МІНСК, 8 сту — Sputnik. Цырымонія ўзнагароджання прэміяй "Залаты глобус" адбылася ўначы з нядзелі на панядзелак у Лос-Анджэлесе, ужо вядомыя імёны ўсіх уладальнікаў гэтай прэстыжнай узнагароды.
"Залаты глобус" уручаўся ў ЗША ўжо 75-ы раз — прысуджаюць статуэткі на аснове галасавання кінакрытыкаў штогод. Сярод кінапрэмій ЗША "Залаты глобус" называюць другім па прэстыжнасці пасля "Оскара", а часта — і свайго роду "рэпетыцыяй" самай вядомай прэміі ў свеце.
Трыумфатар — "Тры білборда"
Мабыць, галоўным адкрыццём і пераможцай гэтага "Залатога глобуса" стала драма "Тры білборда на мяжы Эбінга, Місуры" рэжысёра Марціна МакДоны — ён ужо вядомы стужкай "Залегчы на дно ў Бруге".
Фільм атрымаў узнагароду як лепшая стужка ў жанры драма, а таксама статуэтка дасталася і выканаўцы галоўнай ролі ў "Трох білбордах" — Фрэнсіс МакДормак. Адзначылі на прэміі і Сэма Рокуэла за лепшую ролю другога плана ў гэтай жа карціне і сцэнар, напісаны самім Макдонам.
Лепшым фільмам у жанры "камедыя ці мюзікл" названа трагікамедыя "Ледзі Бёрд" — раней яна была ўзнагароджана амерыканскімі кінакрытыкамі. Лепшай актрысай у гэтай катэгорыі стала выканаўца галоўнай ролі Сірша Ронан.
Лепшым рэжысёрам на "Залатым глобусе" названы Гільерма дэль Тора за сваю стужку "Форма вады" — у яе, дарэчы, было больш за ўсё намінацый, але ўзнагароду карціна атрымала толькі адну.
Узнагарода міма Звягінцава
У катэгорыі "Лепшы фільм на замежнай мове" атрымала французска-нямецкая карціна "На мяжы" (у арыгінале — "Aus dem Nichts"). Такім чынам, расійскі рэжысёр Андрэй Звягінцаў з упадабанай крытыкамі стужкай "Нялюбасць" узнагароду не атрымаў.
Лепшым мультфільмам названая анімацыя Pixar "Таямніца Како".
Лепшай актрысай другога плана ў камедыі названая Элісан Джэні за працу ў "Я, Тоня". Аналагічную ўзнагароду сярод мужчын атрымаў Джэймс Франка — за "Гора-творца".
А вось лепшым акцёрам назвалі Гэры Олдмэна — за фільм "Цёмныя часы".
Далей — "Оскар"
Як правіла, пераможцы "Залатога глобуса" лічацца галоўнымі прэтэндэнтамі і на "Оскар", аднак лаўрэаты ўзнагарод досыць часта не супадаюць.
Так, у мінулым годзе мюзікл "Ла-ла Ленд", які зрабіў фурор, літаральна "праляцеў" міма галоўнай узнагароды "Оскара", хоць яго сустракалі апладысментамі на "Залатым глобусе". У 2015-м свой "Глобус" за "Левіяфана" браў Андрэй Звягінцаў, аднак "Оскар" яму тады так і не дастаўся — падобных прыкладаў шмат.
"Кароткія спісы" намінантаў на "Оскар" будуць вядомыя крыху пазней. Аднак ужо відавочна, што бітва за ўзнагароды разгорнецца 1 сакавіка неабыякая.