Рабочымі мовамі на Еўрапейскіх гульнях будуць беларуская, руская і англійская

У Мінску гатовыя прыняць замежных гасцей другіх Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у беларускай сталіцы ў 2019 годзе.
Sputnik

МІНСК, 8 лют — Sputnik. Праца па падрыхтоўцы да Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску у 2019 годзе, пабудавана так, каб паказаць культурную спадчыну Беларусі, сказаў намеснік дырэктара дырэкцыі гульняў Анатоль Котаў у МПЦ Sputnik.

Паводле яго слоў, гульні стануць выклікам для ўсёй Беларусі, бо акрамя спартыўных спаборніцтваў важную ролю будуць адыгрываць культурныя мерапрыемствы.

Сярэдзіч: палова артыкулаў у прэсе павінна быць на беларускай мове

"Да нас прыедуць як мінімум 50 краін Еўропы, на нас будзе глядзець ўвесь свет. Мы плануем, што нашы гульні пакажуць у 160 краінах", — заявіў Котаў.

Падняўшы тэму нацыянальных брэндаў і сімвалаў, Котаў адзначыў, што лагатыпам гульняў выбрана "папараць-кветка", якая стала паўнапраўным і вядомым сімвалам культуры Беларусі. Рабочымі мовамі на Еўрапейскіх гульнях стануць беларуская, руская і англійская.

"Менавіта праз нашу асаблівасць, нашу культуру мы абавязаны паказаць, што Беларусь — гэта адна з краін Еўропы, са сваёй гісторыяй", — сказаў ён.

Пры гэтым Котаў паведаміў, што "дырэкцыя падбірае каманду людзей, здольных аднолькава добра гаварыць на дзвюх дзяржаўных мовах і якія ведаюць таксама якую-небудзь трэцюю замежную мову". Паводле яго слоў, пакуль набрана група з 52 чалавек, якія гатовыя працаваць над забеспячэннем камфортнага знаходжання гасцей у Мінску.

Еўрапейскія гульні 2019 пройдуць у Мінску — з 21 па 30 чэрвеня. Больш за чатыры тысячы атлетаў з 50 краін выступяць у 15 відах спорту і 23 дысцыплінах.