Мікалай Пінігін: беларускі будызм – гэта здольнасць выжываць

Упершыню ў гісторыі Купалаўскага адбылася сустрэча мастацкага кіраўніка Мікалая Пінігіна з гледачамі. Эміграцыя, праца са Стэфаніяй Станютай, след Адама Міцкевіча ва ўласным жыцці і іншыя цікавыя моманты з размовы сам насам – у матэрыяле карэспандэнта Sputnik.
Sputnik

Першая сустрэча Пінігіна з Купалаўскім была выпадковай: ён скончыў Акадэмію мастацтваў як тэлевізійны рэжысёр, працаваў акцёрам у Рускім тэатры і на вышэйшых рэжысёрскіх курсах у Маскве сустрэўся з Валерыем Раеўскім, які тады ўзначальваў Купалаўскі.

Так, у 1985 годзе Мікалай Пінігін прыйшоў у цяпер ужо родны тэатр. Першы спектакль па п'есе Генрыха Ібсэна "Жанчына з мора" і дагэтуль памятае вельмі падрабязна. Менавіта з яго пачала працаваць Малая сцэна тэатра. На здачы спектакля вельмі хваляваўся: доўга рыхтаваўся, ведаў свой спектакль дасканала і быў упэўнены, што рэжысёр — гэта той, хто ў акулярах.

Сцена из премьерного спектакля Пинигина "Чайка"

"Гэты тэатр заўсёды быў тэатрам сур'ёзных, моцных і таленавітых артыстаў. Спадзяюся, што такая традыцыя захавалася дагэтуль, таму што ўсё астатняе можна пабачыць у іншых тэатрах", — падкрэслівае ён.

"Пасля спектакля заўсёды ездзілі да Станюты піць шампанскае"

У спектаклі "Гаральд ды Мод" па п'есе Хіггінса, якая расказвае пра каханне старой жанчыны і юнака, Мікалаю Пінігіну давялося працаваць са Стэфаніяй Станютай у год яе васьмідзесяцігоддзя. Сустрэчу ён успамінае з асаблівай цеплынёй і павагай.

"Гэта самы добры чалавек, якога я сустракаў у жыцці. Нягледзячы на ўсе свае пакуты, яна захавала розум, пяшчоту, інтэлігентнасць. Я рэпецірую ў зале, яна ідзе па цэнтральным праходзе, згінаецца, каб не перашкаджаць, і кладзе ў кішэню пінджака мне цукерку", — расказвае рэжысёр.

Актриса Стефания Станюта

Нават на сустрэчу з гледачамі Мікалай Пінігін прыйшоў з партрэтам Станюты. Менавіта яго бачылі гледачы спектакля "Гаральд ды Мод", у якім Станюта, можна сказаць, сыграла саму сябе.

Шмат цікавых гісторый адбылося падчас працы з выдатнай актрысай. Пінігін успамінае, што пасля кожнага спектакля яна замаўляла таксі і запрашала ўвесь склад артыстаў да сябе піць шампанскае.

"Аднойчы мы ехалі на таксі, і яна расказавала, як цар Мікалай II пагладзіў яе па галоўцы і падарыў кветкі. Далей казала, што сустракалася з Леніным, а у дэкаду мастацтва — была на банкеце са Сталіным. Таксіст паглядаў на яе з жахам, быццам бы на нейкую вар'ятку".

Па яго словах, магчымасць працаваць са Станютай — гэта падарунак лёсу. Не проста сувязь паміж тэатральнымі пакаленнямі, а паміж гістарычнымі часамі Беларусі.

"Хлопчык, ты сам не ведаешь, што ты зрабіў"

Спектакль "Тутэйшыя" Мікалай Пінігін упершыню ўбачыў у пастаноўцы свайго аднакурсніка рэжысёра Магілёўскага тэатра Валерыя Маслюка. Помніць, што на прэм'еры сядзела палова зала спецслужбаў.

"Рэвізор" па-беларуску: у Купалаўскім прадставілі новае прачытанне Гогаля

"Мне было значна лягчэй, Беларусь набліжалася да незалежнасці (у кастрычніку 1990 года — Sputnik). У людзей ужо паўстала пытанне: хто мы і навошта нам гэтая незалежнасць. Тут зноў спатрэбіўся Купала з гэтай п'есай. Галоўны персанаж Мікіта Зносак круціцца паміж Захадам і Усходам. Яго забіваюць напрыканцы спектаклю. З аднаго боку гэта такі палітычны канфармізім, а з другога — бясконцая беларуская ментальная здольнасць выжываць. Такі беларускі будызм", — лічыць Пінігін.

"Нават зараз не хочуць, каб мы ставілі гэтую п'есу, таму што яна вельмі вострая", — дадае ён.

