Людзі адстаялі дубровы, якія хацелі аддаць пад могілкі ў Гродне

На сустрэчы з губернатарам жыхарам вёскі Путрышкі паабяцалі, што пакуль не стануць секчы дубровы і даведаюцца, колькі каштуе пашыраць гарадскія могілкі ў процілеглы ад вёскі бок.
Sputnik

ГРОДНА, 5 ліп — Sputnik, Іна Грышук. Жыхары вёскі Путрышкі і прадстаўнік грамадскага аб'яднання "Экаманіторынг" дайшлі да гродзенскага губернатара, каб спыніць высечку каштоўнай дубровы пад могілкі, якія рухаюцца ў бок вёскі. Ім паабяцалі, што горад даведаецца пра кошт іншых варыянтаў пашырэння галоўнага гарадскога некропаля.

Дуброва абараняе не толькі ад могілак, але і ад "Гродна Азот"

Адно з галоўных пытанняў, якія гучалі на сустрэчы гарадзенскага губернатара Уладзіміра Краўцова з жыхарамі Путрышак і старшынёй грамадскага аб'яднання "Экаманіторынг" — чаму пад гарадскія могілкі сталі высякаць дуброву, якая з'яўляецца апошнім зялёным шчытом паміж вёскай і буйным пахаваннем.

ЖКГ сячэ сотні тысяч долараў: навошта дарагую дуброву аддалі пад могілкі

Сустрэча прайшла ў гарадзенскім аблвыканкаме 4 ліпеня, размова была доўгай і не зусім простай. Як распавёў Sputnik старшыня грамадскага аб'яднання "Экаманіторынг" Яўген Філімонаў, на яе губернатар запрасіў прадстаўнікоў зацікаўленых службаў — мэра Гродна Мечыслава Гоя, старшыню гродзенскага райвыканкама, начальніка абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама землеўпарадкавальнай службы.

Аказалася, што справа не толькі ў могілках. Аддадзены пад высечку дубовы лес з'яўляецца адзінай санітарна-ахоўнай зонай, якая закрывае Путрышкі ад хімічнага гіганта "Гродна Азот". Чыноўнікі тлумачылі, што хацелі зэканоміць, таму пад пашырэнне могілак выбралі дуброву. Але варыянт апынуўся не самым простым.

"З юрыдычнага пункту гледжання, гэтыя лесапасадкі нельга было высякаць, вы гэта прачытаеце, калі адкрыеце любое пастанаўленне аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе", — растлумачыў пазіцыю Філімонаў.

Тэрыторыю "Гродна Азот", які знаходзіцца ў 1,5 кіламетрах ад Путрышак, у бліжэйшыя гады плануюць пашырыць больш чым на 50 гектараў за кошт будаўніцтва новай вытворчасці. Высечка лесу ў Путрышках выглядае нелагічнай, паколькі памяншае ахоўную зялёную зону ад хімічнага прадпрыемства, якое расце.

Колькі каштуе разгарнуць могілкі ў іншы бок

Аказалася, што магчымасць пашыраць могілкі не ў бок вёскі ёсць. У звароце да губернатара жыхары Путрышак настойліва прасілі разгарнуць некропаль у паўднёвым напрамку — у процілеглы ад вёскі бок.

Не падбірай: як экалагічныя акцыі шкодзяць птушкам

Жыхарам тлумачылі, што пакуль ёсць два варыянты, абодва звязаныя з адсяленнем людзей. Пры засваенні аднаго ўчастка спатрэбіцца адсяліць вёску на два дамы, пры засваенні іншага ўчастка — 22 сям'і.

"Сустрэча з губернатарам прынесла добры вынік. Зараз разглядаецца эканамічны складнік — куды танней пашыраць могілкі ў іншы ад вёскі бок", — растлумачыў Філімонаў.

На сустрэчы губернатар даручыў зрабіць паўторныя разлікі, вывучыць, якія варыянты танней. Ці былі першыя разлікі, калі прымалася рашэнне аб пераводзе зямель з дубровамі з лясных фондаў у прамысловае прызначэнне, жыхарам не казалі. Ва ўсякім разе, такія разлікі на сустрэчы назваць ніхто не змог.

Таксама на сустрэчы атрымалася вырашыць праблему сцёкавых вод, якія з могілак ішлі ў бок размешчаных ніжэй дубровы і вёскі. На сустрэчы даручылі змяніць сістэму водаадвода.

Гораду патрэбен крэматорый

Гродзенскія могілкі "Аульс" цяпер займаюць больш за 50 гектараў, свабодныя тэрыторыі ўжо скончыліся. У бліжэйшы час пахаванні з'явяцца на месцы высечанага лесу — гэта ўчастак плошчай прыкладна 7 гектараў. Гэтай тэрыторыі хопіць на паўтара — два гады.

Як прапанаваў Філімонаў, гораду ўжо цяпер пара задумацца не толькі пра тое, куды далей будзе расці "Аульс", але і пра тое, як эканомней выкарыстаць землі для гарадскіх пахаванняў. Такім рашэннем можа стаць будаўніцтва крэматорыя і калумбарыя — сховішча для скрыняў з прахам пасля крэмацыі.

Па яго даследаваннях, такому спосабу пахавання можа аддаць перавагу прыкладна пятая частка гараджан. Бакі дамовіліся аб тым, што па пытанні будаўніцтва крэматорыя ў горадзе пройдуць грамадскія абмеркаванні.

А што з дубровамі?

Пасля сустрэчы жыхароў Путрышак па-ранейшаму турбуе лёс дубровы. Аддадзеныя пад высечку амаль 24 гектары лесу свой юрыдычны статус не змянілі. Зараз яны па-ранейшаму застаюцца тэрыторыяй горада, а землі пад дубровамі належаць не да катэгорыі лясных фондаў, а да катэгорыі зямель прамысловага і іншага прызначэння. Гэта значыць, што высечка дрэў можа пачацца без грамадскіх абмеркаванняў.

Жыхары Путрышак разумеюць, што зараз не ідзе гаворка аб вяртанні дуброве ранейшага статусу лесапаркавай зялёнай зоны, якая лічыцца санітарна-ахоўнай зонай ад хімічнага гіганта.

"Не павінна быць так, што "Гродна Азот" расце, а санітарна-ахоўная зона памяншаецца. Але на сустрэчы нам не раз казалі, што рашэнне аб пераводзе зямель прымалася на вышэйшым узроўні, што гэта ўсё законна. Цяпер яны высечку скончылі, але забароны секчы няма, і ў любы момант яе могуць аднавіць", — кажа жыхарка Путрышак Святлана Бозыр.

Паводле яе слоў, у час сустрэчы яны зразумелі, што іх пачулі, і вераць, што гісторыя скончыцца на карысць захавання дуброў. Зараз жыхары Путрышак чакаюць афіцыйныя пісьмовыя адказы ад аблвыканкама. Sputnik працягне сачыць за развіццём падзей.