Колькі каштуе год навучання ў вядучых беларускіх ВНУ?

На некаторыя спецыяльнасці, у прыватнасці, "Бізнес-адміністраванне" з выкладаннем на англійскай мове, кошт года навучання дасягае чатырох тысяч рублёў.
Sputnik

Уступная кампанія працягваецца ў Беларусі: цяпер актыўна ідзе падача дакументаў у ВНУ. Шмат хто з абітурыентаў адразу выбірае для сябе навучанне на платных аддзяленнях. Колькі каштуе год навучання на дзённай форме ў вядучых універсітэтах краіны — у аглядзе Sputnik.

Беларускія ВНУ пачалі прыём дакументаў

БДУ: ад тысячы рублёў да двух тысяч долараў

Кошт навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце залежыць ад факультэта і спецыяльнасці. Самы высокі цэннік — на "Бізнес-адміністраванне" (Інстытут бізнесу), дзе ўвесь навучальны працэс праходзіць на англійскай мове. Тут першакурснікам прыйдзецца заплаціць 4140 рублёў за год.

Таксама сярод найбольш дарагіх спецыяльнасцяў — "Міжнароднае права" на факультэце міжнародных адносін, а таксама "Правазнаўства" і "Эканамічнае права" на юрыдычным — 2851 рубель. Больш за 2,8 тысячы таксама каштуюць "Усходняя філалогія", "Міжнародныя адносіны", "Лінгвакраіназнаўства", "Камунікатыўны дызайн", "Лагістыка" і "Бізнес-адміністраванне", а таксама "Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі".

Танней за ўсё — вучоба на спецыяльнасці "Тэалогія" ў Інстытуце тэалогіі імя Кірыла і Мяфодзія. Год каштуе тысячу рублёў. Усе астатнія спецыяльнасці каштуюць больш за дзве тысячы рублёў. Таксама ў рэйтынгу самых танных — руская і беларуская філалогія (2039 рублёў) і сацыяльная работа (у залежнасці ад кірунку — 2000 ці 2039 рублёў).

Колькі каштуе навучанне на першым курсе ў БДУ, можна паглядзець на сайце ВНУ.

БДУІР: ад 1,9 да трох тысяч рублёў

У галоўным IT-ВНУ краіны таксама кошт навучання адрозніваецца ў залежнасці ад курсу. Даражэй за ўсё навучанне ў першыя два гады.

Так, на факультэце камп'ютарных сетак і сістэм (ФКСІС) год каштуе 3020 рублёў. На факультэтах інфармацыйных тэхналогій і кіравання (ФІТК) і інжынерна-эканамічным (ФІЭ) за год давядзецца заплаціць 2780 рублёў.

Дзе сачыць за ходам падачы дакументаў у ВНУ?

Год навучання на факультэтах камп'ютарнага праектавання (ФКП), інфакамунікацый (ФІК), радыётэхнікі і электронікі (ФРЭ) абыдзецца ў 2480 рублёў. На ФРЭ за спецыяльнасць "Прафесійнае навучанне" трэба будзе заплаціць толькі 1870 рублёў.

Кошт навучання зацвержаны ў адпаведнасці з рашэннем рэктара.

БДМУ: ад 2,2 да 2,8 тысячы

У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце цэны зацверджаны на мінулы навучальны год, аднак, мяркуючы па практыцы мінулых гадоў, яны пакуль захаваюцца.

Даражэй за ўсё каштуе навучанне на стаматалагічным факультэце — 2827 рублёў. За "Лячэбную справу" і "Педыятрыю", а таксама "Фармацыю" заплаціць прыйдзецца 2420 рублёў, а "Медыка-прафілактычную справу" — 2218 рублёў.

Кошт навучання глядзіце на сайце ВНУ.

БНТУ — невялікі роскід

Большасць спецыяльнасцяў у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце каштуюць парадку 2,6 тысячы рублёў у год. Самыя дарагія — "Архітэктурны дызайн" і "Архітэктура" на АФ — каштуюць 2797 рублёў у год. Самыя танныя спецыяльнасці — на Спартыўна-тэхнічным факультэце, за год навучання там прыйдзецца заплаціць толькі 2429 рублёў.

Аналагічны кошт — на "Эканоміка і арганізацыя вытворчасці (па напрамках)", а таксама шэрагу іншых спецыяльнасцяў.

Іншыя ВНУ

У БДЭУ першакурснікі на ўсіх спецыяльнасцях павінны заплаціць 2463,6 рубля за год, у БДТУ — 2253,8 рубля.

Год навучання ў Акадэміі кіравання абыйдзецца ў 2,9 тысячы рублёў. У МДЛУ — 2210 рублёў за першы курс, таксама незалежна ад абранай спецыяльнасці. У МІПСА першы курс абыйдзецца ў суму ад 2695 да 3038 рублёў, у залежнасці ад факультэта.