"Святы Апанас гусей прыпас…", або Ад абрадавай дзеі да птушкі на стале

© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская раскрывае сакральны сэнс вясковых завядзёнак на Апанассе і раіць адрадзіць на аматарскай кухні продкавыя рэцэпты індычкі, тушанай з садавінай, і курынай мачанкі па-рудненску.
Нечакана снежны і марозны – у параўнанні з апошнімі цёплымі зімамі – студзень падкінуў беларусам працы. Аднак, змагаючыся са снежнымі сумётамі, усё ж на вёсцы снегу рады! І нездарма, бо вялікія белыя гурбы на палетках прадказваюць, што вясною зямля атрымае ўдосталь вільгаці і сялянам можна будзе спадзявацца на добры ўраджай.

Зіма ў вёсцы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
"Апанасаўскія" завядзёнкі
За вялікай колькасцю свят другі зімовы месяц праляцеў незаўважна. І вось ужо на календары апошні дзень студзеня. У гэты час калісьці было прынята ўшаноўваць святога Апанасія, які лічыўся абаронцам жывёл ад марозу. Акрамя таго, у другой палове ХІХ стагоддзя ў тагачаснай Магілёўскай губерніі ў канцы студзеня адзначалі яшчэ і палову зімы – як кажуць у народзе: "Студзень году пачатак, а зіме палавіна".

"Студзень году пачатак..."
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
І такое выслоўе сапраўды мела рацыю, бо жыхары беларускіх вёсак правяралі – колькі засталося назапашаных для жывёл кармоў. І калі на гэты час у сельскіх гаспадароў іх заставалася палова, то лічылася, што жывёла выжыве да вясны.
Дарэчы, гэтым часам заўсёды ўсталёўваліся па-сапраўднаму моцныя маразы, якія ў гонар пазначанага прысвятка называлі апанасаўскімі, маўляў:
"Хавай нос у апанасаўскі мароз!"
Вось калі станавілася зразумелым: ці добра гаспадары падрыхтаваліся да зімы, ці цёпла ў хляве і ці дастаткова дроў каля хаты, бо, вядома ж, у маразы прыпасы дроў разыходзіліся шпарчэй. Нездарма ў народзе прыкмячалі:
"Калі студзень добра марозіць, селянін лучынку паліць і дровы з лесу возіць".

Распаленая печ
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Акрамя дроў у марознае надвор’е некаторыя гаспадары нарыхтоўвалі і лес для будоўлі новай хаты.
Хапала працы і гаспадыні, якая ў гэты час шчыравала каля сваіх жывёлак і птушак, бо, як заўважалі жыхары вёсак: "Няўмека на печы ляжыць, а ўмека па дарожцы бяжыць". Да таго ж дзень у гонар Апанасія лічыўся "гусіным" прысвяткам, калі свойскую птушку адмыслова кармілі, абстаўляючы гэта старажытнай абрадавай дзеяй: у сярэдзіну абручыка насыпалі зерне і заклікалі і гусей, і курэй на пачастунак. Лічылася, што птушка, пад’еўшы зерня ў абручыку, будзе трымацца каля свайго падворка. Таксама, на Апанассе назіралі за надвор’ем: так, калі за вакном круціла завіруха, то лічылася, што ў будучым выведзецца шмат гусянят.
І, вядома, якая ж гаспадыня без гатавання страў? Тым больш, што згодна з народным календаром, ад Вадохрышча наступае Мясаед, які цягнецца ажно да Масленкі. Працягласць гэтага прыемнага перыяду, поўнага смачных абедаў з разнастайнымі мяснымі стравамі, у народзе тлумачылі наступным чынам: Мясаед можа цягнуцца ад 7 і да 9 тыдняў і павінен быць у трох маладзіках. Да таго ж, калі Каляды пачаліся ў маладзік, то Мясаед будзе вялікі, а калі на сходзе месяца, то – наадварот. Таксама продкі прыкмячалі, што калі Мясаед кароткі, то Вялікдзень будзе рана. Напрыклад, сёлета Вялікі пост пачнецца 23 лютага, а Вялікдзень чакаем 12 красавіка. Таму трэба спяшацца паласавацца мяснымі стравамі!

