БелАЭС

Лугоўская: БелАЭС павінна вытрымаць землятрус у 7 балаў

З часоў катастрофы на ЧАЭС былі значна перагледжаны патрабаванні да бяспекі атамных станцый.
Sputnik

МІНСК, 10 ліп — Sputnik. З 1986 года, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, сістэма патрабаванняў МАГАТЭ атрымала значнае развіццё, сказала начальнік Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Вольга Лугоўская.

Чарнобыльскі сцэнар выключаны

"Усе патрабаванні да бяспекі, якія закладваюцца сусветнай супольнасцю, — гэта вынік разумення таго, як трэба будаваць бяспечна атамныя станцыі. Пасля 1986 года прайшло больш за 30 гадоў, і ўзмацненне патрабаванняў да бяспекі ішло па ўсіх напрамках", — адзначыла кіраўнік Дэпартамента.

Першыя турысты наведалі БелАЭС

Паводле яе слоў, пасля чарнобыльскай катастрофы ішоў эвалюцыйны працэс узмацнення патрабаванняў бяспекі, каб забяспечыць немагчымасць паўтарэння такога сцэнару.

"Максімальны разліковы землятрус для нашай станцыі — гэта 7 балаў. На Беларускай АЭС ацэньваецца ўзровень пікавых паказчыкаў паскарэння — 0,10 G. Наш праект пабудаваны на ацэнцы гэтага параметру ў 0,13 G, гэта значыць 30% бяспекі", — распавяла Вольга Лугоўская.

Цунамі выключана

Кіраўнік Дэпартамента нагадала пра тое, што ідзе шмат размоў пра землятрус на Ашмянскім разломе, які адбыўся ў 1908 годзе. Максімальная яго магнітуда ацэньваецца ў 4,5. Пры гэтым магнітуда не з'яўляецца бальнасцю ў ацэнцы — гэта вылучэнне энергіі.

Вольга Лугоўская асобна падкрэсліла, што магутнасць землятрусу 7 балаў — гэта ўзровень, які закладзены ў праекце БелАЭС.

Пры гэтым атамная станцыя ў Астраўцы можа вытрымаць і паводку. Вольга Лугоўская звярнула ўвагу, што станцыя размешчана так, што ёсць запас пад'ёму вады на 50 метраў.

"Ні пра якія цунамі ў такім разе не можа быць і гаворкі", — сказала кіраўнік Дзяржатамнагляду.