"На Вадапосце вячэру вараць…", або Містыка і смак Пісанай каляды

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГрыбная мачанка
Грыбная мачанка - Sputnik Беларусь, 1920, 17.01.2025
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра асаблівасці дзявочай варажбы напярэдадні Вадохрышча, навошта гаспадару "пісаць каляды" на хаце і як правільна рыхтавацца да сустрэчы Трэцяй куцці с поснымі стравамі.
Кароткія зімовыя дзянёчкі бягуць безупынна і два тыдні святкавання Каляд прамільгнулі хутчэй, чым хацелася б. Зусім нядаўна калядоўшчыкі спявалі "Прыехала каляда на белым кані…", ды вось ужо "Каляда ад’язджае".
Завяршыўся Шчодры тыдзень і на парозе ўжо 18 снежня – апошні дзень Каляд ці, як ў народзе казалі, Пабед-Каляда, Вадзяная каляда, Піскуха і Пісаная каляда.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАпошні калядны дзень – Вадзяная каляда
Святая вадзіца - Sputnik Беларусь, 1920, 16.01.2025
Апошні калядны дзень – Вадзяная каляда

"Запісваць Каляды"

Пісаная каляда мае такую назву, таму што на будынках "пісалі хрэст", як бы "запісвалі Каляды", што з аднаго боку значыла завяршэнне Каляд, а з іншага – служыла абярэгам. Рабілася гэта так: гаспадар дома ставіў крэйдай крыжыкі над варотамі, дзвярыма, вокнамі, над уваходам у хлеў. Праз два тыдні крыжыкі змывалі. Менавіта такім чынам напярэдадні Вадохрышча і пасля яго засцерагалі дом і гаспадарку ад уздзеяння нячыстай сілы.
Тым больш, што ўсе калядныя вечары – чароўныя. Памятаючы гэта, моладзь і дарослыя працягвалі варажыць хто на лёс, а хто на гаспадарку. Большасць гэтых прымхаў была звязана з вадой, якая ноччу перад Вадохрышчам быццам бы набывае асаблівую моц. Гэтая вада – вялікая святыня, якая па павер’ях мае гаючую сілу, а, захоўваючыся на працягу года, не губляе празрыстасці і застаецца свежай. Людзі вераць, што на Вадохрышча ўся вада абнаўляецца, бо сярод ночы на імгненне яна спыняецца нават у рэках і быццам "перакіпае", перанараджаецца. Лічыцца, што яна дае ачышчэнне не толькі цялеснае (дзеля здароўя і прыгажосці), але і духоўнае, бо здольна змываць грахі.
Вадохрышча – свята народнага календара, звязанае з культам вады і яе асвячэннем. У хрысціянскай традыцыі ў гэты дзень адзначаецца Хрышчэнне Ісуса Хрыста у рацэ Іардан Іаанам Хрысціцелем. Галоўнай падзеяй на Вадохрышча з’яўляецца асвячэнне вады ў царкве і вадаёмах.
© Sputnik / Виктор ТолочкоНа Вадохрышча традыцыйна асвячаюць ваду
Настаяцель храма ў гонар Святога Прарока Іллі айцец Аляксей праводзіць малебен і асвячэнне вады - Sputnik Беларусь, 1920, 16.01.2025
На Вадохрышча традыцыйна асвячаюць ваду
Кажуць, што ў гэтую ноч, калі добра прыслухацца, можна нават пачуць, як вада "гаворыць", "спявае" і "шэпча". Калісьці пасля Вадохрышча, пачынаючы ад 20 студзеня, царква дазваляла вянчацца. Гэты час да Масленіцы называлі Малой вясельніцай і таму дзяўчаты і нават хлопцы спрабавалі зазірнуць у будучыню, каб вызначыць свой лёс, паслухаць, што вада "нашэпча".