Свойскія мясныя вырабы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
"Калі будзеш працавіты, то і страўнік будзе сыты!"
На Апанассе было прынята забіваць частку птушкі і рабіць з яе мясныя прыпасы, а таксама гатаваць сапраўдныя вясковыя далікатэсы. Калісьці падобнае назапашванне мяса птушкі гэтай парой было вельмі актуальнае і з нагоды Малой вясельніцы. Справа ў тым, што бацькі, якія не паспелі ажаніць сваіх дзяцей да Каляд, спяшаліся гэта зрабіць у бліжэйшы час, балазе з гэтага дня царква дазваляла вянчанне, а таму да Масленкі спраўлялася вялікая колькасць вяселляў.
Ды якое ж вяселле без смачных страў? Асабліва прыгатаваных па цікавых рэцэптах з гусі, качкі, індычкі або курыцы!
Індычка або курыца, тушаная з садавінай
З чаго гатаваць:
палова індычкі або 1 курыца,
2-3 ст. л. вяршковага масла,
2-3 шк. булёну або вады,
1 цыбуліна,
500 г свежай ці сушанай садавіны (яблыкі, разынкі, чарнасліў, абрыкосы і г.д.),
4 ст. л. віна,
1 ст. л. мукі,
4 ст. л. вяршкоў,
зеляніна (кроп, пятрушка)
перац (па патрэбе),
соль (да смаку).
Як гатаваць. Мяса парэзаць на кускі, абкачаць у муцэ і абсмажыць у вяршковым масле (ці замест яго ў птушыным туку) да ўтварэння карычневай скарынкі.
Крыху пазней дадаць у мяса нашаткаваную цыбулю і абсмажыць амаль да гатоўнасці.
Уліць булён, пасаліць і паперчыць. Калі булён закіпіць, дадаць нарэзаную саломкай садавіну, віно (ці яблычны сок) і тушыць на слабым агні пад накрыўкай.
Перад падачай мяса прыправіць вяршкамі і зелянінай кропу ці пятрушкі.

Страва з хатняй птушкі
© Sputnik / Людмила Янковская
Мачанка курыная па-рудненску
Так гатуюць мачанку з мяса птушкі ў вёсцы Руднае, што ў Капыльскім раёне на Міншчыне.
З чаго гатаваць:
1 курыца,
1-2 цыбуліны,
1 морква,
2 ст. л. мукі (на 200 г вады),
2,5 л вады,
шчопаць молатага чорнага перцу,
1-2 лаўровыя лісты,
зеляніна кропу,
1 ст. л. солі.

Мачанка з блінамі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Пасячы курыцу на часткі і, у залежнасці ад пажаданай сытнасці мачанкі, пакласці ў ваду неабходную колькасць курыных частак. Паставіць на сярэдні агонь і варыць 45-60 хв.
Калі мяса пачне адставаць ад касцей, дадаць у булён асобна падсмажаныя цыбулю і моркву.
Затым муку перамяшаць з халоднай гатаванай вадой і ўліць у кіпячы булён, пастаянна павольна мяшаючы. Дадаць туды перац, соль, лаўровы ліст і давесці да кіпення. Варыць 3-5 хв. У канцы пасыпаць зелянінай кропу.
Падаваць з мучнымі блінамі.
Смачна есці!

Качка надзяваная
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
Божы дар у апошні калядны дзень, або На Вадапосце галодная куцця здароўе беражэ
Кудзелю адкласці ўбок, або Традыцыі і смак дзявоцкай вечарыны на Андрэйкі
"Ад Змітра баба хітра…", або Вясковыя сакрэты салення гародніны па двухсотгадовых рэцэптах
