"Чалавек не знікае так": вершы Рыгора Барадуліна

© Sputnik / Евгений Коктыш / Перайсці ў медыябанкРыгор Барадулін
Рыгор Барадулін - Sputnik Беларусь, 1920, 24.02.2024
Падпісацца
Сёння адзначаецца дзень нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Sputnik узгадвае жыццёвыя шляхі вядомага творцы і прапануе падборку яго душэўных вершаў.
МІНСК, 24 лют — Sputnik. Жыццё – быццам падарожжа за небасхіл. Чалавек крочыць за сваёй марай, якая дзесьці там, удалечыні, то устае ранішнім сонцам, то зіхаціць высокай начной зоркай. І так – увесь свой шлях, пакуль сам не ператвараецца ў гэтую ж зорку, каб свяціць новым вандроўнікам. Калі ж узышла зорка Барадуліна?
У 1935 годзе на хутары Верасоўка нарадзіўся Рыгор Іванавіч Барадулін. Скончыў школу ва Ушачах і філфак БДУ, пасля – працаваў рэдактарам у розных выданнях. Барадулін пісаў шмат. Так, першыя яго вершы з'явіліся ў друку, калі ён ужо вучыўся ў старэйшых класах – у 1953 годзе ў газеце "Чырвоная змена" (пад псеўданімам А.Чабор). А таксама ў шматтыражнай газеце БДУ "За сталінскія кадры".
Неўзабаве ў 1959 годзе з'явіўся першы зборнік вершаў паэта "Маладзік над стэпам". Галоўныя тэмы паэзіі – вайна, духоўнасць і таленавітасць беларускага народа, праблемы пасляваеннага часу. У 1961 годзе выйшаў другі зборнік паэзіі – "Рунець, красаваць, налівацца!", а ў 1963 трэці – "Нагбом". У апошніх зборніках паэта пераважаюць духоўныя і біблейскія матывы. У 2005 годзе выйшаў зборнік малітвенай паэзіі "Ксты". Наогул, Барадулін выпусціў каля 70 зборнікаў паэзіі.
Майстар паэтычнага слова шмат часу аддаваў і перакладчыцкай дзейнасці. Дзякуючы яму, на беларускай мове выйшлі "Слова пра паход Ігараў", творы Федэрыка Гарсія Лоркі, Шэкспіра, Байрана, Ясеніна, Амара Хаяма.
© Sputnik / Евгений Коктыш / Перайсці ў медыябанкПаэт Беларусі Рыгор Барадулін
Поэт Рыгор Бородулин - Sputnik Беларусь, 1920, 23.02.2022
Паэт Беларусі Рыгор Барадулін
Акрамя гэтага Барадулін з'яўляецца аўтарам вялікай колькасці сатырычных і гумарыстычных, а таксама крытычных твораў. Дарэчы, ён стварыў вялікую колькасць эпіграм на дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва. Таксама ў 1987 годзе выйшла кніга "Парастак Радкоў, галінка вяршыць", якая складалася з літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ паэта.
Беларуская мова з'яўлялася адной з тэм творчасці Барадуліна. Ад маці яму перадалася незвычайная чуйнасць да роднага слова. Вуснае багацце народнай творчасці, засвоенае з дзяцінства, стала добрай асновай творчай індывідуальнасці паэта.
Чэрпаючы з народных запасаў моўнай культуры, паэт адкрыў неабмежаваныя магчымасці словаформ і спалучэнняў слоў, вярнуў забытым словам першародную свежасць. Жывое маўленне ў творчасці Барадуліна выйшла за рамкі ўсталяваных да яго літаратурных канонаў.
На жаль, Рыгора Барадуліна не стала 2 сакавіка 2014 года, у Даравальную нядзелю. Напярэдадні адзначыў свой дзень нараджэння і 53 гады сумеснага жыцця з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай. Да яе былі звернуты апошнія словы паэта: "Якая ж ты ў мяне прыгожая!". Пахавалі Барадуліна на роднай Ушаччыне побач з маці.
З напамінам аб багатым творчым жыцці знакамітага беларускага паэта Sputnik падрыхтаваў невялікую падборку яго цудоўных вершаў, прасякнутых любоўю да роднай зямлі.
Чытаем разам!
© Sputnik / Мария АмелинаЧалавек не ўзнікае так – / Ён збываецца, адбываецца...
Дети - Sputnik Беларусь, 1920, 24.02.2024
Чалавек не ўзнікае так – / Ён збываецца, адбываецца...

