Фота

Каралеўскія гусары Стэфана Баторыя акружылі шведаў у Гродне

Sputnik

На адзін дзень панадворак Новага замка ў Гродне ператварыўся ў сярэднявечны ваенны лагер. Тут праходзіў гістарычны фестываль "Дні Стэфана Баторыя".

На фэсце сабралася больш за 50 удзельнікаў клубаў, якія займаюцца рэканструкцыяй эпохі караля Стэфана Баторыя — з Польшчы, Беларусі і Чэхіі. У Гродне яны на адзін дзень разгарнулі палявы лагер і наладзілі рэканструкцыю бітвы сярэдзіны XVI стагоддзя.

Вайна і Мір: гістарычны фестываль-рэканструкцыя бітвы 1812 года

Воіны і іх дамы размясціліся на лужку ва ўнутраным дворыку Новага замка. Уваход для гараджан і шматлікіх турыстаў быў вольны. Кожны мог бясплатна прымерыць касцюм польскай і беларускай шляхты, надзець шлем і нават патрымаць у руках шаблю.

Гасцям прапаноўвалі і больш актыўныя забавы — напрыклад, пазмагацца з навучаным гусарам на шаблях, праўда, не сапраўдных. Спадарожніцы гусараў прапаноўвалі паказаць крокі паланэза.

Самай відовішчнай стала рэканструкцыя бітвы. З аднаго боку змагаліся войскі шведаў і Радзівілаў, з другога боку — польска-літоўская армія гусараў. Гледачам паказалі не толькі баі, але і падрыхтоўку да іх. Напрыклад, абавязковай часткай стала малітва перад боем.

Бітва доўжылася не больш за пяць хвілін. На баку арміі Стэфана Баторыя з самага пачатку была перавага па сілах. Воіны смела ішлі адзін на аднаго з шаблямі, а ўмоўна параненыя і забітыя байцы падалі на зямлю.

У фінале бітвы шведы патрапілі ў акружэнне і вымушаныя былі здацца. Затым воіны, як і належыць на любой вайне, паднялі келіхі і разбрыліся абедаць у мясцовыя кафэ.

Гістарычны фестываль "Дні Стэфана Баторыя ў Гродне" праходзіць у трэці раз. Горад абраны не выпадкова — у канцы XVI стагоддзя Стары замак служыў каралеўскай рэзідэнцыяй Стэфана Баторыя. У гэтым годзе фестываль пашырыў межы. Пасля Гродна клубы выступяць у Міры, Лідзе і заедуць у Навагрудак.

1 / 15
Гістарычны лагер часоў караля Баторыя разгарнуўся ў дворыку Новага замка.
2 / 15
Шлем і дарагі плашч дазвалялі прымерыць кожнаму.
3 / 15
Бой на шаблях з каралеўскім гусарам.
4 / 15
Каралеўскія гусары насілі чырвоныя жупаны, пашытыя з самай дарагой на тыя часы тканіны.
5 / 15
На даспехах каралеўскіх гусар былі крыж і выява Маці Божай.
6 / 15
Справа - гусар ва ўборы для параднага выхаду, некаторыя з прысутных былі апяразаныя копіямі знакамітых слуцкіх паясоў.
7 / 15
Дзяцей частавалі цукеркамі.
8 / 15
Шведскае войска рыхтуецца да нападу.
9 / 15
Войска накіравалася на бітву толькі пасля малітвы.
10 / 15
На вайну - з музыкай. Польскае войска рыхтуецца да адпору шведаў.
11 / 15
Шведы пазніліся, таму шляхта паспела некалькі разоў падняць келіхі за здароўе караля.
12 / 15
Скрыжавалі дзіды і шаблі.
13 / 15
Каралеўскі гусар з супернікам.
14 / 15
Параненыя і забітыя падалі на зямлю.
15 / 15
Каралеўскае войска ўзяло ў акружэнне шведаў і атрымала перамогу.