Дзявочая варажба

Калядны час асабліва напярэдадні Вадохрышча здаўна набываў сакральны сэнс у дзявочых марах. Мабыць, таму вялікая колькасць дзівосных рытуалаў здзяйснялася менавіта дзяўчынамі на выданні. Як, напрыклад, наступныя:
дзяўчына падвешвала ключ да ніткі, апускала ў калодзеж і тузала за нітку. Ключ пачынаў хістаецца з боку ў бок, дакранаючыся да вады. Лічылася, у які бок у гэты момант адхіліцца ключ, з таго боку і будзе жаніх;
дзяўчаты апускалі вядро ў студню і, дастаючы яго, па чарзе хапаліся рукамі за жэрдку з вочапам. Якая з дзяўчат ухопіцца апошняя – той першай і давядзецца замуж ісці;
маладуха выпускала пеўня, ставячы перад ім стакан вады, кальцо і люстэрка. За паводзінамі птушкі трэба было ўважліва назіраць: так, калі певень дзяўбнуў у кальцо – хутка дзеўка пойдзе замуж, у зеркала – жаніх будзе фарсісты, а ў ваду – то п’яніца;
пасля вячэры дзеўкі хуценька хапалі вёдры і беглі навыперадкі па ваду. Лічылася, якая з іх хутчэй прынясе дамоў вады – тая хутчэй і выйдзе замуж;
дзяўчаты клалі на стол у кучку некалькі памечаных арэхаў і рэзка накрывалі далонню. Чый арэх выкаціцца з-пад рукі – тую чакае замужжа;
на Вадохрышча да 12 гадзін дзеўка прыносіла ваду і дробна прасявала попел. Затым брала чыстую белую талерку, на яе клала чысты белы ліст, на ліст насыпала попел, на попел ставіла стакан вады з залатым кальцом. У 12 гадзін запальвала свечку і глядзела ў кальцо. Лічылася, што такім чынам можна ўбачыць жаніха;
увечары, напярэдадні Вадохрышча, дзяўчына лічыла калы ў плоце. Трэба было перабіраць іх усе да канца, прыгаворваючы "кол – каліца, кол – каліца…". Калі на апошняй акажацца кол – значыць дзеўка пойдзе замуж, а каліца – пакуль не.
© Sputnik / Марына СерабраковаВаражба на плоце
Варажба на плоце - Sputnik Беларусь, 1920, 16.01.2025
Варажба на плоце
А яшчэ "на Вадапосце вячэру вараць, а катора хоча гадаць, то сама сабе наварыць салёных з лушпайкамі картопляў, ні з кім не гаворыць і лажыцца спаць, а ўночы прысніцца сон, што хлопец ваду падае, – за таго пойдзе" (паводле кнігі У. А. Васілевіча "Дай божа знаць, з кім век векаваць: беларуская народная варажба").

Сустракаем Трэцюю куццю

У Беларусі 18 студзеня святкуюць Трэцюю куццю. У народзе яна носіць разнастайныя назвы, якія раскрываюць яе характар: Апошняя, Вадапосная, Хрышчэнская, Галодная, Вадзяная і г.д. Саму куццю ў гэты дзень часам называюць "вадзянка" або "вадзянуха".
Кажуць, што чым больш ясі, тым больш хочацца. Аднак, хоць у паветры яшчэ лунае прысмак калядных каўбас і мачанкі, усё ж дзень перад Вадохрышчам строга посны. Так, у гэты дзень, калі не хварэлі, стараліся нічога не есці да вечара, каб перад вячэрай выпіць "свянцонай" вады і толькі пасля гэтага пачынаць есці. Пры гэтым падчас Куццявой вячэры напярэдадні Вадохрышча не ўжываліся ў ежу мясныя, малочныя, рыбныя стравы, а таксама стравы якія ўтрымлівалі яйкі. Абавязкова рабілі посную куццю, кашу з пшанічных круп, запраўленую алеем, таксама гатавалі стравы з агародніны, варылі густы аўсяны ці яблычны кісель.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГусты кісель з яблыкаў
Густы кісель з яблыкаў - Sputnik Беларусь, 1920, 16.01.2025
Густы кісель з яблыкаў
Вось некалькі цікавых рэцэптаў посных традыцыйных страў да святочнай вячэры.

