Абярэгі нашых продкаў: як пужалі нячысцікаў агнём і жалезам

Як нашы продкі абараняліся ад злых духаў, бачных і нябачных шкоднікаў і паганага вока, што трэба было апрануць, узяць з сабой і сказаць перад дарогай і чаму песня адпуджвае нячысцікаў, а свіст, наадварот, вабіць?
Sputnik
У традыцыйнай свядомасці чалавек вельмі шчыльна, арганічна і надзейна ўключаны ў весь навакольны свет. Расліны, жывёлы, камяні, астральныя прадметы, насельнікі — як суседзі, так і духі, святыя, Бог і цэлы пантэон дэманаў — знаходзяцца ў пастаянных і непарыўных адносінах. Натуральна, чалавек, або ў гэтай жа ступені расліна або жывёла, можа трапляць пад шкодны ўплыў з боку іншых насельнікаў і праяў як бачнага, так і нябачнага свету. Каб абараніцца ад зла, яшчэ здавён, у дахрысціянскія часы, былі выпрацаваны самыя розныя абярэгі, або, як кажуць навукоўцы, апатрапеі (ад грэч. "які адводзіць порчу").
Абярэгі і цацка для малечы
Абярэгі могуць мець самую розную прыроду. Яны могуць быць прадметнымі, акцыянальнымі, — то бок дзеяннем, — вербальнымі, праз слова, або камбінавацца адзін з адным. Пра народныя спосабы ўратаваць сябе і блізкіх ад шкоды карэспандэнт Sputnik Анастасія Ваўчок пагаварыла з загадчыкам аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Таццянай Валодзінай.

Іголку ў шоў, серп – на парог

Прадметныя абярэгі могуць быць вельмі разнастайнымі, але адны з першасных – тыя, якія ва ўяўленні чалавека моцна звязаныя з рэальнай пагрозай.
"Для папярэджання небяспекі, адгону яе, чалавек скарыстоўваў і скарыстоўвае да гэтага часу самыя розныя магчымасці, пачаўшы ад самай відавочнай – агрэсіі. То бок для абярэгаў выбіраюцца вострыя рэчы, якімі на самой справе можна нібыта ўкалоць, параніць, нанесці чыста фізічную шкоду", — распавядае Таццяна Валодзіна.
Для абярэгаў жанчыны часцей за ўсё выкарыстоўвалі розныя швейныя прылады — іголкі, шпількі і булаўкі.
"Уласна шпілька, якая зашпільваецца, — гэта вынаходніцтва позняе, раней была маленькая іголачка, якая тыкалася дзесьці ў шоў вастрыём уніз, каб выпадкова не нанесці сябе шкоду", — тлумачыць навуковец.
Мужчыны, каб абараніць дом і хатнюю жывёлу ад шкоднікаў, бралі нож, касу, сякеру або серп — гэтыя вострыя прылады ў адказныя моманты клалі, напрыклад, на парог. Тут трэба заўважыць, што да іх вастрыні дадаецца грунтоўная моц метала – жалеза. Да таго ж, у традыцыі лічылася: тое, што мае дачыненне да культуры, аўтаматычна набывае абарончы сэнс.
"Хоць патэнцыйная небяспека ад шкоднікаў, з аднаго боку, існуе пастаянна, але ў структуры года і ў структуры сутак ёсць асабліва небяспечныя моманты, калі ўсё гэта сонмішча шкоднікаў як бы, умоўна кажучы, выходзіць на паляванне", — расказвае Таццяна Валодзіна.
Да вастрыні дпрылад адаецца грунтоўная моц метала – жалеза
У структуры года гэта святы, асабліва так званыя пераломныя, звязаныя з рухам сонца – Каляды, Веснавое роўнадзенства – цэлы шэраг святаў, пачаўшы ад Саракоў, потым Благавешчанне, Вялікдзень, затым – Купалле, а ўвосень Багач, Узвіжанне. На працягу сутак асабліва небяспечнымі лічыліся поўнач і поўдзень. Па словах этнографа, поўдзень у такой жа ступені небяспечны, як і поўнач, хоць зараз мы ўжо пра гэта не дбаем. Прычым маецца на ўвазе не 12 гадзін, а момант, калі сонейка стаіць у самым версе.