Чалавек не ўзнікае так

Чалавек не ўзнікае так –
Ён збываецца, адбываецца
Як ратай,
Як дзівак,
Як мастак,
Ад якога свет адбіваецца.

Чалавек не знікае так,
Бы ў кішэні вякоў пятак.
Ён сціраецца аб дарогі,
Разбіваецца аб адчаі,
Пераходзіць ва ўсе трывогі
Веку,
Што яго прыручае.

Перш чым вочы заслоняць векам,
Чалавек хоча стаць чалавекам.

© Sputnik / Альфред МикусІ адкуль на стале тваім / Бохан свежага хлеба пахучы...
Жораўскі хлеб - Sputnik Беларусь, 1920, 23.02.2022
І адкуль на стале тваім / Бохан свежага хлеба пахучы...

Трэба дома бываць часцей

Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.

Не забыць, як падвялы аер
На памытай падлозе пахне,
Як у студню цыбаты асвер
Запускае руку да пахі.

Не забыць сцежкі той, што цябе
На дарогу выводзіла з дому,
Што у хаце там быў рубель
У цане і па курсу старому.

Не забыць, як марозам злым
Клямка пальцы пячэ балюча
І адкуль на стале тваім
Бохан свежага хлеба пахучы.

Помніць свой на іржышчы цень,
Не забыць, як завуць суседа,
Не забыць, як пяе пад дзень
За вясёлым сталом бяседа.

Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою ты стаў чысцей
І не страціў святое штосьці.

© Sputnik / Альфрэд МікусГатовы ўсё аддаць – / I тым багаты, / Мы, беларусы, / Мы – народ такі...
03 Берагіня-2021 у пасёлку Акцябрскі - Sputnik Беларусь, 1920, 23.02.2022
Гатовы ўсё аддаць – / I тым багаты, / Мы, беларусы, / Мы – народ такі...

Мы – беларусы...

Мы больш сваёй ахвярнасцю вядомы,
Мы, беларусы,
Мы – народ такі.
Ахвотна забываем, што мы,
Хто мы.
Згадаюць
Нашай памяці вякі!

Мы сціпласцю сваёй здаўна вядомы,
Саміх сябе хваліць нам не з рукі.
Хай слабакі
Аж падаюць ад стомы,
На плечы ўзяўшы
Пыхі мех цяжкі.

Мы ўсім сваёй гасціннасцю вядомы,
Надзейныя сябры і дружбакі.
I госць, і падарожны ў нас
Як дома.
А злым і травы колюцца ў бакі.

Гатовы ўсё аддаць –
I тым багаты,
Мы, беларусы,
Мы – народ такі.
Што з краю небяспекі нашы хаты.
Пра гэта
Не забудуць чужакі!

© Sputnik / Лариса МетлевскаяМне шукаць цябе, / покуль гляджу, / Пад зялёным крылом верасовак...
Чабрец - Sputnik Беларусь, 1920, 24.02.2024
Мне шукаць цябе, / покуль гляджу, / Пад зялёным крылом верасовак...

Неруш

Неруш ранішні –
роднае слова,
Мне шукаць цябе,
покуль гляджу,
Пад зялёным крылом верасовак,
Пад крысом
і спякоты й дажджу.
Слова,
што як нарог для ратая,
Як для ластаўкі –
стромы вільчак,

Ад якога на небе світае,
Ад якога яснее ў вачах…
А пашчасціць – натрапіцца неруш, –
Зазвіняць недзе промні наўзбоч.
Неруш свой
панясу я аберуч,
Як слязіну з матуліных воч.