Капуста кручаная па-пластоцку

З чаго гатаваць:
1 галоўка капусты,
5 морквін,
2-3 зубкі часнаку,
1 ст. л. солі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКапуста па-пластоцку
Капуста па-пластоцку - Sputnik Беларусь, 1920, 16.01.2025
Капуста па-пластоцку
Як гатаваць. Чыстую галоўку капусты разабраць на лісце і апусціць у кіпячую ваду на 5 хв., адкінуць на друшляк, даць вадзе сцячы.
Моркву нацерці на буйной тарцы, перамяшаць з дробна насечаным часнаком.
Атрыманую накрыпку акуратна закруціць у капусныя лісты, шчыльна скласці ў каструлю, заліць кіпячым расолам з разліку 1 ст. л. солі на 1 л вады.

Салата з бульбы і салёных агуркоў

З чаго гатаваць:
500 г бульбы,
300 г салёных агуркоў,
2 цыбуліны,
0,5 шк. алею,
зеляніна,
молаты чорны перац (па патрэбе),
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАгуркі салёныя з кропам
Агуркі салёныя з кропам - Sputnik Беларусь, 1920, 16.01.2025
Агуркі салёныя з кропам
Як гатаваць. Бульбу абабраць, зварыць у падсоленай вадзе, абсушыць.
Дадаць дробна нашаткаваную цыбулю, уліць алей і патаўчы да ўтварэння аднароднай масы. Дадаць парэзаныя дробнымі кубікамі салёныя агуркі, молаты чорны перац, перамяшаць.
Атрыманую масу абсыпаць здробненай зелянінай пятрушкі і кропу.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСалата з бульбы
Салата з бульбы з кропам - Sputnik Беларусь, 1920, 16.01.2025
Салата з бульбы

Гарбуз з кменам

Гэты рэцэпт разлічаны на 1 порцыю.
З чаго гатаваць:
60 г гарбуза,
30 г кісла-салодкіх яблыкаў,
15-20 г арэхаў,
10-15 г алею,
5 г цукру,
1/8 лімона,
шчопаць кмену,
шчопаць солі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГарбуз, запечаны з зёлкамі і часнаком
Гарбуз, запечаны з зёлкамі і часнаком - Sputnik Беларусь, 1920, 16.01.2025
Гарбуз, запечаны з зёлкамі і часнаком
Як гатаваць. Абабраць гарбуз, выбраць семкі, дробна нашаткаваць мякаць, абсмажыць на алеі да гатоўнасці, астудзіць. Абабраць яблыкі, выдаліць насенне і запячы.
Перамяшаць гарбуз з яблыкамі, дадаць цукар, тоўчаны кмен, соль і сок лімона.
Перад падачай на стол пасыпаць тоўчанымі арэхамі.

Мачанка грыбная

З чаго гатаваць:
100 г сушаных грыбоў,
2 цыбуліны,
1 ст. л. мукі,
1-2 ст. л. алею,
перац (па патрэбе),
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГрыбная мачанка з бульбай
Грыбная мачанка з бульбай - Sputnik Беларусь, 1920, 16.01.2025
Грыбная мачанка з бульбай
Як гатаваць. Замачыць сухія грыбы на некалькі гадзін у халоднай вадзе, прамыць, заліць вадой, у якой яны мачыліся, папярэдне працадзіўшы яе. Адварыць і нашаткаваць саломкай.
На сухой патэльні падсмажыць муку, развесці невялікай колькасцю ахалоджанага грыбнога адвару. Змяшаць з асноўнай часткай грыбнога адвару, дадаць падсмажаную цыбулю, перац, соль. Атрыманым соусам заліць грыбы, давесці да кіпення.
Да грыбной мачанкі падаць звараную бульбу.
Смачна есці!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСтрава на "Галодную" куццю
Аўсяны цэд для кісялю - Sputnik Беларусь, 1920, 16.01.2025
Страва на "Галодную" куццю
Чытайце таксама:
"Калядую, калядую, каўбасу чую…", або Гатуем Багатую куццю на Шчадрэц
Калядныя спевы: "Я каза-страказа, паўбока луплена, за тры грошы куплена..."
"Ой, Калядачкі, вы прыдзіце к нам…", або Вялікая куцця напярэдадні Каляд
Стужка навiн
0