Кенігсбергскі тайны архіў: як Францыск Скарына вывез лекара і друкара з Прусіі

© Photo : из личного архива Юрия ЦарёваЗгенерыраваная ШІ выява Францыска Скарыны
Згенерыраваная ШІ выява Францыска Скарыны - Sputnik Беларусь, 1920, 22.05.2026
Падпісацца
Да сённяшняга часу біяграфія Скарыны налічвае шмат белых старонак. На шчасце ў нашы дні некаторыя архівы накшталт Кенігсбергскага тайнага адчыняюць свае фонды для даследчыкаў, праліваючы святло на раней невядомыя факты жыцця беларускага першадрукара.
Імя Францыска Скарыны ў еўрапейскай гісторыі – адно з самых значных. Менавіта ён у XVI стагоддзі ўнёс велізарны ўклад у асветніцкую дзейнасць не толькі беларускага, але і славянскіх народаў. Імем знакамітага філосафа, друкара і гуманіста ў беларускіх гарадах названы дзясяткі вуліц і навучальных устаноў, а ордэн Францыска Скарыны ў нашай краіне – адна з галоўных дзяржаўных узнагарод.
Аднак за даўнасцю гадоў многія біяграфічныя даныя яго жыцця засталіся невядомымі. За тысячай публікацый у газетах і кнігах цягнецца шлейф міфаў і загадак. А некаторыя архівы толькі цяпер адкрываюць свае фонды для шырокай публікі. У адным з іх – Кенігсбергскім тайным архіве, фонды якога цяпер захоўваюцца ў Берліне, – некаторы час працаваў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі IX-XVIII стагоддзяў і археаграфіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алег Дзярновіч, з якім пагутарыў наш карэспандэнт Ігар Кандраль.
© Photo : з асабістага архіва Алега ДзярновічаАлег Дзярновіч
Алег Дзярновіч - Sputnik Беларусь, 1920, 21.05.2026
Алег Дзярновіч
– Алег Іванавіч, чаму іменна Кенігсбергскі архіў?
– На сёння найбагацейшай калекцыяй дакументаў па гісторыі рэгіёна Центральнай і Усходняй Еўропы з’яўляюцца фонды Кенігсбергскага тайнага архіва. Гэты архіў – у той час ён называўся Архіў нямецкага ордэна – пачаў фарміравацца ў 1309 годзе, ад моманту перанясення рэзідэнцыі Вялікага магістра нямецкага ордэна з Венецыі ў Марыенбург (польск. Мальбарк). Падчас Трынаццацігадовай вайны 1454-1466 гадоў паміж Польшчай і Ордэнам у Прусіі вялікі магістр перасяліўся ў Кенігсберг і заснаваў там новую канцылярыю. Такім чынам у Кенігсберге збіраліся арыгіналы дакументаў, якія паступалі ў Пруссію, і вяліся рэгістры дакументаў, што сыходзілі з Прусіі.
Акрамя таго, Кенігсбергскі архіў быў агульнаордэнскім архівам – туды паступалі копіі дакументаў, у тым ліку лівонскіх, а ў некаторых выпадках і арыгіналы дакументаў. Старыя дакументы ў канцы вайны ў 1466 годзе былі сабраны пераважна ў замку Тапіау, а таксама ў іншых ордэнскіх замках. Але як самастойная ўстанова Кенігсбергскі архіў быў утвораны толькі ў 1804 годзе.
© Photo : з асабістага архіва Алега ДзярновічаВід Кенігсберга ў XVI ст. з Атласа гарадоў зямнога свету Георга Браўна і Франса Гогенберга, 1572 г.
Від Кенігсберга ў XVI ст. з Атласа гарадоў зямнога свету Георга Браўна і Франса Гогенберга, 1572 г. - Sputnik Беларусь, 1920, 21.05.2026
Від Кенігсберга ў XVI ст. з Атласа гарадоў зямнога свету Георга Браўна і Франса Гогенберга, 1572 г.
Чаму гэтыя гістарычныя дакументы не сталі вядомымі раней?
– Да XIX стагоддзя старымі папкамі цікавіліся не столькі гісторыкі, колькі юрысты. Дакументы трактаваліся паводле іх першапачатковага значэння – як юрыдычныя акты. Старажытныя дакументы Нямецкага ордэна захоўвалі юрыдычную моц, бо Пруская дзяржава працягвала яго прававую традыцыю. Гэтыя дакументы былі ў абмежаваным карыстанні, таму Кенігсбергскі архіў заставаўся доўгі час "тайным".
