Партрэт Марыі Сапегі папоўніў калекцыю Нясвіжскага замка

Выяву знакамітай сваячкі ў музей перадала ўнучка апошняга ардзінатара замка Дзіяна Караба.
Sputnik

МІНСК, 14 сак — Sputnik. Экспазіцыя Нясвіжскага замка папоўнілася партрэтам яшчэ адной прадстаўніцы роду Радзівілаў — Марыі Анэлі Сапегі Браніцкай.

Крыпту князёў Радзівілаў зачынілі для турыстаў з-за падтаплення

Марыя Сапега — гэта бабуля апошняй жыхаркі Нясвіжскага замка Эльжбэты Радзівіл, якая ў мінулым годзе адсвяткавала стогадовы юбілей і зараз жыве ў Варшаве. Бацькі Эльжбэты — Альбрэхт Радзівіл і англічанка Дораці Паркер Дзікан.

Як паведаміў карэспандэнту Sputnik дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Сяргей Клімаў, партрэт перадала ў калекцыю музея ўнучка апошняга ардзінатара Несвіжскага замка Дзіяна Караба. Яна разам са сваім мужам наведвала Беларусь у мінулым годзе і падзяліліся сваім жаданнем: выява Марыі павінна быць у замку.

Пасля візіта ў палац заказалі копію партрэта. Арыгінал належыць пэнзлю знакамітага аўстрыйскага мастака Франца Вінтэрхальтэра. Карціны майстра, які быў адным з самых модных партрэтыстаў сярэдзіны XIX стагоддзя, дэманстраваліся нават у Букінгемскім палацы.

Дакладны кошт партрэта, які наведвальнікі змогуць убачыць у жаночай палове Нясвіжскага замка, не вядомы. Арыгінал, дарэчы, зараз знаходзіцца ў музеі Філадэльфіі.

Сяргей Клімаў расказаў, што некалькі год таму музею прапанавалі купіць копію партрэта, якая была ацэнена ў 20 тысяч еўра, але яны адмовіліся.

Дырэктар гісторыка-культурнага музея-запаведніка падкрэсліў, што нясвіжская калекцыя няспынна папаўняецца новымі экспанатамі. У мінулым годзе сюды патрапілі сабля князя Рыбанькі і фрагмент пояса Пане Каханку, знойдзеныя ў касцёле Божага Цела.

"Папаўняецца наша калекцыя толькі з пазабюджэтных сродкаў, мы як Луўр. Маецца на ўвазе, што на гэта зарабляем толькі на продажы квіткоў", — падкрэсліў Клімаў.

Усяго за 6 гадоў калекцыя Нясвіжскага замка папоўнілася на 30 тысяч прадметаў.