"Срэбранаю пацеркай на нітцы…": казачная крыніца творчасці Васіля Віткі
"У 1912 годзе, калі мне споўніўся год, мы былі ўжо ў Омску. Тулячыся ў падсуседзях па чужых кутках, бацька карміў сям'ю тым, што, гнучы спіну на гарадскім рынку, падбіваў і латаў просты і грубы абутак людзей", - пісаў Вітка у сваёй аўтабіяграфіі.
Пошукі казкі
Сцежкі выбраць мне якія,
Пошукі з чаго пачаць?
Месцы знаю я глухія,
Дзе лясы, дзе сенажаць,
Дзе дрыгва і дзе імшары,
Дзе глыбокія выгары.
І туды я нават траплю,
Дзе жыве старая чапля.
Выйду на рачную мель,
Дзе гуляе журавель.
Мне туды якраз з рукі,
Дзе начуюць два ваўкі.
Добра знаю я дарогу
У мядзведжую бярлогу.
Знаю горы я кратовыя,
Знаю норы я лісовыя…
Толькі вось з чаго пачаць?
А мо лепей легчы спаць,
Сіл набрацца, падрасці
І тады ўсё абысці?
Не, вы лепш і не кажыце,
Што слабы і што малы я
І спужаюся нібыта
Я ваўка, што ўночы вые.
Не ўздыхайце, не тужыце,
Як на сумных тых памінках…
Я дубовага ўзяў кія
І пайшоў сваёй сцяжынкай.
А куды пайшоў?
У жыта.
Хай сабе не блізкі свет,
Хай у ногі колка.
Знаю, хто адкрыў сакрэт,
Знаю –
Перапёлка.
Сарока
Каля лесу недалёка
Скача з куста ў куст сарока,
На мяне ўсё паглядае
І трашчыць як завадная:
– За папер-ку
Дай цукер-ку…
– Што? Дык казку ты украла
І ў гняздзе сваім схавала,
Нарабіла шуму-крыку,
А цяпер табе дай выкуп?
Не, зладзейка-дабрадзейка,
Зараз я зраблю праверку
І такую дам цукерку –
Растрасу тваю сямейку!
Мне адказвае сарока:
– Да гнязда майго высока.
Праўда, што люблю я красці,
Але ж рэчы дарагія –
Срэбраныя, залатыя,
Лыжкі, гузікі, пярсцёнкі,
Што здалёку ўсім відны,
Густ на іх у мяне тонкі.
А якое з казкі шчасце?
Ёй няма ў мяне цаны…
Я падумаў: за прызнанне
Памяншаюць пакаранне.
У гняздо я не палез,
А далей падаўся ў лес.
Салавей
У зацішку вербалозаў ніцых,
Дзе лясная сочыцца крыніца,
Я вады халоднае напіўся,
Стала на душы мне весялей.
Срэбранаю пацеркай на нітцы
Затрымцеў і песняю разліўся
У альховым кусце салавей.
Дасціпны, увішны,
Слаўны ён спявак –
Светлая манішка,
Поверх – доўгі фрак.
Пэўна, што заслужаны,
Хоць на выгляд шэры ён,
А голас не застуджаны,
І сам без фанабэрыі.
Браў свабодна трэлі,
І нізы, і высі ён,
І скроні не макрэлі,
Не цёр хусцінкай лысіны.
Спяваў і па-французску,
Спяваў другімі мовамі,
А больш – па-беларуску,
Але сваімі словамі:
– Як у лядзе-лядзе
Пастух сала пёк-пёк,
Як прысядзе-сядзе
На пянёк-пянёк-пянёк,
Як пакр-руціць ён ражэньчык, –
Ах, каб цябе, каб…
Сквар-ка: тр-р, кап-кап…
І няма: ўсё з’еў агеньчык…
– Салавей, мой любы браце,
Я хачу ў цябе спытаці:
Можа, чуў ты, хто між вас тут
Пераказваў маю казку?
А салоўка мне ў адказ:
– Гэта не цікавіць нас.
Што твая мне казка тая,
Я ж яе не заспяваю.
У мяне свае турботы –
Салаўю патрэбны ноты.
Генерал верабей
Гэй, дарогу, гэй, шырэй,
Лес густы, высокі –
На машыне верабей
Едзе да сарокі.
У пагонах, у шнурах,
У шпорах са звонам,
Белабока толькі: – Ах! –
Сказала з паклонам.
– Калі ласка, ваша чэсць.
Я даўно чакала.
Запрашаю за стол сесць
Госця-генерала.
Налучыўся тут мядзведзь
На такое дзіва.
– Цьфу, няма на што глядзець! –
І ўсміхнуўся крыва.
Усхапіўся верабей,
Адважны задзіра,
Як падыме крык: – Не смей
Зневажаць мундзіра!