Хлеб-падарожнік і лён-пакутнік

Да абярэгаў таксама адносіцца, як гэта нам не дзіўна, хлеб. Хлеб — гэта наогул вельмі шматзначны, багаты сваімі адценнямі сімвал у традыцыйнай культуры беларусаў. Ён фактычна лічыўся двайніком чалавека, таму што буханка хлеба, якая выпякаецца ў печы, праходзіць той жа жыццёвы цыкл, што і чалавек.
Хлеб - вельмі шматзначны, багаты сваімі адценнямі сімвал
"Таму калі раней ішлі ў дарогу, гэта яшчэ нават маё дзяцінства, хлеб з сабой трэба было ўзяць абавязкова. Гэта настолькі важна — прычым з самымі рознымі сэнсамі. І каб нічога благога не здарылася, каб усё было добра, каб ты не быў галодны, пры чым гэта не той хлеб, які трэба было абавязкова, выйшаўшы за вароты, з'есці, але які мусіць быць з сабой дзесьці ў тваёй сумцы або ў кішэні", — тлумачыць Таццяна Валодзіна.
Да хлеба дадаецца соль, якая таксама з'яўляецца моцным абярэгам. Гэта яе функцыя засновываецца на рэальных уласцівасцях солі, якая, акрамя ўсяго іншага, – магутны кансервант.
"Яе ўласцівась ахоўваць мяса ці штосьці ад гніення ўспрымалася як магчымасць адпуджваць усё дрэннае. Не толькі не дапускаць працэса гніення, але і чагосці злога. Таму вось хлеб-соль у такой сваёй звязцы – гэта не толькі знак гасціннасці, але і ў вельмі моцнай ступені апатрапей", — распавядае навуковец.
Таксама вельмі моцным абярэгам лічыцца лён. 
"На льняным полі ніколі няма нячысцікаў. Есць такое старое вераванне, што ты, калі ўцякаеш ад чорта, груба кажучы, ускочыў на льняное поле, ён за табой не пойдзе", — расказвае Таццяна Валодзіна.
Фота
Амаль лаванда. У Беларусі квітнее лён
Лён, як і хлеб, праходзіць вялікі шлях. У паўднёвых славян нават ёсць песня пра пакуты льну.
"Лён перад тым, як стаць адзеннем, праходзіць страшны шлях. Яго рвуць, мочуць, мнуць, труць, чэшуць і што толькі з ім не робяць, каб атрымалася гэтая нітка", — тлумачыць этнограф.
Акрамя таго, менавіта са льна сукалі нітку ў свечкі.

Агонь і ваўка адпудзіць, і чорта адвадзіць

Ячшэ адным моцным абярэгам, які знаходзіцца на мяжы прыроды і культуры, з'яўляецца агонь. У чалавека атрымалася "прыручыць" полымя, таму яно стала ўстпрымацца больш як культурная з'ява. Розныя вогнішчы, якія палілі на святы, свечкі, агонь у пячы і нават золата, якое асацыюецца з агнём і сонечным светам – усё гэта ўспрымалася як абярэгі.
Агонь - адзін з самых старажытных абярэгаў
"Гэта ўсё вельмі вытлумачальна, таму што на самой справе можна агнём адпудзіць як ваўка, так і дэмана, уся гэта цёмная сіла агню баіцца, таму калі гарыць святло, свечка, вогнішча або золата, і нават сонца — гэта таксама знак, які аберагае засвоеную чалавекам прастору і, з аднаго боку, не пускае нячысцікаў, з іншага — актыўна іх адпуджвае", — распавядае Таццяна Валодзіна.

Колер агню і крыві

Сімволіка колераў таксама была вельмі важная для нашых продкаў.
"Чырвоны колер, які, як і кроў, моцны апатрапей – дарэчы, асабліва менструальная кроў. Гэтай анучай з крывёй таксама адпуджвалі нечысць. Адтуль і чырвоная нітачка, якую мы зараз часта носім, хоць царква, дарэчы, гэта вельмі асуджае", — расказвае Таццяна Валодзіна.
"Вышыванка" ці традыцыя: этнографы асуджаюць бязглуздую папулярызацыю
Але нядаўна навуковец пабывала ў Сербіі, дзе заўважыла, што ў праваслаўных храмах прадаецца чырвоны бранзалецік, вязаны вузельчыкамі, з крыжыкам пасярэдзіне.
Чырвоны колер, як сімвал агню і крыві, таксама заўсёды выкарыстоўваўся ў вышыўцы на адзенні. Узор вышываўся на тых месцах, дзе тканіну рэзалі, а таксама па краі спадніцы, на рукавах – усюды, дзе цела чалавека адкрывалася і было меньш абаронена.
У наступных частках матэрыяла мы раскажам, чаму крапіву затыкалі ў шчыліны ў хаце, навошта хлеў абмазвалі экскрэментамі і каго ўмуроўвалі ў сцены падчас будаўніцтва.