– Да якога часу?
– У часы Другой сусветнай вайны, пачынаючы с 1941 года, архіўныя зборы пачалі перавозіцца нямецкімі ўладамі ў розныя замкі і маёнткі Усходняй Прусіі. Увосень 1943 года яны былі эвакуіраваны ў шахты Грослебен недалёка ад Браўншвейга, які апыніўся ў англійскай акупацыйнай зоне. Брытанскія ўлады перавезлі архіў у імператарскі палац Гослар. І ўжо ў канцы 1945 – пачатку 1946 года спецыяльная літоўская экспедыцыя вяла пошукі дакументаў з фондаў Кенігсбергскага тайнага архіва ў самім замку Кенігсберга ды яго наваколлях.
Вясной 1952 года англійская адміністрацыя перадала фонды архіва ўраду Заходняй Германіі. Больш за 20 гадоў яны захоўваліся ў Гётынгене, а ў пачатку 1980-х былі канчаткова перавезены ў Берлін. Сёння большасць архіва захоўваецца ў Дзяржаўным тайным архіве прускай культурнай спадчыны (Берлін-Далем).
– А якую каштоўнасць гэтыя дакументы ўяўляюць для беларускай гісторыі?
– Важнасць фондаў для вывучэння гісторыі Беларусі можна праілюстраваць на прыкладзе дакументаў аб жыцці Францыска Скарыны. Гаворка ідзе пра каларытны эпізод з жыцця беларускага першадрукара, менавіта пра яго паездку ўвесну 1530 года да двара прускага герцага Альбрэхта Брандэнбургскага.
© Photo : з асабістага архіва Алега ДзярновічаЛукас Кранах Старэйшы. Партрэт Альбрэхта Брандэнбург-Ансбахскага, герцага Прусіі, 1533
Лукас Кранах Старэйшы. Партрэт Альбрэхта Брандэнбург-Ансбахскага, герцага Прусіі, 1533 - Sputnik Беларусь, 1920, 21.05.2026
Лукас Кранах Старэйшы. Партрэт Альбрэхта Брандэнбург-Ансбахскага, герцага Прусіі, 1533
Недзе з 1520 года Скарына жыў у Вільні, вярнуўся ў Вялікае Княства Літоўскае з Прагі. Існуюць розныя версіі прычын, па якіх доктар Скарына накіраваўся ў Прусію. Верагоднай з’яўляецца версія медыцынскіх матываў. У 1529 годзе да Прусіі дайшла дагэтуль невядомая хвароба "der englische schweill" – гарачка. І герцаг, звярнуўшыся па дапамогу да кракаўскіх лекараў, мог таксама запрасіць і Скарыну – сакратара і асабістага медыка віленскага біскупа Яна.
Яшчэ адна вартая ўвагі версія звязана з прафесійнай дзейнасцю Скарыны – гэтым разам як друкара. Герцаг Альбрэхт, які праводзіў актыўную рэлігійную і рэфарматарскую палітыку, ахвотна выкарыстоўваў кнігадрукаванне. І Кенігсбергскі выдавецкі асяродак мог прыцягнуць увагу друкара Францыска Скарыны.
– А што гаворыцца ў архіўных дакументах пра гэту паездку?
– У маі 1530 года Скарына пакінуў Кенігсберг і накіраваўся ў Вільню. З яго ад’ездам звязаны некалькі дакументаў фонду. Так, напрыклад, 16 мая прускі герцаг накіраваў віленскаму ваяводзе і канцлеру ВКЛ Гаштольду ліст, у якім усяляк усхваляў вартасці "выдатнага і шматдасведчанага" доктара прыгожых мастацтваў і медыцыны Скарыну і просіць паспрыяць яму ў маёмасных спрэчках, звязаных са спадчынай жонкі Маргарыты.
Таксама 16 мая датавана падарожная грамата на праезд Скарыне з Кенігсберга ў Вільню. Просьбу пра спрыянне Скарыне Альбрэхт паўтарыў у лісце да Віленскага магістрата, датаваным 18 мая. А ужо 26 мая прускі герцаг накіроўвае канцлеру Гаштольду ліст зусім іншай танальнасці, бо высветлілася, што авантурны палачанін таемна звёз з Кенігсберга двух важных спецыялістаў – лекара і друкара. Герцаг Альбрэхт прасіў канцлера Гаштольда, каб той "…гэтага доктара Францыска Скарыну павучыў аб недарэчнасці таемнага вывазу нашых людзей і асудзіў, і зазначыў, што мы адносімся да яго з незадавальненнем і непрыхільнасцю і што мы ад яго не чакалі такога незаслужанага ўчынку, як гэты".
