"На Аўласа коні ды каровы да ласкі ласыя", або Кулінарныя звычаі продкаў
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАладкі на Аўласа
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская раскрывае таямніцы, як каровіна і конскае свята звязана са старажытным Вялесам, калі "свойскі" мужчына павінен падаіць карову, па якой прыкмеце выбіраць працавітага каня, а таксама дае карысныя парады па гатаванні лепшых аўласавых аладак.
Цяпер у вёсцы ўсё больш пануюць жалезныя коні, а па малако і сыры сяляне ходзяць у краму ці аўталаўку. Аднак яшчэ не так даўно не існавала вясковай гаспадаркі, у якой не было б каня і каровы. Без іх гаспадарка – не гаспадарка, а нейкае непаразуменне. І нездарма, бо калісьці конь быў галоўным транспартным сродкам, а карова – карміцелькай сям’і.
Пра гаспадара ж, які не меў буйной жывёлы, так і казалі:
"Гаспадар без жыўёла, не гаспадар, а пустога хлява затычка".
І ўсё ж у вёсцы засталіся некаторыя сем’і, якія, нягледзячы на цяжкасці догляду за хатняй жывёлай, трымаюць і коней, і кароў. 24 лютага такія дасведчаныя гаспадары адзначаюць па народным календары асаблівае свята, калі прынята ўшаноўваць коней і кароў – Аўлас.
© Sputnik / Антон ДенисовВясковыя коні на лузе
Вясковыя коні на лузе
© Sputnik / Антон Денисов
Ад Вялеса да Аўласа
Аўлас мае сталае месца ў календары. Так што тыя, хто шануе коней, а таксама і кароў, могуць віншаваць іх са святам, частуючы аўсом і духмяным сенам. Мабыць таму ў народзе казалі:
"Хто шануе гэты дзень, у таго жывёла ніколі хварэць не будзе".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКоней і кароў, віншуючы са святам, частуюць адпаведна аўсом і духмяным сенам
Коней і кароў, віншуючы са святам, частуюць адпаведна аўсом і духмяным сенам
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Навукоўцы лічаць, што Аўлас – гэта відазмененае свята ў гонар Вялеса, аднаго з галоўных багоў язычніцкага пантэона ўсходніх славян, якога вельмі паважалі ў Беларусі.
Вялес быў богам жывёлагадоўлі і багацця. Яму блізкія такія божаствы і персанажы сусветнай міфалогіі як літоўскі Вяльняс, латышскі Велс і нават кельцкі бог дабрабыту і жывёлы Велаўн. Вялес або Волас меў таксама дачыненне да зямных вод, крыніц, вытокаў рэк.
Пасля прыняцця хрысціянства заменнікам Вялеса стаў Аўлас, а менавіта Уласій Севасційскі.
У Вялесаў дзень, ці інакш на Аўласа, нашы далёкія продкі заўсёды назіралі за прыродай і свойскімі жывёламі.
© Sputnik / Виктор ТолочкоПродкі заўсёды назіралі за свойскімі жывёламі
Продкі заўсёды назіралі за свойскімі жывёламі
© Sputnik / Виктор Толочко
Аўласавы прыкметы
Аб паводзінах і знешнім выглядзе кароў і коней у народзе было складзена безліч прыкмет і павер’яў. Пачынаючы з ХІХ стагоддзя, іх старанна збіралі і запісвалі многія беларускія этнографы.
Па-першае, падчас свята назіралі за надвор’ем, бо верылі ў сувязь пагодных з’яў і вялесава свята. Так, напрыклад, вызначалі:
"Каля Уласа сем маразоў – тры да Уласа, адзін на Уласа і тры пасля Уласа".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКаля Уласа сем маразоў
Каля Уласа сем маразоў
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Па-другое, не забываліся і на паводзіны сваіх крупных гадаванцаў. Так, па паводзінах скаціны можна было вызначыць будучыню: ацеліцца карова бычком ці цялушкай, як будзе цялё ці жарабя гадавацца, ці трапіць у зубы да ваўка і ці будзе "малочнай" карова. Вызначаліся і выключна гаспадарскія прыкметы: што трэба рабіць, каб карова давала шмат малака і каб яно не псавалася, чаго трэба асцерагацца як б’еш у маслабойцы масла, як лячыць жывёлу і сцерагчыся чараўнікоў і іншае.
Некаторыя з гэтых прыкмет, абгрунтаваныя векавымі назіраннямі за жывёламі і жыццёвым вопытам, падаюцца вельмі трапнымі, некаторыя ж сёння выглядаюць прынамсі кур’ёзна.