Ад абразы,
ад позірку злога,
Шлях заблытаўшы для наслання,
Неруш ранішні –
матчына слова,
Мне, як бору,
цябе засланяць!

© Sputnik / Альфред МикусПарастрэсла па сцежках лясных / Снег апошні свой / з ландышаў белых...
Ландыш майский - Sputnik Беларусь, 1920, 23.02.2022
Парастрэсла па сцежках лясных / Снег апошні свой / з ландышаў белых...

* * *

Уцякала зіма ад вясны
Па кустах вербалозаў рагатых, –
Ёй каптан абарвалі яны,
I на голлі матляецца вата.

Уцякала зіма ад вясны,
Уцякала па рэках, азёрах,
Лёд затрэскаў, закрэктаў, заныў,
Здрадзіў лёд –
і вада на прасторы.

Толькі звон крыгалому ачах –
Брод шукаюць бярозы-бяглянкі
I трымаюць на ніцых плячах,
Як дзяцей палахлівых,
буслянкі.

А вясна даганяла зіму;
Заяц скочыў у лужу блакіту,
Бо на хвост наступіла яму,
I пралескі распырскаў, раскідаў.

I ўцякала зіма ад вясны,
Пад нагамі ламачча затлела,
Парастрэсла па сцежках лясных
Снег апошні свой
з ландышаў белых.
Уцякала зіма ад вясны –
Уцякала...

© Sputnik / Виктор ТолочкоУ курганах, / Што выраслі з былін, / Спачылі / З поля подзвігу ратаі...
Курган Славы - Sputnik Беларусь, 1920, 23.02.2022
У курганах, / Што выраслі з былін, / Спачылі / З поля подзвігу ратаі...

Яна адна...

Яна адна,
Зямля вякоў,
Адкуль
Жыццё пачатак брала
Шчырай верай.
Здалёк відна
Зямля бацькоў,
Матуль,
Дзе песня б’ецца
Перапёлкай шэрай.

У курганах,
Што выраслі з былін,
Спачылі
З поля подзвігу ратаі.
У туманах
Тугі спрадвечны клін
На гнёзды шчасця
Выраі вяртае.

Краса ўзышла
Аднойчы назаўжды,
Закрасавала ў душах
I ў паглядах.
Прамень святла,
Струмень жывой вады
Закаласіўся
На ачахлых лядах.

Світання сцяг
Над цемрывам начы
Расчырванеўся
Радаснаю стомай,
I на губах,
Крамяна пахнучы,
Застаўся яблык
Ранішняй аскомай.

На смерць ішлі
За гэтую зямлю,
За гэтую красу,
За сцяг світання

Сыны зямлі,
Каб засланіць раллю,
З якой нязломнасць
Збажыною ўстане.

Пакуль у нас
Пяшчотаю матуль
I рупнасцю бацькоў
Сагрэты далі,
Не посвіст куль,
А галасы зязюль
Лічыць гадоў чароды
Не прысталі.

© Photo : Школа городских инициатив "Теплица"Я выдумаў цябе, ці ёсць / Ты сапраўды на гэтым свеце...
Орнамент на лестнице - Sputnik Беларусь, 1920, 23.02.2022
Я выдумаў цябе, ці ёсць / Ты сапраўды на гэтым свеце...

* * *

Я выдумаў цябе, ці ёсць
Ты сапраўды на гэтым свеце,
Як ёсць адчай, як ёсць мілосць,
Як ёсць спякота ў кожным леце.

Калі не выдумаў, тады
Чаму цябе няма са мною
Ля абначэлай чарады,
Пад аблачынай праліўною?

Ля абначэлай чарады
Маіх гадоў, што засталіся
Шукаць забытыя сляды
На доле і ў нябеснай высі.

