Шведскі архітэктар: ідэальны рэстаўрацыйны праект зрабіць немагчыма

Спецыяліст Дзік Сандберг паразважаў у Мінску пра ідэальную рэстаўрацыю і тое, як эга архітэктараў уплывае на праекты.
Sputnik

МІНСК, 31 мая — Sputnik. Выбар паміж рэстаўрацыяй і кансервацыяй узораў гісторыка-культурнай спадчыны залежыць ад кантэксту, у якім інсуе будынак. Такое меркаванне карэспандэнту Sputnik выказаў архітэктар SAR/MSA, кіраўнік рэстаўрацыі найвялікшага ў Швецыі прыватнага замка ў Скаклёстэры (Skokloster Castle) Дзік Сандберг.

"Часам сапёр, часам хірург": чым жывуць беларускія рэстаўратары

Аўтар кнігі "Гуманная архітэктура" выступіў у Мінску з лекцыяй для беларускіх калег.

"Вельмі рэдка бывае, што будынак знаходзіцца проста ў лесе ці ў полі. Гэта заўсёды пэўны кантэкст. Напрыклад, мінскія будынкі, якія напачатку былі зробленыя з чырвонай цэглы, а потым іх пакрылі тынкоўкай, каб больш пасавалі агульнаму стылю. Спрэчнае пытанне: ці трэба зараз вяртацца да былога стылю толькі таму, што яны так выглядалі раней?" — разважаў спецыяліст.

Па яго меркаванні, многае ў працэсе рэстаўрацыі таксама залежыць і ад ідэалогіі.

"Напрыканцы XIX стагоддзя Швецыя страціла Нарвегію, а яшчэ на некалькі гадоў раней — Фінляндыю. Нам патрэбна было неяк напампаваць сваё эга. Таму калі шведы рэстаўравалі палацы сям'і Ваза, і яны былі недастаткова старымі, іх змянялі. У Мінску таксама шмат будынкаў сталінскіх часоў, але мы вымушаныя адносіцца да іх як да культурнай спадчыны, нават калі яны не падабаюцца", — дадаў Сандберг.

Разважаючы пра ўласны досвед, знакаміты архітэктар падкрэсліў, што заўсёды імкнецца захаваць адбіткі гісторыі на будынку, нават калі гэта вельмі складана.

Будынкі ў Шанхаі — дрэнная архітэктура для амбітных заказчыкаў

Сандберг упэўнены, што ідэальная сітуацыя як у архітэктуры, так і ў рэстаўрацыі — дасягненне экалагічнай, сацыяльнай і фінансавай устойлівасці.

Гісторык пра рэстаўрацыю Старога замка: гэта бязглуздзіца ў стылі Бачкова

"Зараз я з'яўляюся старэйшым кансультантам у маладой архітэктаркі Лэйлы Хадзіч з Босніі, якая вельмі добра ведае Хартыі па пытаннях захавання і рэстаўрацыі. Чым больш яна даведвалася падчас навучання, тым больш упадала ў фрустрацыю: нічога з таго, што яна бачыла ў рэальнасці, не супадала з гэтымі хартыямі. І гэта зразумела, бо кожны праект унікальны", — распавёў архітэктар.

У кожнага спецыяліста на гэты конт існуе сваё меркаванне, таму амаль што немагчыма стварыць ідэальны рэстаўрацыйны праект.

Ёсць выключэнні, якія толькі пацвярджаюць правілы. Напрыклад, сабор Санта-Марыя-дэль-Ф'ёра ў Фларэнцыі, дзе "гіганцкія амбіцыі кліента сустрэліся з такімі ж амбіцыямі архітэктара".

Прыкладам сутыкнення амбітных заказчыкаў з дрэннымі архітэктарамі Сандберг лічыць Шанхай, дзе кожны будынак быццам крычыць "паглядзі на мяне, я тут самы вялікі".

"Гэта сумна і смешна адначасова", — кажа спецыяліст.

Амбіцыі ці гісторыя?

Сандберг расказаў пра свайго настаўніка — аднаго з найбуйнейшых архітэктараў Скандынавіі, які ведаў усю тэорыю і аргументацыю і нягледзячы на гэта галоўным лічыў эстэтычны складнік — супадзене якасці і прыгажосці.

"У шведскіх архітэктараў у прынцыпе вельмі развіта эга, таму і ўзнікаюць многія недарэчнасці. Маладыя архітэктары параўноўваюць сябе са сталымі і пачынаюць лічыць, што менавіта так мы і мусім развівацца",  — распавёў Сандберг.

Ён жа ўпэўнены, што "трэба быць вельмі асцярожнымі, прыбіраючы нешта з гісторыі, нават калі гэта гісторыя не зусім камфортная для нас".

Ацаніць работы беларускіх рэстаўратараў Сандберг не змог, таму што бачыў вельмі мала.