Загрудкі мядзведзя – цап:
– Ведай, з кім заняўся!
Ледзьве з вераб'ёвых лап
Мішка ўратаваўся.
Дударык
Сеў у полі на каменьчыку,
Узяў дудку на раменьчыку.
Ду-ду-ду – дуда гудзе,
Полем водгалас ідзе.
Надакучыла іграць,
Каля дуба лёг паспаць.
Вісіць дудка на суку,
Спіць дударык на баку.
Павярнуўся дагары
І так моцна ён захроп –
Скалануўся дуб стары,
Дудка – бух у самы лоб.
Тут яму і сон не ў сон,
На ілбе гудзе ўжо гуз.
Не сабраў і трэсак ён,
Бо ад дудкі – толькі друз.
Падняў хлопец паясок,
Пайшоў з плачам у лясок:
– Куды дзецца мне цяпер?
Цікаваць буду цяцер.
Спадцішка пад куст падпоўз
І цяцёрку – хоп за хвост.
З пёрка выразаў дуду:
– Ой, зайграю, загуду.
Што было, тое сплыло,
Пайду з дудкаю ў сяло.
Я пад першы парог,
А мне з хаты – пірог.
Я на дудцы: ту-гу-гу –
Ўсе нясуць па пірагу:
Мне і матка – пірог,
Мне і татка – пірог,
Мне і дзядзька – пірог,
Мне і цётка – пірог,
Мне – дзедка – пірог,
І суседка – пірог,
І браценік – пірог,
І пляменнік – пірог.
Назбіраў я пірагоў
Сорак восем карабоў.
Каб яшчэ адзін пірог,
Я зусім бы абнямог.
Перастань, дуда, дудзець!
Дзе мне пірагі падзець?
Сабралася ўся радня,
Памагчы ўсе рады мне.
Запрагаюць каня –
Ён і воза не скране.
Падагналі грузавік,
Для яго груз вялік.
Папрасілі самазвала,
Ў самазвала сілы мала.
Залучыў я камара,
Магутнага званара.
Той адразу ўзяў мой воз,
Пірагі мае павёз.
Ай камар-маладзец!
Тут і казцы канец.
Казка без канца
Выйшаў я на ганак
І ем абаранак.
Падбягае Янка:
– Дай абаранка.
А я кажу: – Не.
А ён – на мяне.
Грымнуў абаранак,
Разбіўся аб ганак,
Рассыпаўся ў крошкі,
Прыбеглі дзве кошкі
І адзін сабака.
Я з гора заплакаў,
Пайшоў тату жаліцца,
А тата пытаецца:
– Як і з-за чаго,
Хто першы – каго?
Стаў я свайму татку
Расказваць спачатку:
– Выйшаў я на ганак
І ем абаранак…
Тата кажа: – Хлопец,
Мне ўсё ясна – хопіць.
Журавель
Чаму жыццё не падняло
Яго пад хмары залатыя?
Здавён вартуе ён сяло,
Высока выцягнуўшы шыю.
I ўсё цікуе – хто ідзе
Да поўнае яго крыніцы,
Яшчэ здалёк заве людзей
Халоднае вады напіцца.
I кланяецца ўсім зычліва,
Паслушна апускае дзюбу,
Глядзіць з увагаю руплівай
У бездань выцвілага зрубу.
Пап’е сасмаглы падарожнік,
Асушыць конь сваё карыта,
А восень агалосіць пожні
Птушыным развітальным крыкам,
I, ўчуўшы кліч павадыра,
Што свой касяк кіруе ў вырай,
Ён выцягне, расправіць шыю:
– I мне пара, і мне пара.
Ляцець! Ляцець! Ды толькі хто там
З пустымі вёдрамі ў варотах?
He, мусіць, будуць век цвяліць
Са мной жанкі і маладзіцы.
Яны да цяжкага вядра
Мяне жалезам прыкавалі,
Ласкавым іменем назвалі
I не пускаюць са двара.
Казкі дзеда Васіля
Жыў на свеце дзед Васіль,
За плячыма мех насіў.
Дазналіся мышкі,
Што ў мяшэчку кніжкі,
Разгрызлі завязкі,
Бачаць, ажно ж – казкі.
Сталі клікаць дзяцей:
– Гэй, сюды ўсе хутчэй!
Ёсць тут маляванкі,
Складанкі-чытанкі,
Байкі-самаграйкі,
Песні-калыханкі,
Жарты-перакруткі,
Гулі-самагудкі,
Лічылкі-загадкі,
Ладачкі-ладкі…
Падыходзьце, малышы,
Кожнаму пацешка ёсць!
Дзед Васіль, а ты пішы
І яшчэ нам прынось!