© Photo : з асабістага архіва Алега ДзярновічаЛіст прускага герцага Альбрэхта да віленскага ваяводы Гаштольда са скаргаю на доктара Францыска Скарыну, які звёз з сабою герцагскіх лекара і друкара. Кенігсбергскі тайны архіў – Берлін-Далем
Ліст прускага герцага Альбрэхта да віленскага ваяводы Гаштольда са скаргаю на доктара Францыска Скарыну, які звёз з сабою герцагскіх лекара і друкара. Кенігсбергскі тайны архіў – Берлін-Далем - Sputnik Беларусь, 1920, 21.05.2026
Ліст прускага герцага Альбрэхта да віленскага ваяводы Гаштольда са скаргаю на доктара Францыска Скарыну, які звёз з сабою герцагскіх лекара і друкара. Кенігсбергскі тайны архіў – Берлін-Далем
– Цікавая дэтэктыўная гісторыя…
– Я бы хацеў асобна адзначыць, што канцлер Гаштаўт быў прыхільнікам збліжэння ВКЛ с Прусіяй. І можна зразумець, што ў будучым захады герцага маглі ўплываць на працу Скарыны, бо доктар Францыск потым так і не аднавіў сваёй выдавецкай дзейнасці.
Гэтыя дакументы аб жыцці Францыска Скарыны недзе друкаваліся?
– Яны былі знойдзены у Кенігсбергскім тайным архіве яшчэ ў 1914 годзе невядомай асобай, якая перадала копіі лістоў бібліёграфу, супрацоўніку Віленскай публічнай бібліятэкі Аляксандру Мілавідаву. Мілавідаў апублікаваў гэтыя дакументы ў арыгінале – на латыні, без перакладу. Але ў сваёй кароткай прадмове адзначыў, што асоба, якая знайшла іх, была ўпэўнена, што бачыць іх упершыню.
Безумоўна, першапублікацыя лістоў стала сенсацыяй у Скарыніяне. Праўда, праз дваццаць гадоў Курт Фарстройтар пісаў, што перакладчыкі дапусцілі памылку і Скарына вывез не дзвюх – лекара і друкара, а адну асобу – лекара-друкара. Расійскі кнігазнаўца Яўген Неміроўскі меркаваў, што гэтымі двума асобамі, якіх вывезлі з Кракава, былі лекар Майсей і яго брат Аляксандр, які займаўся друкарскай справаю. У 1530-х гадах браты зноў аб’явіліся ў Кракаве.
Копіі гэтых лістоў з’яўляліся ў публікацыях у Амерыцы і Італіі. А ў Беларусі ў другой палове 1980-х – пачатку 1990-х гадоў у час маштабнай даследчай і выдавецкай праграммы да 500-годдзя з дня нараджэння беларускага першадрукара ўдалося атрымаць з Дзяржаўнага тайнага архіва прускай культурнай спадчыны фотакопіі гэтых дакументаў, публікацыю якіх у арыгінале і пераклад по-беларуску здзейсніў Віктар Дарашкевіч.
– А ці ёсць яшчэ ў архіве невядомыя дакументы аб жыцці Францыска Скарыны?
– Зусім верагодна, што калекцыі Кенігсбергскага тайнага архіва захоўваюць і іншыя навядомыя дакументы пра паездку Скарыны ў Прусію. Але гэтыя архівы акумулююць і іншыя лісты, якія важныя для вывучэння гісторыі як Вялікага княства Літоўскага і Беларусі, так і гісторыі дыпламатычных адносін ВКЛ з Прусіяй і Лявоніяй.
Упэўнен, што Кенігсбергскі тайны архіў прыхоўвае яшчэ шмат сюрпрызаў для даследчыкаў гісторыі. І рэальнае знаёмства з гэтымі багатымі калекцыямі гістарычных дакументаў только пачынаецца.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, MAX і Viber, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Згенерыраваны ШІ вобраз Францыска Скарыны - Sputnik Беларусь, 1920, 21.04.2026
Таямніца смерці і месца пахавання Францыска Скарыны: звяраючы архівы праз ШІ
Стужка навiн
0