"Быў гэта толькі сумны сон…": шляхам жыцця Паўліны Мядзёлкі
Знаёмства з Купалам
Арышты, выгнанне і вяртанне на радзіму
Быў гэта сон…
Быў гэта толькі сумны сон
Душы расплаканай маей,
Што сярод бледных будных дзён
Я свята меў, глядзеў святлей.
Быў гэта толькі сумны сон,
Што у вачах яе скрозь смех
Чытаў святы сабе закон
Кахання шчырага і ўцех.
Быў гэта толькі сумны сон,
Што вось інакшая яна
І пойме болю майго стогн,
Зірне ў душу маю да дна.
Быў гэта толькі сумны сон,
Што развяду я з ёй бяду,
Што пад яе напеваў звон
Лягчэй к магіле дабрыду.
Ўсё для мяне быў гэта сон;
Хтось іншы яву меў ў жыцці, –
Ён ёй і мне стварыў прыгон,
А сам сышоў, каб… не прыйсці!
Таей даўгажданай
Чакаў яе, чакаў з трывогай,
Лічыў хвіліны неспакойна,
Чакаў… І не прыйшла нябога.
Не захацела быць так гойнай.
Што ж, не прыйшлося маім думам
Быць явай радаснай, жаданай;
Сам застануся з сваім сумам
Лячыць нязлечаныя раны.
Пачну адвечную бяседу:
Паклічу верных сваіх другаў –
Яны, як добраму суседу,
Акажуць шчыру мне паслугу.
Мой першы друг – бязмежна гора,
Не скупіць мне сваёй апекі, –
Душа яго, як тое мора,
Што ўсе ў сябе ўбірае рэкі.
Мая сама вярнейша дружка,
Мяне не здрадзіўша ніколі,
Нядоля – беспадобна служка,
Мая пацеха дома, ў полі.
Яшчэ, яшчэ нямала маю
Такіх дружкоў, бы ўвесну цвету,
Іх тутка я не вылічаю, –
Нашто дарма хваліцца свету!
Вось як яны усе сыйдуцца
Ў маю святліцу – маё сэрца, –
Імглою вочы прыбяруцца,
Душа на жальбу абапрэцца.
І блісне першая слязіна,
За ёй апошняя заблісне, –
Абедзве па табе, дзяўчына,
Што я чакаў так бескарысне!..
Сыйду…
Сыйду са сцежкі я тваей,
Як цень з няведамага краю,
Хоць і не вырву ўжо з грудзей
Таго, з чым жыці сіл не маю.
Судзіла доля мне сустрэць
Цябе, як казку негадану,
Ды не судзіла доля мець
Пацехі з гэтага жаданай.
Пракляцце нейкае вісіць
Над лёсам марным і сірочым
Ды рве і рве за ніцяй ніць,
Якія з шчасцем злучыць хочуць.
Нявольнік дум сваіх і сноў,
Сябе самога раб няшчасны,
Я скрозь жыццё адзін сам шоў,
Пуціны не зазнаўшы яснай.
І думаў, што ўжо скаваў лёд
Мне ўсе жаданні і парывы,
Што дажыву я сваіх год,
Па-свойму вольны і шчаслівы.
Так думаў… Сталася не так –
Душу збудзіла дзіўна з’ява:
Чагось жадаць пачаў бядак,
Штось згледзеў больш, як смерць і слава.
Інакш забілася ў грудзях
Сляпое, прыспанае сэрца, –
Змяніў на кветкі церні шлях
І думаў: шчасце ка мне рвецца.
Але здалося гэта ўсё,
Быў сон, а ява засталася,
Надзеі зорка ў небыццё,
Як здань жывая, праняслася.
Зноў сам адзін, як блудны цень,
З далёкай вырваны каметы.
Ідзі, брыдзі і ноч, і дзень,
Навек згубіўшы ўсе прасветы.
Каб мог душу ўзяць, паказаць,
Каб мог сабе сам вырваць грудзі,
Тады б мо ты змагла паняць,
Чаго паняць не хочуць людзі.
Тады б мо каменем цяжкім
Маёй душы не надзяліла,
Над сэрцам мела б жаль маім
Ды і ўздыхнула б над… магілай.
А яна…
Гэткім шчырым каханнем яе атуліў,
З гэткай ласкай глядзеў ў яе сумныя вочы,
Як і сонца не туліць расквечаных ніў,
Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!
Так пясціў, так галубіў галубку, яе,
Так цяпліў сваім сэрцам сірочым ёй грудзі, –
Як і маці не песціць дзіцё – як спаўе,
Як і вогнішча ззябнутых грэці не будзе!
Столькі песень над песнямі ёй я напеў,
Столькі думак злажыў аб ёй важных, таёмных, –
Як і бор гэтак з ветрам шумець не шумеў,
Як і век гэткіх дум не злажыў для патомных!
Гэткі ў сэрцы сваім збудаваў ёй пасад
І такую ўзлажыў ёй з кахання карону, –
Як і неба з зямлёю, на Божы загад,
Не прыдбаюць такіх ні кароны, ні трону!
Так уславіў яе ў славу сонца і зор,
Так маліўся дзень-ноч к ёй мальбою нябёсаў, –
Як і мудрасць не ўславіць ўсясвету прастор,
Як і каня не моліцца ўлетку да росаў!
Утварыў з яе шчасце з-над шчасцяў сваё –
Чарадзейную княжну з аповесці дзіўнай,
І пад ногі ёй кінуў жыццё сваё ўсё…
………
А яна?.. А яна была толькі… дзяўчына!..
Ночцы
К табе, мая ночанька цёмная,
І к вам, мае зоранькі-кветкі,
З паклонам іду, непрытомны я,
І клічу вас, клічу за сведкі.
Пасведчыце, як мне тут маецца
Ў маёй адзіноце, нядолі,
Як сэрца ў грудзях разрываецца,
Як плача душа без патолі.
Пасведчыце там перад мілаю,
Як тутка па ёй я журбую…
Мо хоць над маёю магілаю
Я водклік ад мілай пачую.
К табе ж, брат мой, вецер, звяртаюся
З закляццем-прысягай такою:
На смерць і жыццё прысягаюся,
На шчасце сваё маладое:
Мілей мне яна і ад сонейка,
Мілей ад маіх сноў дзяціных,
Ад красак квяцістага гонейка,
Ад песень вясной салаўіных.
Вось гэты заклён з загаворамі,
Ты, ветру, мой шчыры дружача,
Дамчы к маёй мілай за горамі
І кінь ёй пад ногі – хай бача!..