ГРОДНА, 23 сту — Sputnik, Іна Грышук. У самым старым праваслаўным храме Беларусі завяршыўся капрамонт драўлянай сцяны: зараз у Каложскай царкве стала больш цёпла, а новая афарбоўка сцяны больш гарманічна выглядае на фоне старадаўняга цаглянага мура.
Работы па рамонце сцяны завяршыліся. Цяпер турысты і прыхаджане могуць убачыць абноўлены фасад старадаўняга храма.
Галоўнае новаўвядзенне абноўленай сцяны — гэта яе форма. Раней гэта была звычайная плоская сцяна, збітая са звычайных дошак. Новая драўляная абшыўка гладкая і прыемная навобмацак, яе канструкцыя сіметрычна паўтарае пластыку каменнай. Выкананыя з дрэва пілястры, вертыкальныя выступы ў выглядзе калон, паказваюць, якой была форма сцяны да яе разбурэння.
Афарбоўка драўлянай канструкцыі стала больш высакароднай. Замест бурачнай алейнай фарбы, якая выкарыстоўвалася раней, дрэва пакрылі спецыяльнай таніроўкай, якая дае колер і абараняе драўніну. Архітэктары падбіралі такі колер, які будзе больш гарманічна спалучацца з аўтэнтычнай сцяной і не вылучацца на яе фоне.
Акрамя таго, будаўнікі выканалі працы па ўмацаванні падмурка, на якім стаіць сцяна. Раней паміж падмуркам і канструкцыяй сцяны быў драўляны пояс, яго замянілі на бетонны.
Падчас капрамонта будаўнікі замянілі і ўваходныя дзверы, выкананыя ў тым жа колеры, што і сцяна. Дзверы выконваліся па індывідуальнай замове ў рэстаўрацыйнай майстэрні.
Вядома, што будаўнічыя працы працягнуцца вясной. Па планах, тут пройдзе добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі вакол Каложскай царквы.
Як раней паведамляў Sputnik, на працы па капрамонце сцяны Каложы было выдзелена 200 тысяч рублёў з прэзідэнцкага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва.
Каложская царква ў Гродне была пабудавана ў канцы XII стагоддзя. У сярэдзіне і канцы XIX стагоддзя частка заходняй і ўся паўднёвая сцены разбурыліся, так як схіл гары абваліўся. Каложа лічыцца адным з самых старых дзеючых храмаў краіны, ахоўваецца дзяржавай як помнік архітэктуры нулявой (самай вышэйшай) катэгорыі. У 2004 годзе храм быў уключаны ў лік кандыдатаў на ўнясенне ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.