Пінігін успомніў, што на прэм'еры "Тутэйшых" Ніл Гілевіч падыйшоў да яго і абняў: "Хлопчык, ты сам не ведаеш, што зрабіў".

Мастацкі кіраўнік Купалаўскага ўпэўнены, што спектакль будзе актуальным доўгі час, таму что пытанні самавызначэння не зменяцца "да чарговага патопу і поўнай змены зямлі". 

Разважаючы пра запатрабаванасць гэтай п'есы, Пінігін прыводзіць словы Таўстаногава, з якім працаваў у Пецярбургу: "Канцэпцыя ляжыць у глядзельнай зале. Рэжысёр прадчувае запатрабаванне людзей і адказвае на іх пытанні ў мастацкай форме. Гэта не кан'юктура, а прадбачанне цікавасці да тэатра праз такую літаратуру".

Пінігін пра прэм'еру "Рэвізора": класіка патрабуе новага перакладу>>

Па яго меркаванні, кантэкст узаемаадносінаў літаратуры і гледача пастаянна змяняецца, і толькі класіка заўсёды "працуе", таму што звяртаецца да галоўных каштоўнасцяў і вартасцяў ва ўяўленні чалавека.

"У Пецярбургу я зразумеў, што ментальна з'яўляюся беларусам"

Спектакль "Сымон-музыка" для многіх стаў надзеяй, што Мікалай Пінігін вернецца ў Беларусь (у 1998 — 2009 гадах ён працаваў рэжысёрам Вялікага Драматычнага тэатра імя Таўстаногава ў Пецярбургу — Sputnik). Рэжысёр, які больш чым на дзесяцігоддзе з'ехаў з Беларусі, упэўнены, што Якуб Колас пісаў гэтую гісторыю пра сябе. А спектакль Мікалай Пінігін ставіў пра сябе.

Николай Пинигин представил спектакль "Ревизор" на сцене Купаловского театра

"Мы павінны баяцца сваіх жаданняў. Калі ты моцна чагосьці хочаш і крычыш аб гэтым у генеральны камп'ютар, рыхтуйся да праблем. Я казаў, што не хачу тут жыць, і праз тыдзень мяне запрасілі ў Пецярбург", — успомніў Пінігін.

Яго маці была ўкраінкай, а бацька — рускім. Ён вызваляў Мінск і застаўся тут, а пасля заканчэння Інстытута працаваў у Рускім тэатры. Яны разам былі першымі рэжысёрамі беларускага тэлебачання.

"Так здарылася, што этнічна я ніяк не належу да Беларусі. Першае, што пабачыў у Пецярбурзе, была дошка з надпісам "Тут жыў Адам Міцкевіч", і  сказаў, набраўшыся нахабства: "Ну, Адаме, і я тут", — паведаміў мастацкі кіраўнік Купалаўскага пра сваі першыя ўражанні аб жыцці ў Паўночнай сталіцы.

З цягам часу ён зразумеў, што ментальна з'яўляецца беларусам. І менавіта пасля гэтага захацелася вярнуцца.

"Вось навошта адбываюцца такія вандроўкі. Праз год мне пазванілі і запрасілі вяртацца. Вось такі тэатр", — усміхаецца ён.

"Мы не ставім спектакляў у жанры "трусы"

Мастацкі кіраўнік Купалаўскага падкрэслівае, што не робіць спектаклі "наўмысна для гледача" і здымае пастаноўку, калі яму самому гэта ўжо не цікава. Ён разумее, што ў тэатры ходзяць розныя людзі і трэба з павагай ставіцца нават да тых, хто прыходзіць сюды адпачыць.

Вёска без лапцей і шэрасці: у Купалаўскім паставілі п'есу "Зямля Эльзы"

"Адпачываць таксама можна па-рознаму. Мы ж не ставім спектаклі у жанры "трусы" — я яго так называю — дзе ёсць жонка, муж і палюбоўнік. Я лічу, што тэатральнае меню павінна быць разнастайным і падыходзіць да любога чалавека, але не губляць густу і не спускацца ніжэй плінтусу, а гэта ўжо цяжкая гісторыя", — патлумачыў ён сваю думку.

Па меркаванні Пінігіна, нацыянальны тэатр патрэбен, каб "размаўляць на мове народа з народам". Ён павінен ментальна адпавядаць нацыі і разбірацца ў нацыянальных праблемах. І хоць на сцэне Купалаўскага калі-некалі з'яўляюцца п'есы па творах сусветнай класікі, у рэпертуары пераважае беларуская літаратура, што, безумоўна, правільна.

"Адукацыя — вельмі важны накірунак у сучасным тэатры, таму што гэтым не займаецца ні тэлебачанне, ні школа, ні дзіцячыя садкі", — падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч.