Рэжысёр Алена Ганум: мы пакажам па-французку вытанчаную беларускую вёску

Напярэдадні прэм’еры новага спектакля рэжысёр распавяла пра каханне па-за рэальнасцю і Флёр дэ Франс у беларускай вёсцы.
Sputnik

Рэжысёр Алена Ганум вядомая беларускаму гледачу па спектаклі "Шабаны" па творы Альгерда Бахарэвіча. Пастаноўку прадставілі колькі год таму. Зараз яна зноў рыхтуецца да шматспадзеўнай прэм'еры — 8 і 9 лютага купалаўцы на Камернай сцэне пакажуць спектакль "Зямля Эльзы " — кранальную гісторыю на вечную тэму.

Карэспандэнт Sputnik Алеся Шаршнёва наведалася ў тэатр перад прэм'ерай і пагутарыла з рэжысёрам.

Не будзе лапцей і шэра-карычневых колераў

П'еса "Зямля Эльзы" маладога таленавітага расійскага драматурга Яраславы Пуліновіч вельмі папулярная ў расійскіх тэатрах. Геаграфія пастаноўкі ахоплівае гарады ад Масквы і Санкт-Пецярбурга да Камчаткі і Ніжняга Тагіла. Чым выклікана падобная зацікаўленасць? "Бясспрэчным талентам аўтара", — упэўненая Алена Ганум. Менавіта таму і яна выбрала гэты матэрыял для пастаноўкі. У беларускай сталіцы п'есы яшчэ не было.

Чытанні сучаснай беларускай драматургіі адновяць у брэсцкім тэатры

"П'есы Яраславы Пуліновіч ставіліся не толькі ў Расіі, але і ў Англіі, Польшчы і іншых краінах. Калі я пазнаёмілася з ёй, адразу зразумела, што чалавек ведае сваю справу. Акрамя таго, п'еса зацікавіла мяне яшчэ і таму, што яна сугучная з гісторыяй жыцця маёй бабулі. Яна таксама сустрэла сваё каханне ва ўзросце за 70 год, ён таксама быў настаўнікам. У гэтых людзей былі вельмі трапяткія адносіны, і памерлі яны амаль што ў адзін дзень, так і не даведаўшыся аб смерці адзін аднаго", — распавядае суразмоўца.

Гісторыя этнічнай немкі Эльзы Блюментрост разгортваецца ў беларускай вёсцы. Важны момант, бо аўтарская Эльза жыве ў Сібіры. Адаптацыя да нашай рэальнасці была ўзгодненая і нават добра ўспрынятая Яраславай Пуліновіч.

Вёска, у якой будзе жыць беларуская Эльза, інсуе на самой справе — гэта Завяззе Віцебскай вобласці. Месца было абрана выпадкова і толькі праз некаторы час стваральнікі даведаліся, што там нарадзілася чэмпіёнка свету па біятлоне сярод юніораў Ганна Сола.  

"Мы пакажам іншую вёску. Не будзе лапцей і шэра-карычневых колераў. У нас будзе беларуская вёска Флёр дэ Франс. Францыя — гэта месца, куды марыць адправіцца галоўная гераіня, краіна, ахутанная рамантыкай", — тлумачыць Ганум.

Рэпетыцыі праходзілі вельмі радасна

Унікальны гэты спектакль яшчэ і таму, што ён аб'яднаў тры пакаленні купалаўскіх артыстак: на адной сцэне гледачы ўбачаць Зінаіду Зубкову, Тамару Міронаву, Марту Голубеву, Вольгу Няфёдаву, Таццяну Дзянісаву і многіх іншых.

Адкрыты форум пластычных тэатраў "ПлаSтформа" пройдзе ў Мінску

"Рэпетыцыі праходзілі вельмі радасна, мы чулі і разумелі адзін аднаго. Падчас рэпетыцыі з'яўлялася шмат успамінаў, і таму склалася адчуванне, што я разам з імі іграла тыя спектаклі, у якіх яны ўдзельнічалі. Цікава, калі акцёры, працуючы са мной, праводзілі паралелі з рэжысёрамі, з якімі калісьці сустракаліся ў сваім жыцці", — падкрэслівае яна.

Алена ўвогуле задаволеная працай сваёй каманды. Разам з ёй над спектаклем працавалі вучні Барыса Герлавана Кацярына Шымановіч і Сяргей Ашуха (сцэнаграфія і касцюмы), Віктра Кісцень (кампазітар), Марына Філатава (пластыка), Люсінэ Налбадзян (вакал) і Вольга Бабкова (пераклад).

"Гэта той самы выпадак, калі сабраліся аднадумцы, якія чулі адзін аднаго і не было такога, каб хтосьці перацягваў коўдру на сябе. Мы глядзелі ў адным напрамку. Даходзіла да таго, што я падумаю, а мастак ужо агучвае мае думкі", — усміхаецца Ганум.

Па яе словах, п'еса стала своеасаблівым эксперыментам таму, што ў ёй сустрэліся розныя пакаленні творчых людзей і ўсё, што атрымалася, — вынік сінтэзу розных поглядаў.

Гэта п'еса не пра смерць, а пра бязмежнае каханне

Жанр "Зямлі Эльзы", па словах рэжысёра, — гэта жыццё. Менавіта так, таму што абмяжоўваць гледачоў стваральнікі не хочуць. Кожны павінен вызначыцца самастойна, з якога ракурса глядзець на гісторыю, плакаць ці смяяцца, бо на месцы галоўнай гераіні мог апынуцца хто заўгодна.

"M.@RT.Кантакт-2018": 23 спектаклі з 9 краін свету чакаюць у Магілёве

Напрыканцы п'есы галоўныя героі сустракаюцца "у іншай рэальнасці". Па словах рэжысёра, вельмі важна было падкрэсліць, што п'еса "Зямля Эльзы" не пра смерць, а пра каханне, якое існуе незалежна ад законаў рэальнага свету.

"Калі людзям наканавана сустрэцца, то яны знойдуць адзін аднаго абавязкова, незалежна ад абставінаў. Вельмі цікава расказваць пра каханне сталых людзей. Гэта гісторыя Рамэа і Джульеты, якім крыху за 70, такое каханне выражаецца і ўспрымаецца інакш", — упэўненая суразмоўца.

Узроставае абмежаванне п'есы 16+ і рэжысёр упэўненая, што гісторыя зацікавіць не толькі дарослых, але і падлеткаў.

"Мы зараз жывём у час вельмі хуткіх падзей, неспакойны час, калі многія з нас дызарыентаваныя. Менавіта таму так важна нагадаць сабе і астатнім пра простыя чалавечыя каштоўнасці. Вось пра гэта мы з артыстамі і збіраемся гаварыць на сцэне. Мы жывем, спрабуем адказаць на некаторыя пытанні і пачынаючы з 8 лютага будзем рабіць гэта не самі з сабой, а сам-насам з гледачом", — падсумавала Алена Ганум.