаў. Вось некалькі цікавых старажытных рэцэптаў.
Арэхі ў мёдзе
З чаго гатаваць:
арэхі ляшчыны (па патрэбе),
мёд (да смаку).
© Sputnik / Сергей ЛескетьДа каляднай стравы патрэбен лепшы мёд
Да каляднай стравы патрэбен лепшы мёд
© Sputnik / Сергей Лескеть
Як гатаваць. Растаўчы свежыя арэхі, ачысціць ядры ад тонкай верхняй скуркі, высушыць у негарачай печы (духоўцы) амаль да крохкасці. Пасля кінуць іх у невялікую колькасць падрумяненага мёду і добра перамяшаць. Арэхаў павінна быць столькі, каб маса атрымалася густая.
Смажаць усё да гатовасці: каб вызначыць, ці згатаваўся мёд, яго, як пры варцы варэння, наліваюць на сподачак – калі ахалоджаны мёд хутка згушчаецца, гэта значыць, што масу пара здымаць з агню.
Пакуль арэхі гарачыя, іх бяруць з патэльні лыжкай і, крыху пачакаўшы, рукамі раскладваюць на бляху, спаласнутую вадой. Пасля чакаюць, калі яны застынуць і засохнуць. Далей кавалачкі складаюць у закаркаваныя слоікі.
Торт з лясных арэхаў
З чаго гатаваць:
400 г лясных арэхаў,
400 г цукру,
10 яек,
мармелад (варэнне).
Як гатаваць. Лушчаныя лясныя арэхі стаўчы разам з цукрам, дадаць 10 узбітых бялкоў і добра ўсё памяшаць. Масу раздзяліць на тры часткі, выкласці ўсё у круглую форму і спячы.
Калі каржы будуць гатовыя, змазаць іх мармеладам (варэннем) і пакласці адзін на аднаго. Затым абліць глазурай і падсушыць у духоўцы.
© Sputnik / Людмила ЯнковскаяЯкія ж Каляды без ласункаў!
Якія ж Каляды без ласункаў!
© Sputnik / Людмила Янковская
Крэм з лясных арэхаў
З чаго гатаваць:
3 яйкі,
125 г цукровай пудры,
150 г вяршковага масла,
2-3 ст. л. тоўчаных лясных арэхаў.
Як гатаваць. Закіпяціць ваду ў вялікай каструлі, уставіць у яе меньшую. Выпусціць у яе яйкі, пасаладзіць і ўзбіваць, пакуль маса не загусцее. Зняць з агню, астудзіць, увесці нарэзанае тонкімі скрылікамі масла і расцерці крэм да пены. Дадаць тоўчаныя арэхі, перамяшаць. Раскласці па формах і паставіць на холад.
Перад падачай крэм з формачак выкладаюць на дэсертныя талеркі ці ў крэманкі.
Напітак з арэхаў "Аршад"
З чаго гатаваць:
400 г міндалю,
4-5 шт. горкага міндалю,
6 шк. гатаванай вады,
цукар (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяНапой засаладзіць і падаць вельмі халодным
Напой засаладзіць і падаць вельмі халодным
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Салодкі міндаль разам з некалькімі зярняткамі горкага моцна патаўчы і расцерці, заліць трыма шклянкамі вады і адціснуць праз сурвэтку. Потым зноў растаўчы міндаль, заліць астатняй вадой і яшчэ раз адціснуць.
Засаладзіць і падаць вельмі халодным.
Смачна есці!
Таксама на Sputnik:
"Без капусты жываты пусты!", або Старажытныя стравы з белакачаннай расліны
"Памідоры зводзяць з розуму…", або Кулінарны экскурс у таматную даўніну
"Тадорыны прысмакі", або Стравы са шпінату