Пад аблачынай праліўной
Маёй гаркоты і маркоты,
Па той адной, па той адной,
Якую ведаеш даўно ты.

Табой назвалася яна –
Чыя мана, чыя віна…

© Sputnik / Лыскин А. / Перайсці ў медыябанкВа ўсмешцы на ілбе, / Каб недзе ўспомніла жыццё цябе...
Девочка улыбается - Sputnik Беларусь, 1920, 23.02.2022
Ва ўсмешцы на ілбе, / Каб недзе ўспомніла жыццё цябе...

* * *

Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём
Штогодна, штогадзінна, штохвілінна,
Твой кожны дзень,
Забраны забыццём,
Лічы сваім найбольшым адкрыццём,
Ты – з дрэва часу
Кволая галіна.

Штодня вядзі з самім сабою бой,
Каб клопаты цябе не пахавалі,
Жыві надзеяй,
Мараю слабой,
Што свет трымаецца
Адным табой –
З ракі ўсёзабыцця – намерам хвалі.

Старайся не ў дзяльбе,
А ў малацьбе,
Каб вымалаціць з цемрачы праменне.
Ляж зморшчынкай
Ва ўсмешцы на ілбе,
Каб недзе ўспомніла жыццё цябе,
У незваротнай вечнасці –
Імгненне.

© Sputnik / Мария АмелинаЗорка босая йшла па зямлі. / Я хацеў ёй купіць чаравічкі...
Верующие снимали обувь и босиком ходили по ковру из свежесрезанных цветов - Sputnik Беларусь, 1920, 24.02.2024
Зорка босая йшла па зямлі. / Я хацеў ёй купіць чаравічкі...

Босая зорка

Зорка босая йшла па зямлі.
Я хацеў ёй купіць чаравічкі.
Толькі як згаварыцца,
Калі
У яе незямныя прывычкі.

Зорка босая йшла па расе,
і сляды яе не астывалі.
і вятры слугавалі красе.
Халады ад яе адставалі.

Зорка босая йшла нацянькі,
Бо спазніцца баялася дужа.
Дзе ступала, цвілі васількі,
Дзе стаяла, ўсміхалася ружа.

Зорка босая йшла ў тумане
Кладкай зыбкай над хітрай вадою,
Зорка босая йшла да мяне,
Каб аднойчы назвацца табою.

© Sputnik / Алексей Даничев / Перайсці ў медыябанкЧым цягнецца вышэй / у неба дрэва – / глыбей / ідуць карэнні у зямлю...
Лес весной - Sputnik Беларусь, 1920, 17.02.2023
Чым цягнецца вышэй / у неба дрэва – / глыбей / ідуць карэнні у зямлю...

Я – сын зямлі

Я – сын зямлі,
нашчадак хлебаробаў.
Услед за сонцам
доўга мне брысці.
Быў надта б рад,
каб хоць зярняткам дробным
змог на зямлі бацькоўскай
прарасці.

Яе вачмі
гляджу на свет сягоння:
слупы гудуць мне
соснамі ў бары.
He касманаўта бачу ў шлемафоне –
суседа
у пчалярскім каптуры.

Да зорак позіркі і тэлескопы
з сівых вякоў цярэбяць
горды шлях.
Ды толькі па зямлі
спрадвечны клопат,
як сэрца,
б’ецца ў кожнага ў грудзях.

He спіць зямля –
у ёй вулканы дрэмлюць,
планеты-сёстры
пазыўныя шлюць.
Чым цягнецца вышэй
у неба дрэва –
глыбей
ідуць карэнні у зямлю.

>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
"Скрыпяць асверы на марозе": зімовыя цуды ў вершах беларускіх класікаў
Шлях у вечнасць Уладзіміра Караткевіча: "...Крочце к сонцу поруч са мной"
"Зажурыла беллю паплавы, лугі…": зімовыя вобразы роднага краю ў вершах
Стужка навiн
0