Таццяна Ткачова: мы хочам быць прыгожымі ў любым узросце

Малінавыя шкарпэткі і сонцаахоўныя акуляры: пра модную бабулю з Валожына Sputnik расказала фіналістка конкурсу імя Сценіна Таццяна Ткачова.
Sputnik

Веры, гераіні серыі фатаграфій Таццяны Ткачовай "Сезоны Веры", — 91 год. Яна жыве ў Валожыне, сама ходзіць у аптэку, а на зіму перабіраецца да дзяцей у горад. Але ёсць нешта асаблівае, што адрознівае Веру ад іншых пажылых жанчын у нашых краях.

"Я ўбачыла яе выпадкова, яна была ў малінавых шкарпэтках, у акулярах, вельмі ярка апранутая, а гэта не ўласціва для 91-гадовых жанчын у нашай краіне, у нашым рэгіёне. Звычайна ў іх чорныя мехаватыя рэчы, а яна была не падобная на іншых", — дзеліцца Таццяна сваім першым уражаннем.

У кожнага ўбору Веры ёсць свая гісторыя

Фатограф тут жа падбегла, пазнаёмілася з бабуляй, яны разгаварыліся. Вера ішла ў аптэку, а потым жанчыны пайшлі да яе, і Вера паказала ўсю сваю шафу, расказала сваю гісторыю.

"Расказваць гісторыю пра чарговую бабулю, якая п'е лекі, мне не хацелася. Таму што гэта шматслойны праект, па-першае, не толькі пра чалавека, пра жанчыну, пра старасць — пра тое, што мы ўсе не хочам старэць і хочам быць прыгожымі ў любым узросце. Гэта гісторыя сям'і. Гэта тры эпохі", — расказвае Таццяна.

У гэтым шалі Вера пазнаёмілася са сваім будучым мужам і з тых часоў захоўвае яго

Паводле яе слоў, гісторыя Веры — гэта гісторыя, расказаная пра нашу краіну, пра наша агульнае мінулае, і рассказаная праз уборы, таму што па іх мы бачым, як мяняецца мода, як яна вяртаецца.

Вясельная сукенка дачкі Веры

"Мне паказалі тваю пісаніну, Таня, мне спадабалася"

Таццяна ездзіла да Веры некалькі разоў, прычым часам заставалася начаваць і не здымала — яны проста размаўлялі. Спачатку 91-гадовая жанчына неахвотна пераапраналася, але, бывала, на наступны дзень ужо сама загаралася: гэтая сумка сюды не падыходзіць, прычоску зробім іншую, так я ўжо была. Па словах Таццяны, здымкі доўжыліся доўга, і яна дапамагала Веры — усё-ткі для пажылога чалавека гэта цяжка.

Шапку і паліто Вера купіла на грошы, каб яны не зніклі, калі развальваліся Саветы

"Я паказвала Веры серыю, яна ведала, што я хачу зрабіць, я распячатала ёй некалькі фотаздымкаў, прывезла. Я збіраюся да яе яшчэ раз з'ездзіць, таму што вельмі важна вяртацца да сваіх герояў", — кажа Таццяна.

Яна хоча зняць яшчэ што-небудзь, магчыма, відэа, таму што Вера — вельмі цікавы чалавек, яна размаўляе па-польску, спявае на польскай мове песні.

Пояс належаў бацьку Веры, яго яшчэ ткалі рукамі

"Яна ўжо лічыць мяне сваёй сваячкай, — смяецца Таццяна. — Зараз, калі праект быў апублікаваны, ёй патэлефанавалі з Ізраіля, сказалі: "Пра вас, Вера Іванаўна, ёсць гісторыя". Яна патэлефанавала мне і сказала: "Мне паказалі тваю пісаніну, Таня, мне спадабалася".

На думку Таццяны, гэта і ёсць самае галоўнае: не конкурс, а водгук герояў.

Гэта ўбор, які Вера надзене, калі памрэ

"Я хацела расказваць гісторыі пра жанчын"

Па адукацыі Таццяна — культуролаг, скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

"Тое, што аптымальны для мяне інструмент — гэта фатаграфія, я зразумела не адразу", — расказвае Таццяна.

Сяргей Гапон: рамантыка часам прысутнічае толькі на фотаздымку

Аднак пазней яна наведала курсы па фатаграфіі ў Беларускай асацыяцыі журналістаў, а затым і паступіла ў Акадэмію дакументальнай фатаграфіі і фотажурналістыкі "Фатаграфiка" (Санкт-Пецярбург), у дадзены момант працуе фрылансерам, робіць камерцыйныя здымкі, рэпартажы, у вольны час — займаецца сваімі праектамі.

"Я хачу расказваць гісторыі, з дапамогай візуальнага шэрагу складаць гісторыю пра чалавека. Цэнтральная тэма ў мяне — тэма жанчын", — расказвае Таццяна.

Зараз яна працуе над гісторыяй пра жанчын, якія рабілі аборт па розных прычынах.

"Ужо ёсць 4 гераіні. Я хачу зрабіць праект, які прымусіць задумацца — і мужчын, і жанчын — пра тое, што ў жанчыны павінен быць выбар", — мяркуе Таццяна.