Па паводзінах кароўкі можна было вызначыць будучыню
© Sputnik / Илья Наймушин
/ Назіранні за каровамі:
малако будзе густое і смятаністае, калі ў пойла карове дамешваць адвар з кмену,
каб было смачнае малако ды з яго можна было сабраць больш смятаны, гладышкі выпарваюць свежым альховым веццем з лісцямі ці якімі-небудзь пахучымі зёлкамі,
як дояць карову, то ў дайніцу кідаюць драбінку солі, каб малако не псавалася і хутка не кісла,
у каровы паменьшае малака, калі яе падоіць нехта чужы,
калі ні гаспадыня, ні іншая жанчына з сям’і не могуць падаіць каровы, зрабіць гэта павінен "свойскі" мужчына, лепш сам гаспадар,
як б’юць масла, трэба асцерагацца, каб не ўбачыў хто-небудзь чужы, а то доўга нельга будзе збіць масла,
каб карова давала шмат малака і была заўсёды спасная, яе трэба паіць вадой, у якой сядзіць чарапаха,
калі малако вельмі хутка адкіпае да псуецца, трэба карове падкурыць вымя зверабоем і кажаном (паводле А.К. Сержпутоўскага).
Да таго ж да нашага часу захавалася пэўная забарона на пазыку малака. Вядома, што з усіх прадуктаў сельскай гаспадаркі малако, як і мёд, ніколі не пазычаюць. Лічыцца, што малочная пазыка не праходзіць бясследна для абодвух бакоў, таму нават сама яе прапанова з’яўляецца крыўднай. Калі малако патрэбна дзіцяці, то малога прыносяць у дом, дзе ёсць малако і там кормяць (паводле М.Я. Нікіфароўскага)
Малако, як і мёд, ніколі не пазычаюць
© Sputnik / Денис Абрамов
/ "Конскія" прыкметы:
на Аўласа каню даюць адпачынак ад работы, кормяць лепшым кормам, каб ён быў здаровы і працавіты,
маладняк на свята прынята аб’язджаць – калі ўпершыню аб’язджаюць каня, перад ім не трэба пераходзіць дарогі, бо ён тады ніколі не "выездзіцца", будзе ўпарты і наравісты,
калі на кірмашы прадаецца конь, у якога грыва выкладаецца на правы бок, то гэта верная прыкмета, што такі конь будзе трымацца сваёй гаспадаркі, будзе працавіты і, як казалі продкі, "адводлівы на племя".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСелянін з канём
Селянін з канём
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Гатуем да свята
І яшчэ на Аўласа існаваў звычай: каб цяляты былі тлустыя, а жарабяты паслухмяныя і гадаваліся здаровыя, гаспадыні смажылі каўбасы, пакуль не надышоў Вялікі пост, і пяклі смачныя аладкі.
Аладкі з сырам
З чаго гатаваць:
250 г сыру,
2-2,5 шк. пшанічнай мукі,
1-1,5 шк. малака,
2 яйкі,
1 ст. л. сметанковага масла,
алей (па патрэбе),
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяВясковыя аладкі
Вясковыя аладкі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Жаўткі расцерці з соллю і, размешваючы, дадаць малако і муку. У добра выбітае цеста асцярожна ўвесці ўзбітыя бялкі. Цеста павінна быць як густая смятана.
Сыр нарэзаць тоненькімі скрылікамі. У разагрэты алей класці па лыжцы цеста, зверху па кавалачку сыру. Падсмажыць аладкі з абодвух бакоў.
Пры падачы паліць аладкі растопленым маслам.
Аладкі ў цукровай пудры
З чаго гатаваць:
350 г пшанічнай муки,
3 яйкі,
50 г сметанковага масла,
200 г смятаны,
100 г тлушчу,
30 г цукру,
цукровая пудра (па патрэбе),
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАладкі святочныя
Аладкі святочныя
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Жаўткі, масла, соль, цукар і смятану расцерці ў місцы, дадаць муку, перамяшаць і асцярожна ўвесці ўзбітыя ў пенку бялкі.
У разагрэты тлушч класці па лыжцы цеста. Падсмажыць аладкі з абодвух бакоў.
Пры падачы пасыпаць аладкі цукровай пудрай.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
"Без хлеба яда – да парога хада…", або Агаціна свята
Гусёўнік, або Птушыныя стравы з бабулінага сшытка
"Насцей чакае гасцей…", або Авечая доля на вясковым стале