МІНСК, 27 жні — Sputnik. Міністэрства культуры Беларусі аб'явіла вынікі конкурсу эскізных праектаў памятнага знака ва ўрочышчы Курапаты, адпаведная аб'ява была апублікавана ў панядзелак 27 жніўня на сайце ведамства.
Конкурс на лепшы праект мемарыяла ва ўрочышчы быў абвешчаны ў 2017 годзе. Усяго члены камісіі адабралі чатыры праекты з 32 работ.
Як стала вядома ў панядзелак, Мінкульт падвёў вынікі конкурсу эскізных праектаў. Пераможцамі сталі скульптары Вольга Нячай і Сяргей Аганаў, а таксама архітэктары Марыя Маркаўцава і Вольга Ярмоліна.
Мяркуецца, што мемарыял будзе выглядаць як чатыры паржавелыя металічныя слупы. На канструкцыі будуць подпісы пра ахвяраў рэпрэсій 1930-1940 гадоў.
Калі будзе ўсталяваны мемарыял і ці хапае на яго ўзвядзенне сродкаў, сабраных з дапамогай краудфандынга, пакуль не вядома. Таксама яшчэ не апублікаваны Мінкультам і сам эскіз памятнага знака.