Самыя старажытныя могілкі каменнага веку знайшлі археолагі ў Беларусі
© Photo : из личного архива Александра ВашановаНавуковы кіраўнік экспедыцыі Аляксандр Вашанаў на раскопе
Навуковы кіраўнік экспедыцыі Аляксандр Вашанаў на раскопе
© Photo : из личного архива Александра Вашанова
Падпісацца
Эксклюзіў
Востраў пасярод вялікага возера Сялява ў эпоху мезаліту злучаўся з берагам перашыйкам, а цяпер адрэзаны ад сушы. Аб падрабязнасцях даследаванняў унікальнага помніка даведаўся карэспандэнт Sputnik.
Некранутых часам і людзьмі археалагічных помнікаў у Беларусі няшмат, і іх колькасць імкліва памяншаецца. Таму навукоўцам часам вельмі складана атрымаць падчас экспедыцый матэрыял, які можа дапамагчы лепш зразумець, як было арганізавана жыццё нашых продкаў.
Складаней за ўсё з-за клімату знайсці пахаванні, дзе будуць цэлымі касцяныя астанкі. Яны маюць павышаную цікавасць, таму што даюць не толькі разуменне таго, якога росту і камплекцыі былі нашы продкі, але і могуць быць крыніцай каштоўнага ДНК-матэрыялу.
Возера Сялява ў Крупскім раёне, а дакладней востраў на ім, у гэтым сэнсе сапраўдная знаходка. Справа ў тым, што, калі ў эпоху мезаліту, а затым і неаліту яго засялялі людзі, ён быў паўвостравам, і толькі ў ХХ стагоддзі стаў востравам, што і згуляла на руку навукоўцам.
Чыстыя помнікі
"На сёння на гэтым востраве вядомы тры археалагічныя помнікі. Два з якіх больш за 20 гадоў даследаваліся археолагам Вадзімам Шадырам. Ён вывучаў паселішча і гарадзішча ранняга жалезнага веку", - распавёў навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага таварыства Інстытута гісторыі Аляксандр Вашанаў.
© Photo : из личного архива Александра ВашановаРаскопкі на востраве на возеры Сялява
Раскопкі на востраве на возеры Сялява
© Photo : из личного архива Александра Вашанова
Паводле яго слоў, у ходзе даследаванняў гэтых помнікаў былі выяўлены знаходкі, звязаныя непасрэдна з днепра-дзвінскай культурай жалезнага веку (VIII стагоддзе да н.э. – IV стагоддзе н.э.) і раннім сярэднявеччам.
Падчас навуковай разведкі на востраве два гады таму быў знойдзены новы помнік, які цяпер вядомы ў навуковым асяроддзі як Клішына-3. Ён складаецца з дзвюх тэрас, якія размяшчаюцца на розных узроўнях. Гэта ранні мезаліт 10-7 тысячагоддзя да н.э. кундскай культуры на верхняй тэрасе, а ля самай вады размяшчаецца тэраса са знаходкамі ранняга неаліту 6 тысячагоддзя да н.э., якія адносяцца да нарвскай культуры.
© Sputnik / Станислав АндросикКрэмніевая пласціна
Крэмніевая пласціна
© Sputnik / Станислав Андросик
"Гэтыя помнікі каштоўныя тым, што з’яўляюцца "чыстымі", гэта значыць на іх няма напластаванняў пазнейшых культур і яны не змяшаныя паміж сабой. Даследаванне такіх помнікаў дазваляе атрымаць поўную карціну аб помніку без чужародных прымесей. Гэта важна для разумення стратэгій жыццядзейнасці людзей той эпохі і іх тэхналагічных магчымасцей", - растлумачыў Аляксандр Вашанаў.
Пры гэтым ён удакладніў, што гэта датычыцца і тэхналогій вытворчасці керамікі, крэмніевых прылад. Нарвская культура з’яўляецца правапераемніцай кундскай і тут важным адрозненнем як раз з’яўляецца здольнасць рабіць керамічныя вырабы.
© Sputnik / Станислав АндросикМікраліт – элемент састаўнога паляўнічага ўзбраення
Мікраліт – элемент састаўнога паляўнічага ўзбраення
© Sputnik / Станислав Андросик
Цікавым адрозненнем прадстаўнікоў кундскай культуры з’яўляецца спосаб вырабу крэмніевых прылад. У эпоху мезаліту на беларускай тэрыторыі толькі яны атрымлівалі вырабы не пры дапамозе ўдару, а з дапамогай ціску, калі камень расшчапляўся.
© Sputnik / Станислав АндросикПрылада працы, вырабленая з крэмніевай пласціны
Прылада працы, вырабленая з крэмніевай пласціны
© Sputnik / Станислав Андросик
Самая старажытная магіла
У гэтым сезоне ўдалося знайсці на верхняй тэрасе касцяную падвеску – гэта вельмі важна, улічваючы, што на помніках, якія даследаваў Вадзім Шадыра, было знойдзена каля 120 падобных рэчаў і раней іх інтэрпрэтавалі ў сувязі з пазнейшымі эпохамі (жалеза і бронзы).
"Цяпер мы ведаем аб прамой сувязі помніка Клішына-3 і гарадзішча, дзе таксама вядомы культурны пласт эпохі ранняга мезаліту", - адзначыў навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства.
Пасля чаго дадаў, што ў 2019 годзе ў Беларусі быў навуковы праект па вывучэнні старажытнага ДНК чалавека. У рамках яго рэалізацыі ўдалося датаваць тры пахаванні з гарадзішча на востраве на возеры Сялява. Усяго падчас вывучэння гарадзішча Вадзім Шадыра знайшоў восем пахаванняў рознай ступені захаванасці. Пахаванні былі розначасовымі ад мезаліту да ранняга Сярэднявечча.
© Sputnik / Станислав АндросикПацеркі са сцябла скамянелай марской лілеі
Пацеркі са сцябла скамянелай марской лілеі
© Sputnik / Станислав Андросик
"Мы зрабілі ДНК-аналіз: адзін з касцякоў адносіцца да эпохі ранняга жалезнага веку (дняпра-дзвінская культура). Адзін адносіўся да эпохі позняга неаліту (культура шнуравай керамікі) і яшчэ адно пахаванне адносіцца да кундскай культуры. На сёння мы можам казаць, што гэта самае старажытнае пахаванне на тэрыторыі Беларусі. Больш ранніх чалавечых астанкаў у нас няма", - акцэнтаваў увагу Аляксандр Вашанаў.
© Sputnik / Станислав АндросикКасцяная падвеска
Касцяная падвеска
© Sputnik / Станислав Андросик
У дадзеным выпадку гаворка ідзе аб дзевятым тысячагоддзі да нашай эры, гэта значыць гэтаму пахаванню пасярод возера Сялява цяпер налічваецца 11 тысяч гадоў. Тут важна разумець, што магіла была знойдзена 20 гадоў таму, але датаваць яе нашы навукоўцы маглі толькі зараз.
Гэта лішняе пацвярджэнне важнасці захаванасці знаходак, якія могуць прыадкрыць старажытную гісторыю пазней з развіццём тэхналогій і пашырэннем магчымасцей беларускіх вучоных.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"