Новае ў гісторыі дойлідства: Менск у Х стагоддзі быў магутным умацаваным горадам
© Sputnik / Виктор ТолочкоНа раскопках гарадзішча на Менцы
© Sputnik / Виктор Толочко
Падпісацца
Эксклюзіў
Драўляныя фартыфікацыйныя збудаванні, выяўленыя падчас раскопак на гарадзішчы на Менцы, не маюць аналагаў ва Усходняй Еўропе. Чаму гэта ўнікальны для гісторыі ўсходніх славян помнік, падобных да якога няма ні ў Расіі, ні на Украіне, разбіраўся Sputnik.
У мінулым годзе падчас маштабнага вывучэння летапіснага Менска навукоўцы раскрылі драўляныя клеці з дубу, якія ў Х стагоддзі ўзвялі для абароны горада.
У бягучым палявым сезоне канструкцыі разабралі і адправілі на кансервацыю. Гэта таксама дазволіла зрабіць некалькі сенсацыйных адкрыццяў, пра якія мы ўжо пісалі раней.
Гакі і штэхелі
Цяпер падчас раскопак перад разабранымі дубовымі клецямі ўдалося выявіць яшчэ адну лінію абароны, аб наяўнасці якой навукоўцы і не меркавалі.
"Для Х стагоддзя для дадзенай тэрыторыі былі характэрны абарончыя збудаванні ў выглядзе клецей, якія тут ужо даследавалі", - распавёў загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч карэспандэнту Sputnik.
© Sputnik / Виктор ТолочкоРаскопкі гарадзішча на Менцы
© Sputnik / Виктор Толочко
Паводле яго слоў, па меры таго, як даследавалася тэрыторыя ад клецей у бок ракі, была знойдзена яшчэ адна лінія зрубаў, выкананых у класічнай традыцыі з гакамі, якія ўмацоўваюць вонкавую сцяну.
"Яна не была звязана з асноўнымі клецямі, але за ёй была адкрыта яшчэ адна лінія бярвення, якія ўмацаваны гакамі, а кароткія бярвёны, каб іх не зрушылі з месца, змацаваны драўлянымі штэхелямі", - звярнуў увагу гісторык.
Тэхналогіі дойлідства
Андрэй Вайцяховіч растлумачыў, што гэта ўжо зусім іншая тэхналогія, адрозная ад традыцыйных клецей, якая больш характэрна для заходніх славян, а не ўсходніх.
"Гэта ўнікальнае спалучэнне дзвюх розных традыцый узвядзення абарончых збудаванняў. Гэта значыць, што жыхары горада на Менцы былі ў курсе самых сучасных на той момант тэхналогій абарончага дойлідства. Пэўна, у работах бралі ўдзел як мясцовыя майстры, так і прыезджыя, якія і дапамагалі будаваць яшчэ адну лінію абароны", - мяркуе археолаг.
© Sputnik / Виктор ТолочкоРаскопкі гарадзішча на Менцы
© Sputnik / Виктор Толочко
Пры гэтым ён зрабіў акцэнт, што ўпершыню ў гісторыі археалогіі ва Усходняй Еўропе выяўлена такое спалучэнне драўляных канструкцый.
"Гэта новая старонка ў гісторыі абарончага дойлідства", - упэўнен Андрэй Вайцяховіч.
Упершыню ў археалогіі
"Гэты нацыянальны здабытак, таму што гэта ўнікальны помнік, падобнага якому нідзе няма", - канстатаваў загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН.
Цяпер і гэтыя драўляныя канструкцыі будуць разабраны і адправяцца на кансервацыю ў Гомель, дзе ўжо знаходзяцца клеці з дуба Х стагоддзя.
© Sputnik / Виктор ТолочкоРаскопкі гарадзішча на Менцы
© Sputnik / Виктор Толочко
Па словах навукоўца, наступнае важнае пытанне – гэта музеефікацыя знаходак. Трэба вырашыць, ці патрэбен асобны музей або знаходкі будуць перададзены ў дзеючы. Магчыма, удасца знайсці рашэнне, якое дазволіць захаваць кампазіцыю вала і фартыфікацыйныя збудаванні вернуць на месца, каб пакінуць гістарычны кантэкст.
"Ніякія вядомыя ў Беларусі драўляныя абарончыя збудаванні па складанасці і па магутнасці з імі несупаставімы", - падкрэсліў археолаг.
Андрэй Вайцяховіч заўважыў, што ў асноўным старажытнарускія гарадзішчы даследаваліся на тэрыторыі сучасных Беларусі, Расіі і Украіны ў 60-70-х гадах мінулага стагоддзя. Тады рабіліся проста разрэзы вала, ніхто не даследаваў такія вялікія плошчы, як цяпер у Беларусі, гэта ўпершыню ў гісторыі айчыннай археалогіі.
© Sputnik / Виктор ТолочкоРаскопкі гарадзішча на Менцы
Раскопкі гарадзішча на Менцы
© Sputnik / Виктор Толочко
*Гак – драўляны крук. У дадзеным выпадку ў драўлянай канструкцыі такі крук змацоўваў яе звонку.
**Штэхель – гэта драўляны цвік, або нагель. У дадзенай канструкцыі ён убіваўся ў адтуліны ў бярвенні, забяспечваючы дадатковае мацаванне.
Гак і нагель – словы, запазычаныя з галандскай мовы. Штэхель – гэта нямецкі аналаг нагеля.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"